Абаронім гонар і годнасць настаўнікаў (зварот да педагагічнай супольнасці)

17.07.2020

 

Прапануем падпісаць гэты зварот усім настаўнікам, выкладчыкам, супрацоўнікам сістэмы адукацыі, адукацыйным арганізацыям і ініцыятывам. Тым самым абаронім імідж прафесіі і людзей, якія самаадана працуюць педагогамі. 

 

 

 

Абаронім гонар і годнасць настаўнікаў

(зварот да педагагічнай супольнасці)

 

Мы – настаўнікі,  прафесіяналы сваёй справы, разумеем уласную місію і адказнасць за выхаванне годных грамадзян Беларусі і фармаванне будучыні нашай краіны. Мы выступаем за свабодныя і сумленныя, справядлівыя і празрыстыя выбары, за захаванне законнасці і захаванне правоў, якія нам гарантуе Канстытуцыя. 

Мы хочам шчыра і адкрыта глядзець у вочы сваім вучням і іх бацькам і заяўляем, што як усе адказныя грамадзяне, зацікаўленыя ў тым, каб улада была выбрана дэмакратычным шляхам без фальсіфікацый, прыпісак і ціску на выбарчыя камісіі, з захаваннем празрыстай працэдуры падліку галасоў. Мы лічым, што кожны грамадзянін краіны заслугоўвае таго, каб з павагай ставіліся да яго выбару і права голасу. 

Мы ўпэўнены, што хутка адбудуцца пазітыўныя змены, у якіх зацікаўлена ўсё грамадства: 

  • зменіцца неадпаведнае сучасным выклікам адукацыйнае заканадаўства, якое  не дае школе развівацца, скоўвае прафесійную свабоду педагогаў, абмяжоўвае творчасць і запавольвае пранікненне ў сістэму адукацыі сучаснага зместу і новых тэхналогій навучання;
  • у сістэме адукацыі нарэшце будзе больш даверу да прафесіяналізму педагогаў, менш бюракратыі, неабгрунтаванага кантролю, які прыніжае настаўніка;
  • прафесіяналы ў галіне адукацыі будуць належным чынам ацэненыя і запатрабаваныя, а школа будзе вучыць, а не выконваць неўласцівыя функцыі. Прэстыж прафесіі будзе расці разам з заробкам настаўніка, у прафесію будуць імкнуцца найлепшыя, адданыя пакліканню людзі, вартыя павагі. 

Таму мы заклікаем:

  • быць салідарнымі ў імкненні да  законнасці, да захавання і выканання канстытуцыйных нормаў і базавых правоў чалавека: недатыкальнасці і годнасці асобы, выбару ўлады, гарантаванне свабоды слова і мірных сходаў ды інш.;
  • скарыстаць шанец пабудаваць сапраўды незалежную заможную прававую еўрапейскую дзяржаву, адкуль не будуць з’язджаць нашы вучні ў пошуках лепшай долі;
  • выкарыстаць магчымасці для паляпшэння іміджу і павышэння ролі настаўніка ў грамадстве; 
  • узяць уласную адказнасць за захаванне законнасці і забяспечыць празрысты падлік галасоў, не падпісваць пратаколы, калі вы не ўпэўніліся, што кожны голас улічаны (для педагогаў-членаў выбарчых камісій). 

Прапануем падпісаць гэты зварот усім настаўнікам, педагогам, супрацоўнікам сістэмы адукацыі, адукацыйным арганізацыям і ініцыятывам. 

 

Спіс падпісантаў тут.
 

Рэдактарская група сайта Nastaunik.info

РГА "Таварыства беларускай школы"