Наша адукацыя: у якім яна стане?

Вадзім Жылко, «Информ-прогулка»

Мяркуем, што кожны наш чытач так ці інакш сутыкаўся ці сутыкаецца з сістэмай адукацыі. Хтосьці сам працуе педагогам, у кагосьці - сваякі або знаёмыя, у некага вучацца ў школе або ВНУ дзеці ці ўнукі.

А паколькі наша газета плённа супрацоўнічае з грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай школы”, вырашылі правесці сумесны круглы стол на тэму “Стан сучаснай адукацыі” і пазнаёміць чытачоў з выказанымі на ім думкамі. Да ўдзелу запрасілі як прадстаўнікоў ТБШ (намеснік старшыні Тамара Мацкевіч і кіраўнік сайта nastaunik.info Вольга Мазурава), так і вядомых на Лунінеччыне педагогаў і творчых людзей (Сцяпан Нефідовіч, Святлана Профіт, Аляксандр Хаўдзееў).

Тамара Мацкевіч - фізік па адукацыі, працавала ў Акадэміі навук, потым была выкладчыкам. Адказвае за метадычны накірунак працы, які можна вызначыць словамі “Настаўнік, школа, грамадства”. Мэта - дапамагчы існаванню ў Беларусі сучаснай, канкурэнтаздольнай, нацыянальнай па змесце і форме школы, а таксама знаёміць нашых педагогаў з сусветнымі і еўрапейскімі тэндэнцыямі ў сферы адукацыі. Напрыклад, досыць паспяхова рэалізуецца праграма “Актыўная ацэнка”, створаны аднайменны сайт. Існуюць дыстанцыйныя курсы ТБШ. Цікава, што многія з тых, хто актыўна супрацоўнічае з гэтай грамадскай арганізацыяй, добра праявілі сябе ў штогадовым конкурсе “Настаўнік года”, сталі прызёрамі на абласных этапах. Яшчэ ТБШ дапамагае педагогам абараняць іх правы - праз інфармацыйную і юрыдычную падтрымку, розгалас у СМІ. Вядома ж, тут шмат што залежыць ад таго, наколькі самі педагогі гатовы адстойваць свае прафесійныя і грамадзянскія правы.

Вольга Мазурава распавяла аб дзейнасці сайта nastaunik. info. Тут друкуюцца шматлікія метадычныя матэрыялы і распрацоўкі саміх настаўнікаў, пераклады з іншых моваў, палемічныя і аналітычныя артыкулы, вядзецца штодзённы маніторынг навін адукацыі па больш чым сотні інфармацыйных рэсурсаў, друкуюцца абвесткі пра конкурсы і праграмы. У працы сайта актыўна ўдзельнічаюць чытачы, сярод якіх - прадстаўнікі педагагічнай эліты краіны. Рыхтуюцца таксама разнастайныя медыя-дапаможнікі, у тым ліку зборнікі сцэнарыяў, песень, тэматычных фільмаў і г.д. У большай ці меншай ступені вядзецца супрацоўніцтва з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, Міністэрствам адукацыі, “Настаўніцкай газетай”.

Першай тэмай для абмеркавання ўдзельнікі круглага стала абралі якасць сучаснай адукацыі.

Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч, хаця 12-ты год на пенсіі (за плячыма 34 гады педстажу), але сувязі са школай не парывае, бо сярод яго дзяцей трое педагогаў, а сем унукаў вучацца ў школах ці ВНУ. На ягоны погляд, якасць адукацыі знізілася. На першы план ставіцца паператворчасць. Правяраюць звычайна не якасць урокаў, а колькасць і афармленне папяровых матэрыялаў. Пагоршыліся і школьныя праграмы. Напрыклад, па літаратуры раней на некаторыя творы адводзілася па 5-7 гадзін, вучні знаёміліся з біяграфіяй пісьменніка, з сюжэтам твора, аналізавалі яго, рыхтаваліся да выніковага сачынення, і яно было аўтарскім, на 5-10 старонках, а не тыя “блізняты з Інтэрнэта” на паўтары старонкі, як зараз. Па мове таксама кожны параграф вывучаўся дэталёва і замацоўваўся. Па вусных прадметах школьнікі вучыліся выказваць свае думкі, звязна перадаваць тэкст. Цяпер жа замест вуснага апытання вельмі распаўсюджаныя тэсты, часта павярхоўныя. Частка падручнікаў  перанасычана складанай тэрміналогіяй, залішнімі дробнымі фактамі і дэталямі, якія большасць вучняў не можа запомніць і асэнсаваць. А потым здзіўляемся, чаму трэба наймаць рэпетытараў для паступлення ў ВНУ. Што праўда, і значная частка вучняў не мае вялікай прагі да вучобы, бо бачыць, што добрая адукацыя ніяк не гарантуе высокі заробак і годны ўзровень жыцця. Яшчэ адна адмоўная тэндэнцыя - знікненне са школьных праграм спеваў, малявання, іншых творчых дысцыплін, якія дапамагалі выхоўваць моладзь больш усебакова і гарманічна. Ніякія камп’ютарныя гульні таго не заменяць.

Святлана Мікалаеўна Профіт выкладае матэматыку ў СШ №3 г.Лунінца, за яе плячыма 34 гады педстажу, а настаўніцай стаць марыла з чацвёртага класа. Зведала розныя “эпохі” - і цяжэйшыя, і лягчэйшыя, але лічыць, што вельмі вялікую ролю ў школе адыгрывае асоба педагога. Калі той любіць вучняў, калі існуе ўзаемная павага, то многія праблемы знікаюць. Што тычыцца праграм, то сапраўды, колькасць гадзін па шэрагу прадметаў зніжаецца, а лішнія тэмы, непатрэбныя ў школе, пры гэтым застаюцца. Настаўнік не паспявае замацоўваць пройдзены матэрыял, на тэму выпадае не больш за два ўрокі. Дзецям цяжка засвойваць многія тэмы, нават па інфарматыцы, хаця, здавалася б, усе яны пастаянна гуляюць на камп’ютары. Можна было б значна скараціць некаторыя факультатыўныя курсы. А вось такі добры прадмет, як рытміка, знік са школы. У свой час адмоўна адбіўся на школе і пераход на 10-бальную сістэму, запатрабавалася шмат часу, каб адаптавацца да яе. Што тычыцца цэнтралізаванага тэсціравання, то яно, на думку педагога, залішне складанае, а гэта, між іншым, паніжае і самаацэнку вучня, абітурыента. Нярэдка ЦТ увогуле выглядае нейкай латарэяй. Увогуле, лепш было, калі ў школе існавалі профільныя класы з паглыбленым вывучэннем тых ці іншых навук. Дарэчы, як сведчыць сусветны вопыт, за мяжой мала абавязковых прадметаў, большасць жа - па выбары вучняў. Канешне, пры такой сістэме адміністрацыі школ складаней рыхтаваць расклад заняткаў, размяркоўваць кабінеты, патрабуецца больш сродкаў, але агульная карысць відавочная.

Аляксандр Пятровіч Хаў-дзееў выкладае геаграфію ў СШ №2 г.Лунінца, шмат гадоў працаваў у вясковай школе. У яго 32 гады педстажу. Ён лічыць, што школа і вучні мяняюцца разам са зменамі ў краіне і свеце і да гэтага трэба неяк прыстасоўвацца. На жаль, падае інтэлект вучняў, яны ўсё меней чытаюць. Няма паўнавартаснага нагляду за дзецьмі з боку бацькоў, а лепшыя настаўнікі часта сыходзяць са школы. Не хапае часу на падрыхтоўку да ўроку і на непасрэдны кантакт педагога з вучнем, затое расце колькасць паперак і розных “грамадскіх нагрузак”. Пагоршыліся і многія праграмы. Профільныя класы - добрая рэч, але нярэдка вядуць да перагрузкі вучняў. У той жа час у многіх краінах пераважае індывідуальная праца вучняў, праграмы больш “гнуткія”. У нас жа частка вучняў займаецца прадметамі, якія потым ім ніколі не спатрэбяцца. З іншага боку, пры паступленні ў ВНУ бываюць крыўды на настаўнікаў з боку абітурыентаў: маўляў, не далі тыя ці іншыя веды…

На думку Тамары Мацкевіч, настаўнік можа быць вінаваты не ў тым, што нечаму не навучыў, а ў тым, што не пераклаў на самога вучня адказнасць: вучыцца ці не. Інакш кажучы, настаўнік не павінен “упіхваць” нейкія веды, тым болей ў нашу інфармацыйную эпоху. Галоўнае - навучыць школьніка вучыцца, самому здабываць патрэбныя веды і ўмець скарыстоўваць іх на практыцы. Гэта так званы кампетэнтасны падыход, які ўсё больш прэвалюе ў свеце. Настаўнік у такім выпадку каардынуе працу вучняў. Ён павінен так арганізаваць вучэбны працэс, каб у яго былі ўключаны і вучні, і іх бацькі. А не каб бацькі абвінялі педагога, што той “не навучыў”. Даследаванні якасці адукацыі, якія праводзяцца ў больш чым 60 краінах, засведчылі: добрая адукацыя там, дзе зрабілі стаўку на перакваліфікацыю настаўніка, павышэнне ягонага ўзроўню, дзе педагогам дадзена прафесійная свабода, у тым ліку ў выбары праграм і падручнікаў, і дзе стымулюецца настаўніцкая праца. Напрыклад, добры рывок наперад зрабілі Польшча, Эстонія. А Фінляндыя, лепшая сярод краін Еўропы, увогуле не мае цяпер кантралюючых структур, якія б “правяралі” школу.

Яшчэ адной тэмай для абмеркавання стала праблема аўтарытэту настаўніка ў грамадстве. Удзельнікі сышліся на тым, што праца педагога найперш павінна годна аплочвацца, гэта паспрыяла б прыходу ў школу таленавітых прафесіяналаў, павялічыла б колькасць мужчын і моладзі сярод педагогаў і г.д. Цяпер жа многія настаўнікі вымушаны недзе падпрацоўваць, мець вялікую  гаспадарку... Вялікую ролю мае падтрымка настаўнікаў з боку бацькоў, грамадства, педагог павінен мець магчымасці для самарэалізацыі. Вельмі важная матываванасць настаўніка - як унутраная, так і знешняя, у тым ліку праз заахвочванне яго з боку адміністрацыі. На жаль, у такой публічнай прафесіі, як педагог, існуе праблема “эмацыйнага выпальвання”, празмернай стомленасці. Дарэчы, цікавы вопыт існуе ў Польшчы, дзе педагог за кожныя 10 гадоў працы мае права ўзяць дадатковы аплочваемы водпуск на цэлы год: адпачываць ці часова змяніць працу.

Абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала і тое, ці можна назваць беларускую школу сапраўды нацыянальнай, ці выхоўвае яна ў вучня пачуццё патрыятызму. Трэба сказаць, што гэтая тэма найбольш дыскусійная, бо шмат хто па-свойму трактуе паняцці патрыятызму і любові да радзімы. Часам у іх укладваецца павярхоўны ці нават фальшывы змест. Але ўсе педагогі пагадзіліся, што патрыятычнае выхаванне абавязкова павінна быць, і адзін з падмуркаў яго - любоў да сваёй малой радзімы, вывучэнне яе гісторыі і культуры праз курсы краязнаўства ці радзімазнаўства, выхаванне павагі і любові да роднай мовы.