Настаўніцкае лета. Перасякаю дзяржаўную мяжу пад апладысменты памежнікаў!

Сёлета ў  ІV Міжнародным марафоне дружбы Друскінінкай-Гародня трэцяе месца заняў настаўнік беларускай мовы з Магілёва Юрась Каласоўскі.  Ён у восьмы раз  паспяхова пераадолеў дыстанцыю марафона ў 42 км 195 м!

Для мяне шлях на марафон пачаўся ячшэ ў пятніцу. Выезд з Магілёва апошнім дызелем на Оршу, перасадка на фірменны цягнік “Нёман”, ноч на любімай верхняй паліцы – і раніцай я ў Гародні. Пару гадзін пагуляўшы па гародзе, пайшоў на аўтавакзал, дзе сустрэўся з сябрамі – марафонцамі Віктарам і Паўлам, а таксама пазнаёміўся з братам Паўла Яўгенам, які вырашыў сёлета дэбютаваць на марафоне.

На маршрутцы Гародня-Сувалкі 40-кіламетровы шлях да Друскенікаў расцягнуўся больш чым на дзве гадзіны, і таму мы прыехалі ў курортны гарадок ужо а 13-й. Спакойна прайшлі рэгістрацыю, дзе нават мелі магчымасць выбраць сабе стартавыя нумары, чым з задавальненнем і скарысталіся. Цікава, але кожны з нашай чацвёркі па тых ці іншых прычынах выбраў нумар, які заканчваецца на лічбу 1: 81, 101, 111, 121. Што ж, відаць, для кожнага марафонца ўдзел у спаборніцтвах – гэта імкненне чарговы раз перамагчы самога сябе.

Пасля рэгістрацыі я засяліўся ў гасцявы дом (гарадзенскія сябры аддалі перавагу школе), дзе маімі суседзямі сталі сябры і калегі-марафонцы з Украіны, для якіх я загадзя падрыхтаваў памятныя магніцікі з выявамі Магілёва.

Паколькі другая палова дня выдалася вольнай, то мы з сябрамі, з апетытам паабедаўшы ў адной з кавярняў гарадка, бавілі час, гуляючы па Друскеніках. Пры гэтым усім нам вельмі спадабалася катанне на катамаране па возеры Друсконіс, калі мы паспелі не толькі трапіць пад фантан, але і паганяцца за мясцовымі качкамі. Неўзабаве надышоў вечар, і пасля сяброўскай вячэры ў кавярні аквапарка і абмеркавання апошніх дэталяў марафона мы разышліся адпачываць. Я перад сном паспеў пагаварыць з украінцамі, пасля чаго – сон.

Раніца сустрэла прахалодаю і ясным небам. У чарговы раз пашкадаваў, што старт адбудзецца толькі а восьмай раніцы, калі ўжо пачне імкліва цяплець. Паснедаўшы і прыняўшы душ, я разам з украінцамі выправіўся да месца старта, дзе мяне чакалі мае гарадзенскія сябры.

Пашпартны кантроль, перанясенне сумак у аўтобус, невялікая размінка – і больш за 120 чалавек гатовы ўзяць старт у чацвёртым Міжнародным марафоне дружбы!!!

Памятаючы пра няўдачу год таму на гэтым марафоне, які стаў для мяне самым горшым па выніковым часе, гэтым разам я вырашыў не спяшацца і пачатак дыстанцыі прабегчы разам з сябрамі, апярэдзіць якіх на фінішы – справа прынцыпу.

Пасля крыху мітуслівых першых двух-трох кіламетраў, што мы прабеглі па горадзе, аказалася, што я і два мае сябры – Віктар і Павел – бяжым разам, кантралюючы адзін аднаго. Што ж, паколькі гэта ўваходзіла ў мае планы на марафон, я з радасцю пабег у гэтай сяброўскай кампаніі. Праўда, амаль адразу Віця крышачку адстаў, яўна не жадаючы дапамагаць нам і да часу высоўвацца наперад. Таму мы з Паўлам да самай літоўска-беларускай мяжы працавалі разам, трымаючы вызначаны тэмп у 4 хв. 10 сек. на кіламетр.

І вось – мяжа!!! Як жа гэта незвычайна – перасякаць дзяржаўную мяжу (а тым больш мяжу ЕС!) наўпрост бягом, нават не спыняючыся і толькі чуючы вітанні і апладысменты памежнікаў! Мінулі літоўскі тэрмінал, наблізіліся да памежных слупкоў, паміж якімі на дарозе праведзена белая суцэльная лінія – вось яна, мяжа!!! – і я, нават крыху падскочыўшы, апынуўся ўжо ў роднай краіне. Цяпер нас чакалі вітанні ад беларускіх памежнікаў і – велізарная чарга фур, якія давалі такі патрэбны ў час марафона цень.

Крыху паскорыўшыся на мяжы, я міжволі адарваўся ад Паўла на 15-20 м, ад якога на гэтулькі ж адставаў Віця. Мне не хацелася бегчы першым так рана і тым больш адрывацца ад сяброў дачасна: я добра памятаў, як год таму Віктар, адстаючы на сярэдзіне дыстанцыі ад мяне на 2 хвіліны, на фінішы прывёз мне ажно 12!

Але наўмысна тармазіць і чакаць сяброў не стаў, тым больш перада мной з’явілася постаць яшчэ аднаго марафонца, за якім я і вырашыў патрымацца. Польская фура, беларуская, расійская, зноў польская… “Дзень добры”, - вітаюся з польскімі кіроўцамі, падбягаючы да пункта падпіткі з вадой і энергетыкамі на рубяжы 15 км.

“Давай, Юрась, малайчына, цудоўны тэмп!!! Што табе – кола, вада, энергетык?” – падтрамыў мяне тут сябар-марафонец Іван, які гэтым разам дапамагаў у арганізацыі спаборніцтваў. Хуценька выпіўшы на хаду вады, са здзіўленнем заўважыў, што марафонец перада мной спыніўся, каб спакойна “заправіцца”. Што ж, значыць, далей трэба бегчы аднаму. Тады я яшчэ не ведаў, што аднаму мне давядзецца бегчы ажно цэлых 25 кіламетраў…

Калі скончыліся фуры, пачало прыпякаць сонейка, а паколькі бег адзін, то меў магчымасць думаць і разглядаць наваколле: лес, паварот, поле, вёска… Калі мінуў адзнаку 21,1 км, паглядзеў на час – 1.26.50 – тое, што і планаваў, нават крыху горш. Горш таму, што гэтым разам перада мной была пастаўлена задача выбегчы з часу 02.58.10 і такім чынам як мінімум паставіць гэты марафон трэцім па часе сярод маіх васьмі марафонаў. А другая палова абяцала быць цяжэйшай: спёка, гарадзенскія пагоркі, а таксама стомленасць маглі ўсё сапсаваць.

Найбольшы населены пункт на трасе марафона – вёску Гожа – мінуў, пачаставаўшыся крынічнай вадой, прапанаванай мясцовымі жыхарамі, і павітаўшы вучняў, якія сустракалі марафонцаў на аўтобусным прыпынку. А вось пад імправізаваны душ, які зладзілі пажарныя на мосце праз рачулку, не забег: не хацелася замачыць красоўкі.

Працягваў бегч адзін, мінаючы кантрольныя пункты: 25 км, 30 км, 35 км… Натуральна, спёка і стомленасць сказаліся і на тэмпе, які стаў падаць, праўда, не вельмі крытычна. І вось перада мной знак “Гродна”, але да фінішу яшчэ самыя цяжкія 7 км… Машын станавілася ўсё больш, і таму даводзілася бегчы па ўзбочыне шашы. Вельмі добра, што арганізатары зладзілі пункты падпіткі праз кожныя 2,5 км, а не праз 5, як планавалася спачатку, бо піць вельмі хацелася. З кожным кіламетрам было ўсё цяжэй, але нечакана мне дапамагала… міліцэйская машына, якая пасля 37-га км развярнулася перада мной і стала літаральна расчышчаць мне дарогу на фініш, спыняючы аўтамабільны рух. Гэта вельмі падбадзёрыла!

Нарэшце на мяжы 40-га км заўважыў перад сабой марафонца, якім аказаўся сябра з Баранавічаў… Перад апошінм пунктам падпіткі абагнаў яго (сіл падбадзёрыць хлопца ўжо не было) і, выпіўшы вады, пабег на фініш… Крыху ведаючы Гародню, набліжаючыся да фініша, лічыў павароты і дамы, якія засталося мінуць да доўгачаканага стадыёна. Вось паварот на БЛК (бульвар Ленінскага Камсамола), вось застаюцца чатыры высоткі па вуліцы Горкага… тры… дзве… адна… Вось міліцэйская машына сыходзіць убок, і я бачу перад сабой паварот на стадыён! Гляджу на гадзіннік: паспяваю! Вітаючы прысутных, пераадольваю  апошнія метры – ёсць восьмы марафон!!! Час 02.57.00 – задача выканана!

На фінішы размаўляю з сябрамі-марафонцамі, чакаю знаёмых і сяброў, якія яшчэ на дыстанцыі. Сустракаю на фінішы сяброўку з Украіны Людмілу, вітаю Паўла, Віктара, іншых марафонцаў – мы зрабілі гэта!!!

Некалькі гадзін паміж фінішам і цырымоніяй узнагароджвання запаўняюць сяброўскія размовы, купанне ў фантане, наведванне лазні, урачысты абед у кавярні. Вельмі прыемна было размаўляць як са знаёмымі марафонцамі з Літвы і Украіны, так і знаёміцца і абменьвацца ўражаннямі з іншымі. Парадавала цырымонія ўзнагароджвання, на якой панавала сапраўды цёплая і сяброўская атмасфера.

“Ну што, пабяжым у наступным годзе з Гародні ў Друскенікі?” – запытаўся я ў літоўскага марафонца. - “Абавязкова! Да сустрэчы на новых стартах, сябар!”  - з усмешкай адказаў мне ён.

Такім чынам, 25 кіламетраў адзіноты на марафонскай дыстанцыі абярнуліся для мяне дзясяткамі хвілін прыемных размоў, новымі сустрэчамі і знаёмствамі, якія абавязкова перарастуць у сяброўства, пра што сведчаць хаця б каментары маіх новых сяброў пад фотаздымкам з марафона ў адной з сацыяльных сетак: “Сябры!” і “Мої друзі”.

Жыві, Марафон Дружбы!!!

Юрась Каласоўскі, klbviktoria.com