Традыцыя Калядаў на гарадзенскіх паштоўках
Больш за 100 калядных паштовак з Гарадзеншчыны з усяго ХХ стагоддзя будуць прэзентаваны на выставе “Насустрач Калядам”, якая адчыніцца 16 снежня ў Гродне ў памяшканні Таварыства Беларускай Школы. Адмыслова да адкрыцця выставы “Насустрач Калядам” будзе выпушчана калядная паштоўка з выявай Каложскай царквы, намаляваная ў 1959 годзе Івонкай Сурвіллай, сённяшнім Прэзідэнтам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Традыцыя святкавання Калядаў на Гарадзеншчыне не знікала нават у самыя горшыя часы. Тое ж можна сказаць і пра высыланне з нагоды Калядаў прыгожых, адметных паштовак, знака памяці пра сваіх блізкіх і знаёмых.
Экспазіцыю “Насустрач Калядам” ствараюць паштоўкі, якія ў розныя перыяды ХХ стагоддзя высылаліся гарадзенцамі сваім родным і знаёмым па ўсім свеце, і паштоўкі з каляднымі пажаданнямі, якія атрымлівалі гарадзенцы цягам усяго ХХ стагоддзя. Паштоўкі, якія будуць прэзентаваныя на выставе, сабраныя рупліўцамі беларушчыны ў гарадзенскіх мястэчках і вёсках. Найстарэйшыя з экспанатаў датуюцца пачаткам ХХ стагоддзя. Паштоўкі адлюстроўвалі таксама і ўладу, якая панавала на гарадзенскіх землях. На выставе вы зможаце ўбачыць паштоўкі падпісаныя па-польску, беларуску, руску, нямецку.
Адкрыццё выставы адбудзецца 16 снежня, а 18.30 у Таварыстве Беларускай Школы (Гродна, вул. Будзёнага 48а-44).
Выстава працягнецца да 16 студзеня, пабачыць яе можна будзе штобудні дзень ад 10 да 17 гадзіны.
Паводле budzma.org