Адукацыйныя паралелі. Сітуацыя, у якой можам быць мы

Іна ХОМІЧ (фота Ганны Кандрацюк), Брестский курьер

Сёлета мне зрабілі ганаровую прапанову – пабыць інструктарам на тэматычным журналісцкім летніку для дзяцей, што арганізуе беластоцкая беларуская газета “Ніва”. Звыклая неадкладна рэагаваць на знакі з космасу, я на тыдзень у самую гарачую пару кінула справы і паехала на сустрэчу да этнічных беларусаў.

“Сустрэчы “Зоркі”

Летнік “Сустрэчы “Зоркі” запазычыў частку назвы ў дзіцячай старонкі “Нівы” – “Зорка”, якую вядзе журналіст Ганна Кандрацюк. Яна ж і займаецца “Сустрэчамі” ажно з 1995 года. “Пачаткі ў нас былі вельмі дынамічныя, сустрэчы адбываліся некалькі разоў у год, -- кажа Ганна. -- Спачатку я спалучала журналістыку з мастацкімі пленэрамі, мы ставілі спектаклі, ладзілі краязнаўчыя і этнаграфічныя вандроўкі, праводзілі сустрэчы з кашубамі і ўкраінцамі. Усе гэтыя дадатковыя дзеянні мелі адну мэту: разбудзіць у дзецях і настаўніках цікавасць да заняткаў на беларускай мове. Хацелася, каб адбываліся нейкія дзеянні па-за школай, каб беларуская мова не асацыявалася толькі з урокамі”.

Цяпер спатканні маюць выразна журналісцкі накірунак. Удзельнікі з першага дня дзеляцца на рэдакцыі і да канца майстар-класаў выпускаюць газету, напоўненую рознажанравымі матэрыяламі і па-мастацку аздобленую. А для таго, каб карэспандэнтам было пра што пісаць, ім арганізуюць экскурсіі і сустрэчы з цікавымі людзьмі. Як правіла, тэмы гэтых сустрэч і экскурсій носяць беларусацэнтрычны і краязнаўчы характар, таму можна сказаць, што і пры такой вузкай накіраванасці на журналістыку арганізатары ўсё роўна найперш ставяць за мэту абуджэнне нацыянальных пачуццяў, а пасля толькі навучанне прыёмам напісання артыкулаў.

На летнік прыязджаюць дзеці, якія ці ўжо з’яўляюцца карэспандэнтамі “Зоркі”, ці толькі могуць імі стаць. Вызначыць патэнцыял школьнікаў дапамагаюць настаўнікі беларускай мовы – такія як Валянціна Бабулевіч з Бельска-Падляшскага, якая і сама штогод прыязджае на “Сустрэчы” на дапамогу Ганне Кандрацюк.

Беларускасць насуперак усяму

Зразумець значнасць таго, што на Беласточчыне дагэтуль выходзіць беларуская газета (няхай і мае яна толькі 1300 падпісчыкаў), а пры ёй праводзяцца спатканні дзяцей-карэспандэнтаў, можа толькі той, хто ведае тамтэйшую моўную сітуацыю. Па гістарычных мерках Сталін яшчэ зусім нядаўна аддаў Падляшша Польшчы, а беларускую мову ці дыялект яе ўжо можна пачуць толькі ў вёсках ад бабуль і дзядуль ды на ўроках мовы. Польская школа і ранейшая забарона на навучанне па-беларуску зрабілі сваю чорную справу, і цяперашняе пакаленне маладзёнаў усё часцей называе сябе палякамі, хоць і прызнае, што дзяды іх былі беларусамі.

У Польшчы і дагэтуль няма ніводнай школы, дзе б навучанне вялося цалкам па-беларуску – бацькі не бачаць у гэтым сэнсу, раз дзіця ўсё роўна жыве ў Польшчы і мусіць карыстацца польскай мовай. Шматтысячнае карэннае насельніцтва маланкава асімілявалася, і беларускасць тут захоўваецца толькі дзякуючы яе актыўным носьбітам.

Ганна Кандрацюк прыгадвае, што ў сярэдзіне 90-х гадоў, калі пачалі праводзіцца “Сустрэчы”, на Падляшшы працавала каля 30 школ, дзе выкладалі беларускую мову. Аднак узровень навучання гэтаму прадмету быў вельмі нізкі, толькі ў асобных школах “заўважаліся некаторыя прыкметы пісьменнасці”. За 19 год, канешне, пэўныя змены адбыліся, але даволі спрэчнага характару: з аднаго боку, актывізаваўся Беласток, дзе цяпер беларускія заняткі наведвае каля 270 дзяцей і дзе адбываецца сапраўды жывы культурна-адукацыйны рух, але, з другога боку, закрыліся многія вясковыя школы разам з урокамі па-беларуску.

І вось у такіх умовах, калі настаўнікам і бацькам у тым ліку няма чаго адказаць дзецям на пытанне “Навошта нам беларуская мова, калі нават у Беларусі на ёй не размаўляюць?”, “Зорка” ўпарта праводзіць свае “Сустрэчы”. Больш за тое – дзеці шчыра зацікаўлены і чакаюць іх з нецярпеннем, хоць многім цяжка нават пісаць на кірыліцы. Ганна Кандрацюк, апісваючы, што прымушае спаланізаваных этнічных беларусянят прыязджаць на “Сустрэчы “Зоркі”, кажа:

– Што прыцягвае іх на “Сустрэчы”? Думаю, атмасфера сяброўства і радасць ад інтэлектуальнай прыгоды. Напэўна, падабаюцца ім сустрэчы з журналістамі, літаратарамі, мастакамі ці беларускімі дзеячамі, калі дзеці ставяць ім пытанні і чуюць не толькі адказы, але і добразычлівыя парады. Так адкрываем для іх беларускі свет. Для мне файна глядзець на радасць і ангажаванасць  дзетак, іх развіццё. Ёсць ужо надзейныя вынікі, шмат нашых выпускнікоў працуе на карысць беларускай справы. Гэта журналісты (Міхась Сцепанюк, Тамаш Суліма, Анна Пятроўская,  Тамаш Саевіч – карэспандэнт Польскага Радыё ў Кітаі, які не хавае сваёй беларускасці), аніматары культуры, такія як Павал Гжэсь -- шэф таварыства “Віла Сакратас”, ці рок-музыкант Андрэй Паплаўскі. Маем сваіх студэнтаў журналістыкі і будучых  настаўнікаў беларускай мовы...

Арганізатарка зусім не перабольшвае пра дзіцячую ангажаванасць – яна выразна адчувалася, і як толькі сёлетнія ўдзельнікі прыехалі на аграсядзібу “Бора здруй”, дзе праводзілася мерапрыемства, і калі працавалі ў рэдакцыях. Сваёй адкрытасцю і стараннасцю мне асабіста яны падарылі шмат цёплых эмоцый і ўспамінаў. Мала хто з іх будзе журналістам, але беларусам будзе дакладна.

А наш курс?

Па сутнасці, мы плаўна падыходзім да таго ж, што ўжо маюць нашы землякі ў Польшчы – татальную непісьменнасць на роднай мове і паступовую страту сваёй ідэнтычнасці. Але калі ў Польшчы беларуская мова ўсё ж такі толькі мова нацыянальнай меншасці, ужывальная ў вузкіх колах, то мы жывем у сваё краіне, самі сабе гаспадары.

Ужо цяпер беларускіх школ у Беларусі -- кропля ў моры, а тыя пару ўрокаў мовы з літаратурай, на жаль, дапамагаюць хіба адрозніць нашу мову ад нямецкай. Пра адносіны адукацыі да моў гаворыць і той факт, што выпускны экзамен па рускай мове за курс сярэдняй школы ў нас абавязковы, а экзамен па беларуска мове – на выбар. Каб вучыць дзіця па-беларуску, трэба арганізаваць цэлую кампанію сярод бацькоў, бо дзяржава ў гэта ўмешвацца не хоча, а часцей яшчэ і перашкоды робіць. Але кампаніі такія таксама найчасцей безвыніковыя, бо каб было да каго дагруквацца, трэба, каб дарослыя цікавіліся сваімі карэннямі і ўсведамлялі сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Для пераважнай жа большасці беларусаў  няма розніцы, кім быць, -- на чыім возе сядзяць, таму і песню спяваюць.

А калі спяваем па-руску, то абсалютна ясна, на чыім возе сядзім. Толькі што будзем рабіць, калі захочам свой воз, а спяваць па-свойму ўжо не зможам? І дзеці  без беларускай адукацыі  не змогуць. Варта задумацца пра гэта ўжо цяпер.