Усе на суботнік?

 

Матэрыял падрыхтаваны спецыяльна для Nastaunik.info пры дапамозе юрыстаў БХК

Cуботнікі, якія паўсталі 12 красавіка 1919 года з ініцыятывы 15 працаўнікоў расійскай чыгункі, атрымалі шырокі распаўсюд. Але, як гэта часта бывае з добраахвотнымі парывамі, яны «заарганізоўваюцца» і ператвараюцца ў прымусова-добраахвотныя. У гэтым адрозненне суботнікаў ад старадаўняга звычаю талакі.

Як у часы СССР, так і цяпер у Рэспубліцы Беларусь праводзяцца рэспубліканскія суботнікі. Здараюцца лакальныя суботнікі ў асобных раёнах і нават асобна ўзятай арганізацыі (для ўборкі тэрыторыі, будынкаў ды інш.).

Нягледзячы на такую доўгую гісторыю, няма асобнага закона, які рэгулюе адносіны, звязаныя з правядзеннем суботніка. Стала ўжо традыцыяй штогадовае выданне пастановаў Савета Міністраў аб правядзенні рэспубліканскага суботніка (напрыклад, Пастанова № 275 ад 9 красавіка 2013 г.). Дастаткова проста прачытаць, каб зразумець рэкамендацыйны характар такіх пастановаў (правесці на добраахвотнай аснове, заробленыя грашовыя сродкі пералічваюцца на добраахвотнай аснове, у аб'ёмах, вызначаных калектывам).

Рэспубліканскія (і іншыя) суботнікі праводзяць на працоўных месцах, на тэрыторыі наймальніка, за яе межамі. Месца правядзення суботніка вызначае наймальнік.

Калі суботнік праводзіцца ў выходны дзень

Правядзенне суботніка ў працоўным калектыве патрапляе пад дзеянне Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ПК). Улічваючы, што ў ПК няма такога паняцця, як суботнік, ужываюцца правілы аб прыцягненні працаўніка да працы ў выходныя дні.

Згодна з артыкулам 142 ПК, праца ў выходныя дні дапускаецца з прапановы наймальніка і толькі са згоды працаўніка або з ініцыятывы працаўніка са згоды наймальніка, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных арт. 143 ПК.

У арт. 143 ПК іх пазначана некалькі (прадухіленне ці ўхіленне вынікаў катастрофы ці аварыі; прадухіленне няшчасных выпадкаў; ухіленне нечаканых абставінаў, якія могуць парушыць функцыянаванне  водазабеспячэння, асвятлення і пад.; аказанне медыкамі экстранай медычнай дапамогі), пералік вычарпальны. Суботнік да ніводнага з названых выпадкаў не адносіцца.

Акрамя таго, для асобных катэгорый працаўнікоў ёсць абмежаванні. Забаронена прыцягваць да працы ў выходныя дні цяжарных жанчын і жанчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў (ч. 1 арт. 263 ПК), працаўнікоў, маладзейшых за 18 гадоў (арт. 276 ПК). Ад працаўніц, якія маюць дзяцей ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў (дзяцей-інвалідаў — да 18 гадоў), і працаўнікоў-інвалідаў (калі праца ім не забаронена паводле медычных паказанняў), неабходна атрымаць папярэднюю пісьмовую згоду (ч. 3 арт. 263 ПК).

Такім чынам, прыцягненне да працы на суботніку ў выходны дзень без згоды працаўніка не дапускаецца. Гэта значыць, працаўнікі могуць удзельнічаць у ім толькі на добраахвотнай аснове.

Працоўным заканадаўствам прадугледжаны абавязак наймальніка даць працаўніку кампенсацыю за працу ў выходны дзень. Праца ў выходны дзень можа кампенсавацца паводле пагаднення бакоў іншым днём адпачынку або падвышанай аплатай.

Калі суботнік праводзіцца ў працоўны дзень

У гэтым выпадку асобнага рэгулявання таксама няма.

Вядома, няяўка на працу ў свой працоўны час — парушэнне працоўнай дысцыпліны, якое можа выклікаць ужыванне захадаў дысцыплінарнай адказнасці. Ясна, што так ніхто рабіць не будзе. Аднак у працоўны дзень суботнік можа праходзіць як у рамках працоўнага часу, так і па-за яго межамі. Калі суботнік выходзіць за рамкі вызначанай працягласці працоўнага дня (змены), то неабходна захоўваць парадак прыцягнення працаўнікоў да звышурочных працаў (арт. 119—122 ПК).

Важна падкрэсліць, што працаўніка нельга змушаць да працы, не звязанай з яго асноўнымі працоўнымі абавязкамі. Згодна з арт. 20 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, наймальнік не мае права патрабаваць ад працаўніка выканання працы, не абумоўленай працоўным пагадненнем. Дарэчы будзе згадаць і арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе сказана, што прымусовая праца забараняецца, акрамя працы або службы, вызначанай судоваю пастановаю або абумоўленай законам аб надзвычайным і ваенным становішчы.

Як аформіць правядзенне суботніка

На практыцы наймальнік афармляе правядзенне суботніка загадам па асноўнай дзейнасці. Гэта выгадна як адміністрацыі, так і працаўніку, бо спрашчае вырашэнне шмат якіх пытанняў у выпадку ўзнікнення спрэчак, афармлення факта няшчаснага выпадку ды інш. Аднак загад будзе насіць рэкамендацыйны характар, г. зн. працаўнікам прапануецца ўзяць удзел у суботніку. У заканадаўстве няма ўказання, ці неабходна ўзгадняць правядзенне суботніка з прафсаюзам, але гэта і не забаронена.

Адлічэнне наймальнікамі грашовых сродкаў з заработнай платы працаўнікоў здзяйсняецца добраахвотна, гэта павінна быць пацверджана папярэдняй пісьмовай згодай (напрыклад, у выглядзе заявы). Адмова ад удзелу ў суботніку, няяўка на яго ў непрацоўны дзень не лічацца дысцыплінарнай правінай. Калі працаўнік адмаўляецца ад працаў, не абумоўленых працоўным пагадненнем, гэта не з'яўляецца парушэннем парадку правядзення суботніка, не можа цягнуць за сабой пакарання.

Калі наймальнік ужыў да працаўніка захады дысцыплінарнага ўздзеяння за нявыхад на працу ў дзень суботніка або не выплаціў (выплаціў не ў поўным аб'ёме) заработную плату, атрыманую працаўніком за гэты дзень, працаўнік мае права звярнуцца ў камісію па працоўных спрэчках (калі такая існуе на прадпрыемстве) або непасрэдна ў суд з адпаведным пазовам.

У прынцыпе сітуацыя добра знаёмая абодвум бакам. Вось чаму працадаўца часцей выкарыстоўвае псіхалагічны ціск. У адукацыйных установах, дзе працаўнікі (пераважна жанчыны) адзначаюцца высокай ступенню залежнасці ад начальства і выканаўчасцю, гэта распаўсюджаная практыка. Тут ужо рэцэпты даваць цяжэй, бо вынаходлівасць адміністрацыі межаў не мае. Аднак веданне закона і цвёрдая рашучасць адстойваць свае перакананні могуць прывесці да станоўчага выніку: спачатку ад вас «адчэпяцца», а пасля забудуць пра адплату.

Тэкст па руску ў далучаным файле