20 лютага распачнецца адукацыйная праграма праекта “Першыя” для старшакласнікаў.

16.02.2021

Ідэя, якая можа змяніць свет

20 лютага распачнецца адукацыйная праграма праекта “Першыя” для старшакласнікаў.

На першай анлайн-сустрэчы, якая адбудзеццца ў бліжэйшую суботу на сайце www.generation.A1.by (пачатак у 11.00), гаворка пойдзе пра тое, як ствараць тэхналогіі будучыні і прытрымлівацца моды з клопатам аб прыродзе. Да ўдзелу запрашаюцца вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усёй краіны.

Першы блок, які адкрые майстар-клас “Тэхналогіі. Экалогія”, будзе прысвечаны тэме “VR і AR-тэхналогіі, якія зменяць заўтрашні дзень”. Спікерам выступіць Мітрый (менавіта Мітрый!) Соркін -- сузаснавальнік і крэатыўны прадзюсар IT-кампаніі FeelingDigital. А ў якасці спецыяльнага госця на сустрэчу запрошаны пераможца мінулага сезону конкурсу “Першыя” Самуіл Алексін, які прапанаваў дадаць у школьную праграму курсы робататэхнікі.

Тэма другога блока -- “Модны фестывальны рух у гармоніі з прыродай -- сумясціць і атрымаць профіт”. Яго спікерам стане Ганна Александронкава -- каардынатар Міжнароднага фестывалю-узаемадзеяння з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі SPRAVA, які праводзіцца ў вёсцы Белая Царква ў Віцебскай вобласці. Дапоўніць прэзентацыю экалагічных праектаў яшчэ адзін спецыяльны госць -- таксама пераможца мінулага сезону конкурсу “Першыя” Кацярына Янголь, якая год таму прапанавала добраўпарадкаваць рачны бераг у сваім родным гарадку Крэва і зрабіць там танцпляцоўку.

Пасля выступленняў спікераў удзельнікі майстар-класа змогуць пагутарыць з імі ў чаце і задаць свае пытанні. Аўтары самых складаных і цікавых з іх, зарэгістраваныя на сайце праекта, атрымаюць каштоўныя падарункі.

Мэта адукацыйнай праграмы “Першых” заключаецца ў тым, каб паказаць школьнікам, якія праекты ўжо ёсць у Беларусі ў сферы культуры, інклюзіі, урбаністыкі, экалогіі і тэхналогій, і як адна ідэя можа змяніць да лепшага жыццё многіх людзей. Гэта дапаможа старшакласнікам падзяліцца сваім меркаваннем па кожнай з тэм і прыдумаць уласны праект, каб падаць яго на конкурс ідэй “Першыя”, прэзентаваць на міжнароднай маладзёжнай канферэнцыі TEDxYouth @ Minsk і атрымаць iPhone 12.

Адукацыйная праграма праекта “Першыя” працягнецца ў сакавіку. Прыём заявак для старшакласнікаў на ўдзел у конкурсе ідэй па пяці напрамках -- “Тэхналогіі”, “Культура”, “Інклюзія”, “Экалогія” і “Урбаністыка” -- адкрыты да 30 красавіка. Для гэтага трэба зняць відэаролік пра сваю ідэю (да 3 хвілін), падзяліцца ім у любой сацыяльнай сетцы (TikTok, Instagram, VK, YouTube, FB, OK, Twitter) з хэштэгам конкурсу #generationA1 і даслаць спасылку на generationA1.2021@gmail.com

Сацыяльна-адукацыйны праект “Першыя” рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Усе мерапрыемствы праходзяць на беларускай мове, у тым ліку майстар-класы і публічныя выступленні фіналістаў, бо адна з мэтаў конкурсу -- пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і рост яе папулярнасці з дапамогай сусветнай супольнасці TED.

Падрабязнасці шукайце на сайце www.generation.A1.by