На мірным маршы затрымалі кандыдата педагагічных навук Міхася Кудзейку

09.11.2020

(Абноўлена) Міхасю Кудзейку прысудзілі 8 сутак арышту. Пра гэта стала вядома толькі 12.11.2020. 
У нядзелю 8 лістапада на мірным маршы свабодных беларусаў  затрымалі педагога, кандыдата навук, сябра Назіральнай Рады ТБШ, нязменнага аўтара сайта nastaunik.info, дацэнта БДПУ Міхася Кудзейку. Чалавека, які вядомы многім тысячам калег, які больш за 15 год працуе ў камандзе праграм падтрымкі настаўнікаў "Актыўная ацэнка" і "Медыяадукацыя ў школе".  Міхась для калег-педагогаў  – і аўтарытэт, і паплечнік. Па апошніх дадзеных яго адвезлі ў турму ў Жодзіна, дзе ён чакае суда. 

Міхась - суаўтар і ментар дыстанцыйнага курса "Медыяадукацыя ў школе", на які якраз адбываецца набор студэнтаў.  Мы жадаем Міхасю вытрымаць ўсе выпрабаванні ў добрай кампаніі аднадумцаў і чакаем яго на курсе. 

НЕВЕРАГОДНЫЯ
 
Перад золкам цемра, як заўжды
Мы суладна дыхаем з табою,
Мы стаім гатовыя да бою
Супраць болю, гвалту і бяды.
 
Супраць цемры, безь яе ніяк
Не адчуеш, што такое золак.
Ліхтары ў начы – сьвятло крамолак,
Што зьліецца ў сонечны маяк.
 
Хто дарогу схоча перайсьці
Шэрагам узьнёслым і змагарным,
Той растраціць сам сябе намарна,
Згубіцца ў нябыце пры жыцьці.
 
Шлях ягоны станецца пустым,
Лёс, у шатах ганьбы і няславы,
Будзе пазіраць як зьвер з-пад лавы,
Хоць на лаве седзячы пры тым.
 
Верым, можам, пераможам тут,
Дзе вучылі продкі нас гадамі
Як выходзіць шчыльнымі радамі
За зямлю, за край, за родны кут.
 
Мы ідзм! Сыходзь з дарогі кат!
Прэч з дарогі кудлы балаклаўныя
Мы ідзем! Узьнёслыя і слаўныя,
І ня можа быць шляхоў назад!
 
Неверагодныя – самыя родныя, самыя годныя
Жыве Беларусь! Нескароная, з праўдаю згодная!
Высакародныя край і народ высакародныя
Неверагодныя, неверагодныя, неверагодныя.
 
Сяржук Сокалаў-Воюш
17 кастрычніка- 8 лістапада 2020.
 

Міхась Кудзейка (першы злева) з калегамі падчас Edcamp Belarus - 2019