Вадзім Дзямідчык: Паспрабаваць зрабіць нешта ў сваёй краіне

Адцёк мазгоў, які адбыўся ў 1990-х і пачатку 2000-х гадоў, прыкметна адбіваецца на стане айчыннай навукі. Многія таленавітыя 35-50-гадовыя беларускія навукоўцы працуюць за межамі краіны. Беларусь зацікаўлена ў тым, каб вярнуць іх. Аднак, пасля здабыцця месца пад сонцам на чужыне, складана ў 40-50 гадоў яшчэ раз пачынаць жыццё наноў – ужо на гістарычнай радзіме.

Вадзім Дзямідчык ў свае 42 гады лічыцца адным з вядучых сусветных спецыялістаў у галіне даследавання іённых каналаў і рэцэптараў раслін, адным са стваральнікаў сучаснай тэорыі росту расліннай клеткі. У 2011 годзе Вадзім Віктаравіч быў абраны асацыяваным членам Брытанскай акадэміі вышэйшай адукацыі.

У 2000 г., кандыдатам навук, ён эміграваў у Вялікабрытанію. Дасягнуў там заўважных поспехаў. Аднак пяць гадоў таму прыняў рашэнне вярнуцца ў Беларусь. Прычым не з пустымі рукамі. Ён прывёз на родны біяфак абсталяванне лабараторыі, якую стварыў у Эсэксе. Ужо тут абараніў доктарскую дысертацыю і ўзначаліў кафедру клетачнай біялогіі і біяінжынерыі раслін на біяфаку БДУ.

Арыстакратычнае лоббі не спрыяе эмігрантам.

– У топавых ВНУ Вялікабрытаніі прабіцца замежнікам вельмі цяжка. Арыстакратычнае лобі не надта ім спрыяе. Хоць нават у Кембрыджы ўжо каля 20 адсоткаў загадчыкаў лабараторыямі – эмігранты, але 80 адсоткаў – усё ж такі мясцовыя, пераважна выхадцы з арыстакратыі. Вядома, у мяне былі сур'ёзныя публікацыі, імянныя гранты, запатрабаваная тэматыка даследаванняў. Я падыходзіў па ўзросце для загадчыка лабараторыяй. Але ўсё адно, каб атрымаць гэта месца, прыйшлося вытрымаць конкурс у 400 чалавек.

Краіна, ў якой няма сваёй навукі,корміць чужую.

– Калі грамадства не разумее, для чаго патрэбныя навукоўцы, гэта віна школы, тэлебачання, Інтэрнэту. І гэта не на карысць ні грамадству, ні фундаментальнай навуцы. Але ж менавіта навукоўцы прыдумляюць усё, што потым ствараюць вытворцы. За любым таварам, хай гэта будзе камп'ютар або таблетка, заўсёды стаяць навуковыя адкрыцці. Краіна, у якой няма сваёй магутнай фундаментальнай навукі, корміць чужую навуку, а значыць, і чужую эканоміку.

– Краіна, якая капіюе чужыя веды і тэхналогіі, другасная ў сваім развіцці і залежыць ад іншых дзяржаў. Тым не менш звычайнаму грамадзяніну цяжка зразумець, чаму даследаванні ў галіне іённых каналаў не менш важныя для Беларусі, чым, напрыклад, адкрыццё новага супермаркета ці запуск электрычкі «Штадлер».

Найперш трэба забяспечыць доступ студэнтам і навукоўцам да інфармацыі

– У плане інфраструктуры для больш дынамічнага развіцця нашай навуцы трэба забяспечыць доступ усім студэнтам і навукоўцам да інфармацыйных сістэм і баз дадзеных Thomson Reuters (Web of Science) і Scopus. У нашай акадэмічнай бібліятэцы ёсць платны (!) доступ у Web of Science, чаго, безумоўна, недастаткова для еўрапейскай краіны. З доступу ў гэтую базу дадзеных наогул пачынаецца любы заходні навуковы цэнтр ці ўніверсітэт. І гэта пазітыўна адбіваецца на развіцці навукі. Неабходныя падпіскі на профільныя навуковыя часопісы па тых напрамках, якія ў нас развітыя. Так, дорага, але без гэтага нам пагражае адставанне. Зараз адзін з самых непрыемных для мяне момантаў – купля рэактываў. З-за пасярэднікаў яны каштуюць у 3 разы даражэй, чым у Вялікабрытаніі. Там рэактывы для навуковых мэтаў універсітэты набываюць наўпрост – у фірмаў-вытворцаў і без падаткаў, без папярэдніх спісаў і заказаў на год наперад. Нам неабходна стварыць падобную сістэму.

– Іншая праблема – базавае абсталяванне, мэбля, кандыцыянеры ў лабараторыях. Гэта таксама ўсё дорага, але павінна цалкам абнаўляцца прынамсі кожныя 10-20 гадоў. Асобная тэма – сістэма падтрымкі аспірантаў. За мяжой на кожнага з іх вылучаюць грант, які выдаткоўваецца на кнігі, рэактывы, удзел у канферэнцыях... Увогуле, нягледзячы на велізарныя пазітыўныя перамены ў беларускай навуцы, яе інфраструктура яшчэ далёкая ад заходніх узораў. І тут вялікі рэзерв павышэння эфектыўнасці працы нашых навукоўцаў. Ды і зарплату трэба падымаць. З-за яе многія і эмігруюць.

Усяго, чаго я хацеў, я дамогся. Адчуваць сябе эмігрантам не хацеў.

– Я не планаваў заставацца ў Вялікабрытаніі назаўсёды, пастаянна думаў пра вяртанне. Адчуваць сябе ўсё жыццё эмігрантам не хацеў. Усё роўна ж там пастаянна адчуваецца недахоп роднай мовы, культурнага асяроддзя. Па вялікім рахунку, усяго таго, чаго хацеў, я дамогся. Перада мной паўстаў іншы выклік – паспрабаваць зрабіць нешта ў сваёй краіне.

– У зарплаце страціў істотна. Шмат што давялося будаваць тут наноў. І нейкія сумневы, ці правільна зрабіўў, вярнуўшыся, мяне часам наведвалі. Але пакуль веру, што ўсё складзецца. На кафедры мы ўжо пачынаем атрымліваць сур'ёзныя вынікі, публікуем работы ў замежных навуковых выданнях. Паспелі падрыхтаваць некалькі манаграфій. Увогуле, выходзім на сусветны ўзровень. У мінулым годзе атрымалі праект Еўрасаюза, на што было выдаткавана шмат сіл. Пакуль нам не хапае абсталявання для даследаванняў у галіне прыкладной навукі, якія дапамогуць зарабляць грошы і прыносіць прамую практычную карысць.

Урокі Захаду: пераканаўся, што мы - абсалютныя еўрапейцы, і наша культура і адукацыя не саступаюць брытанскім

- За што ўдзячны тым 12 гадам, якія правёў у Вялікабрытаніі? Большую частку таго, што ведаю і ўмею, здабыў менавіта там. Лепш ўсвядоміў сваё месца ў навуцы, зразумеў, як павінны быць уладкованыя навука і вышэйшая адукацыя, каб даваць найбольшую аддачу.
Пераканаўся ў тым, што мы - абсалютныя еўрапейцы, што наша культура, адукацыя не саступаюць брытанскім, а ў цэлым і пераўзыходзяць іх. Плебейскага комплексу пакланення перад Захадам, якім пакутуюць некаторыя нашы суайчыннікі, у мяне няма. Я лічу: нашы студэнты ў сваёй большасці мацнейшыя, разумнейшыя за англійскіх.
Самы галоўны ўрок, атрыманы на чужыне - не здавацца. Нават калі здаецца, што табе ўжо не падняцца, трэба ўставаць і ісці далей.

2014/09/02, Вольга Паклонская

Падрабязней на mk.by