Нацыянальны бацькоўскі сход патрабуе рэальнага забеспячэння права вучыцца па-беларуску

 

Мінск, 11 мая 2013 г. Упершыню за апошнія паўтара дзесяцігоддзя прайшоў Нацыянальны бацькоўскі сход. Ініцыятыву выявілі бацькі навучэнцаў, якія вучацца або хочуць вучыцца па-беларуску і з гэтай прычыны маюць праблемы. Створаны Нацыянальны бацькоўскі камітэт пры Таварыстве беларускай школы. Прынятыя Прапановы Нацыянальнага бацькоўскага сходу да органаў улады. Бацькі дамагаюцца рэальнага, а не фармальнага забеспячэння права вучыцца па-беларуску на ўсіх ступенях навучання – ад дзіцячага садка да ВНУ.

У Мінску ўпершыню за апошнія паўтара дзесяцігоддзя прайшоў Нацыянальны бацькоўскі сход. Ініцыятыву выявілі бацькі дзяцей, якія займаюцца або хочуць займацца па-беларуску ў дзіцячых садках і школах, але сем’і з гэтай прычыны маюць праблемы. РГА «Таварыства беларускай школы» (ТБШ) ды інфармацыйны рэсурс nastaunik.info арганізацыйна дапамаглі сабрацца разам больш як 40 прадстаўнікам бацькоўскага актыву і педагогам з Гродна, Навагрудку і раёну, Магілёва, Гомеля, Жодзіна, Пухавіцкага і Крупскага раёнаў, мінскіх беларускамоўных школаў, гімназіяў, садкоў. Многія бацькі маюць па трое і больш дзяцей.

Паседжанне адкрыў старшыня ТБШ Алесь Лозка. Праца адбывалася ў фармаце сесіяў і агульнай дыскусіі.

У межах тэмы «Праўны кантэкст навучання і выхавання па-беларуску» агляд заканадаўства аб адукацыі з гледзішча правоў бацькоў зрабіў Ігар Кузьмініч (Гродна); прапановы зменаў у Кодэксе аб адукацыі ды падзаконных актах выклаў Вінцук Вячорка (Мінск); Зміцер Салаўёў з Магілёва распавёў пра механізм стварэння беларускамоўнага класа.

Сесія «Беларуская школа, беларускі садок. Бацькі, педагогі, адміністрацыя» мела практычны характар. Уладзімір Колас (Мінск) нагадаў пра досвед Беларускага гуманітарнага ліцэя як альтэрнатыўнай мадэлі беларускае школы; Ігар Карней і Гэнік Лойка апавялі пра кансалідацыю бацькоў для захавання беларускасці 4 й мінскай гімназіі; намесніца старшыні ТБШ Тамара Мацкевіч прывяла прыклады сістэмнай метадычнай дапамогі беларускім настаўнікам для падвышэння іх узроўню; старшыня арганізацыйнага камітэта сходу Вольга Мазурава апісала, як на грунце мікрасупольнасці бацькоў і дзяцей ствараюцца беларускамоўныя яслі, садок і школьныя класы. Алена Церашкова (маці чацвярых дзяцей, Мінск) падзялілася досведам пранікнення беларускага асяроддзя ў рускамоўныя адукацыйныя ўстановы.

Тэму «Стварэнне беларускага асяроддзя для дзяцей па-за школай» раскрывалі з дэманстрацыяй узораў прадукцыі ды/ці методык Вольга Мазурава (самаарганізаваныя сеціўныя ды выдавецкія ініцыятывы бацькоў), Аксана Акуневіч (этнічнае выхаванне праз народныя гульні), Таццяна Грыневіч-Матафонава (незалежныя аўдыявыданні ў пазашкольнай беларускай працы), усе з Мінска. Міхась Булавацкі (Магілёў) звярнуў увагу на праўныя і метадычныя магчымасці беларускамоўнага рэпетытара.

Падчас агульнае дыскусіі бацькі абменьваліся досведам абароны моўных правоў, а таксама абмяркоўвалі прапановы-патрабаванні да ўрадавых структураў. Права вучыцца па-беларуску на ўсіх ступенях адукацыі ўсіх профіляў і спецыяльнасцяў павінна забяспечыць дзяржава праз стварэнне беларускамоўных установаў адукацыі (альбо групаў, плыняў), колькасць месцаў у якіх не меншая за працэнт грамадзянаў, што лічаць беларускую мову роднаю. Мінімальны парог напаўнення для беларускамоўных класаў (групаў) павінен быць скасаваны. Усе педагогі, што працуюць па-беларуску, з увагі на дадатковую метадычную нагрузку павінны зноў, як гэта ўжо было ў 90-я гады, атрымліваць 10%-ную даплату. Поўны тэкст Прапановаў будзе разасланы ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы.

Бацькі вырашылі працягнуць практыку збору Нацыянальных бацькоўскіх сходаў, прысвячаючы іх канкрэтным тэмам і/або сітуацыям. Вырашана сфармаваць стала дзейны Нацыянальны бацькоўскі камітэт пры ТБШ.

Глядзі таксама: Беларускамоўны? Значыць, дыскрымінаваны: У Мінску адбыўся нацыянальны бацькоўскі сход