Якая адукацыя нам патрэбна (даклад ТБШ)

  1. Роля школы ў фармаванні нацыі і дзяржавы

Калі гаворка ідзе пра мадэрнізацыю адукацыйнай сферы, часта больш увагі надаецца якасці ведаў, што дае школа. Але найчасцей мы забываем, што адукацыя яшчэ мае соцыякультурную місію. Адукацыя – гэта не сфера паслугаў, а наймагутнейшы сродак пабудовы грамадзянскай супольнасці, захавання і перадачы нацыянальна-культурных каштоўнасцяў, забеспячэння ўстойлівасці развіцця краіны, яе дабрабыту, а ў выпадку Беларусі – захавання яе незалежнасці. І калі адукацыя не выконвае гэтай місіі, то развіваць яе губляе сэнс. Бясплатная падрыхтоўка якасных кадраў для больш багатых краін не можа быць мэтай адукацыйнай рэформы.

Каб зразумець, як нам трэба мадэрнізаваць адукацыю, найперш трэба адказаць на больш глабальнае пытанне. Для чаго мы яе будзем мадэрнізаваць? Для якіх мэтаў?

Таварыства беларускай школы бачыць такую мэту ў стварэнні канкурэнтаздольнай сістэмы адукацыі, якая б забяспечвала перспектыву беларускай нацыі і дзяржавы, магла садзейнічаць пераадоленню сацыяльна-эканамічных і палітычных праблем, духоўнага крызісу ў Беларусі і спрыяць пабудове грамадзянскай супольнасці.

  1. Рэфармаванне беларускай сістэмы адукацыі

Як вядома, Беларусь атрымала ў спадчыну савецкую сістэму адукацыі, якая была скіравана на абслугоўванне ваенна-прамысловага комплексу: у ахвяру была пакладзена гуманітарная адукацыя, на патрэбу ВПК развівалася матэматыка і некаторыя прыродазнаўчыя навукі.

У 90-я гады Беларусь разам з усім посткамуністычным светам пачала будаваць сваю сістэму адукацыі з улікам традыцый і нацыянальных інтарэсаў неамбітнай еўрапейскай краіны. Менавіта тады была створана канцэпцыя нацыянальнай школы, у 1993 годзе літаральна за паўгода былі не толькі напісаны, але і ўведзены ў сістэму адукацыі новыя падручнікі. Адбылася дыферэнцыяцыя адукацыі паводле профіляў. Узніклі пілотныя праекты, дзе на практыцы выпрабоўваліся новыя падыходы, прадметы, праграмы.

Але ўжо праз два гады – у 1995 г. адбыўся паварот дзяржаўнай улады да рэанімацыі (а, па сутнасці, імітацыі) савецкай мадэлі грамадства, і адукацыя пачала вельмі хутка дэградаваць.

Усе праведзеныя пасля 1995 года рэформы ішлі насуперак агульнаеўрапейскім тэндэнцыям і адкідалі нашу школу ў далёкае мінулае.

Можна пералічыць, што адбылося:

  • Мэтанакіраванае знішчэнне навучання на беларускай мове.
  • Забарона сучасных падручнікаў (гісторыі, грамадазнаўства). Перавод выкладання гісторыі Беларусі на рускую мову.
  • Рэзкае змяншэнне гадзін на вывучэнне замежных моваў і навук, якія развіваюць логіку, крытычнае мысленне.
  • Знішчэнне профільнага навучання ў апошніх класах (зараз пачынаюць вяртаць). Праграмныя патрабаванні разлічаны на вучня са здольнасцямі ніжэй за сярэднія.
  • Ідэалагізацыя адукацыі (піянеры, БРСМ), падручнікі напісаны з наўмыснымі памылкамі пад патрэбу ідэалогіі.
  • Перавод з 12 на 11-годку.
  • Несучаснасць зместу адукацыі і метадычнай базы. Кампетэнтнасны падыход, прыняты ва ўсіх краінах Еўропы, у нас толькі дэкларуецца.
  • Пазбаўленне школы ад настаўнікаў-асобаў. Уведзена кантрактная сістэма і бюракратызацыя школы як спосаб трымаць настаўніцтва ў пастаянным страху.

Гэты спіс можна доўжыць.

Выглядае, нібыта ў нашай краіне ідзе не развіццё, а інтэлектуальная і фізічная зачыстка Беларусі ад беларусаў.

  1. Моўна-культурны кампанент адукацыі.

Варта асобна спыніцца на моўна-культурным кампаненце ў адукацыі. Фармальна Рэспубліка Беларусь мае дзве раўнапраўныя дзяржаўныя мовы, і ў Еўропе ёсць нешматлікія прыклады дзяржаваў ці тэрыторыяў з дзяржаўным ці рэгіянальным двумоўем. Дарэчы, там прыняты моўныя стратэгіі, якіх павінны прытрымлівацца рэктары ўніверсітэтаў.

У час, калі ўсе астатнія 14 рэспублік былога СССР адраджаюць адукацыю на нацыянальных мовах, беларуская мова ў Беларусі вынішчаецца як з установаў адукацыі, так і з ужытку. У выніку сёння нідзе, акрамя Беларусі, руская мова не з’яўляецца дзяржаўнай, бо гэта ўжо гэта не мова навукі, не мова культуры, не мова міжнацыянальных зносінаў.

Варта прыглядзецца, як адраджалі сваю адукацыю найбольш паспяховыя краіны. Эстонія, прыкладам, атрымала больш паловы рускамоўнага насельніцтва, але разумеючы місію адукацыі, мэтанакіравана падтрымлівае эстонскую мову. Паводле закона кожная рускамоўная школа павінна штогод перавесці 1 прадмет выкладання на эстонскую мову. З 2012 года ўся вышэйшая адукацыя на эстонскай мове – бясплатная. Цяпер Эстонія трымае 3-яе месца ў Еўропе – яна абагнала Фінляндыю (у матэматыцы), Германію, Вялікабрытанію. Яшчэ адзін прыклад - Грузія (можа не такі паспяховы, але варты ўвагі). Яна пачала з ліберальных рэформ у адукацыі, у тым ліку пачала ствараць англамоўныя ўніверсітэты, накіроўваць за дзяржаўныя сродкі лепшых студэнтаў на вучобу за мяжу. Але пасля правядзення знешняга маніторынгу вярнулася да грузінскай мовы ва ўніверсітэтах прынамсі на ўзроўні бакалаўрыяту. Бо для пабудовы дзяржавы трэба нацыянальная эліта, а яна не расце на чужой мове і голым лібералізме. У гісторыі ёсць шмат прыкладаў. У 19 ст. чэшскія нямецкамоўныя арыстакраты, будуючы сваю дзяржаву, найперш фінансавалі чэшскія школы. Цяпер нават цяжка ўявіць, што некалі чэшская мова ў Чэхіі была ў нашмат горшым стане, чым беларуская ў сённяшняй Беларусі.

Паглядзім, як выглядае сітуацыя ў Беларусі.

У групах установаў дашкольнай адукацыі па-беларуску выхоўваюцца 12% дзяцей, якія наведваюць гэтыя ўстановы.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі на беларускай мове вывучаюць усе прадметы каля 16% усіх школьнікаў. Абсалютная бальшыня іх у вёсцы. Штогод міністэрства адукацыі заяўляе аб закрыцці каля 100 беларускіх школ.

Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі навучалася на беларускай мове каля 1% і яшчэ 14% на рускай і беларускай мове (педагагічныя і культурныя каледжы).

Ва ўстановах вышэйшай адукацыі на беларускай мове - 4,2 тыс. студэнтаў (0,9%), афіцыйная статыстыка яшчэ кажа пра навучанне на рускай і беларускай мовах (164,2 тыс. студэнтаў, або 37%, але гэта пра выкладанне аднаго-двух дадатковых прадметаў накшталт гісторыі Беларусі, профільныя прадметы – фізіка-матэматычныя, тэхнічныя, медычныя і г.д. – выкладаюцца толькі па-руску)[1].

http://www.nastaunik.info/sites/default/files/news/image_extra/mova.jpg

Мал. 1. Навучальныя і выхаваўчыя ўстановы (2011/2012 навучальны год)

Як бачна, рэальнага выбару мовы адукацыі практычна няма, бацькоў ці абітурыентаў ставяць перад фактам ужо выбранай установаю адукацыі мовы. Таму прапановы ТБШ па ўдасканаленні заканадаўства найперш скіраваныя на вырашэнне гэтай праблемы: заканадаўства павінна забяспечыць рэальны доступ да адукацыі на роднай мове і моўную пераемнасць адукацыі на ўсіх ступенях.

  1. Што трэба зрабіць яшчэ.

Па першае, рэфармаваць адукацыйную сістэму трэба з улікам міжнароднага досведу, грунтуючыся на навуковых даследаваннях.

3 снежня 2013 г. былі абвешчаны вынікі даследавання якасці сярэдняй адукацыі ў 65 краінах PISA. Мэта гэтых даследаванняў – ацэнка падрыхтаванасці старэйшых школьнікаў да самастойнага жыцця, г.зн.  эфектыўнасці адукацыйных сістэм і адукацыйнай палітыкі розных краін свету. Тэсты праходзяць падлеткі, а высновы робяцца пра адукацыйныя стандарты і працу міністэрстваў адукацыі. (Можа менавіта з гэтай прычыны беларускія адукацыйныя ўлады выступаюць супраць удзелу Беларусі ў гэтым даследаванні?)

Першымі ў рэйтынгу PISA аказаліся краіны, якія абапіраюцца на нацыянальныя каштоўнасці ў адукацыі. Моцная нацыя – моцная адукацыя, і наадварот. Польшча і Эстонія абагналі Германію, Вялікабрытанію і Францыю. А Швецыя апусцілася ніжэй за сярэдзіну. Расія, на якую нас арыентуюць, стабільна знаходзіцца ў ліку адсталых краінаў і займае 28 месца з 35 у Еўропе і 34-41 месца з 65 у свеце.

Вось некаторыя высновы, якія зрабілі даследчыкі PISA.

• Найлепшыя вынікі маюць краіны, якія зрабілі стаўку на павышэнне прафесіяналізму настаўнікаў. Якасць школы не можа быць лепшай за якасць яе настаўнікаў і кіраўнікоў.

• Школы з большай аўтаноміяй, як правіла, працуюць лепш, чым школы з меншай свабодай, якія з'яўляюцца часткай вертыкальных сістэм і маюць больш механізмаў справаздачнасці.

• Вучні, на якіх грамадства, бацькі, настаўнікі ўскладаюць вялікія надзеі, ад якіх чакаюць, што яны атрымаюць вышэйшую адукацыю і ў будучыні будуць працаваць на кіраўнічых пасадах ці рабіць прафесійную кар’еру, як правіла, больш настойлівыя, больш унутрана матываваныя да навучання і больш упэўненыя ва ўласных здольнасцях і маюць лепшыя навучальныя дасягненні.

Вынікі даследаванняў PISA пацвярджаюцца яшчэ аднымі больш грунтоўнымі даследаваннямі паспяховасці вучняў, якія зрабіў прафесар Джон Хэці[2]. Прыкладам, гэтыя даследаванні пацвярджаюць мэтазгоднасць арганізацыі профільнай і мультыпрофільнай адукацыі ў старэйшых класах і неэфектыўнасць факультатыўных заняткаў (у нас у 2008 г. зрабілі ўсё наадварот, і ніхто не адказаў за памылкі).

Сярод праграм найбольш спрыяюць дасягненням вучняў якраз праграмы гуманітарнага цыклю – найперш праграмы чытання, разумення тэкстаў, развіцця крытычнага мыслення. Праграмы навучання на двух мовах больш эфектыўныя, чым аднамоўныя.

Сярод методык таксама можна ўбачыць, што найбольш эфектыўная з іх актыўная ацэнка, а методыкі, заснаваныя на ўзаеманавучанні, супрацоўніцтве, выкарыстанні зваротнай сувязі даюць нашмат лепшыя эфекты ў параўнанні з выстройваннем рэйтынгаў, спаборніцтве ці аўдыё-візуальнымі методыкамі.

З улікам гэтых высноваў трэба рэфармаваць нашую сістэму.

Выклікае шкадаванне, што апошнія рэформы адукацыі і заканадаўчыя змены ў Беларусі не абапіраліся на досвед суседзяў, найперш Эстоніі, Польшчы, Малдовы, якія зрабілі значны прагрэс у развіцці адукацыі дзякуючы пабудове сваіх сістэм адукацыі з улікам нацыянальных інтарэсаў і навукова-абгрунтаваных даследаванняў.

Усе гэтыя і іншыя прапановы па мадэрнізацыі адукацыйнай сістэмы былі агучаны ТБШ і накіраваны пісьмова ў адпаведную камісію Палаты прадстаўнікоў, у міністэрства адукацыі, аднак не былі ўлічаны. ТБШ нават не запрасілі на грамадскія слуханні.

Вось толькі некаторыя з іх:

  • Пры рэфармаванні адукацыйнай сістэмы неабходна кіравацца навуковым падыходам, абапірацца на сучасныя даследаванні, еўрапейскія тэндэнцыі, досвед найбольш паспяховых краінаў, вынікі ацэньваць шляхам знешняга маніторынгу.
  • Ажыццяўленне права на выбар беларускай мовы навучання і выхавання – не клопат грамадзян, не яны павінны змагацца за права вучыць сваіх дзяцей або вучыцца самім па-беларуску, шукаць неабходную колькасць іншых патэнцыйных вучняў і г. д. Гэта канстытуцыйны абавязак дзяржавы. Таму гэтае права павінна быць інстытуцыянальна забяспечана. Пераемнасць беларускамоўнага навучання павінна быць гарантавана дзяржавай на ўсіх ступенях адукацыі на ўсіх спецыяльнасцях і мець дзяржаўную падтрымку.
  • Адукацыя павінна спрыяць далучэнню падрастаючых пакаленняў да прынцыпаў грамадзянскай супольнасці, а таксама выхаванню чалавека-грамадзяніна. Дзеля гэтага ідэалагічная індактрынацыя павінна быць заменена на паўнавартасную грамадзянскую адукацыю. Паколькі менавіта праз адукацыю фармуюцца маральныя каштоўнасці грамадства (свабода асобы грамадзяніна, грамадзянская культура, сацыяльнае партнёрства і г.д.) важным бачыцца ў працэсе адукацыі надаваць увагу кампетэнтнаснаму падыходу да навучання, выхаванню грамадзянскай актыўнасці.
  • Важным бачыцца наданне большай педагагічнай аўтаноміі і свабоды навучальным установам, спрыянне іх канкурэнтаздольнасці, што прывядзе да скарачэння бюракратыі і кантралюючых інстанцый. Вызваленыя пры гэтым сродкі накіраваць на павелічэнне заробку і павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў. Улічыць, што вертыкальныя сістэмы ў адукацыі працуюць горш, чым сеткавыя.
  • Варта памятаць, што рашэнне праблем адукацыі - гэта задача не толькі дзяржавы, але і грамадзянскай супольнасці, з прычыны гэтага няўрадавыя арганізацыі, бацькі навучэнцаў, самі навучэнцы, а таксама працадаўцы павінны быць далучаны да вырашэння задач у адукацыі.

 

Даклад ТБШ “Мадэрнізацыя адукацыйнай сферы і нацыянальна-культурныя перспектывы беларускага народу і беларускай дзяржавы”. Даклад быў агучаны на канферэнцыі «Мадэрнізацыя Адукацыі: выклікі і перспектывы», Мінск, 17 снежня 2013, гатэль Краўн плаза.




[1] Vincuk Viacorka, Das Phänomen des Belarusischen: Trotz oder dank dem Rechtsstatus? “Unsere Sprache“ - Beiträge zur Geschichte und Gegenwart der deutschen Sprache. Band 5 (2012). Schriftenreihe der Neuen Fruchtbringenden Gesellschaft zu Köthen/Anhalt