Ганне Севярынец не працягнулі кантракт

13.06.2020

«Дырэктар сказаў, што як настаўнік я маю права на думкі наконт сістэмы адукацыі, але я не маю права як настаўнік крытыкаваць уладу, што наша задача — абслугоўваць ідэалогію, якая ёсць. І пакуль я не выказвалася на адрас першай асобы, то гэта разумелі, а цяпер не разумеюць», - напісала Ганна Севярынец на сваёй старонцы. 
Ганна Севярынец працуе ў Смалявіцкай раённай гімназіі, выкладае рускую мову і літаратуру.
«Як дырэктар навучальнай установы я прымаю рашэнне, працягваць ці не працягваць кантракт, — пракаментаваў сітуацыю Радыё Свабода дырэктар Смалявіцкай раённай гімназіі Дзяніс Дубаневіч . — Больш нічога на гэты конт каментаваць не буду».
 

Нагадваеем:
Ганна Севярынец - настаўніца рускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, лаўрэат конкурсу "Настаўнік года Мінскай вобласці  - 2017", фіналіст гэтага ж конкурск 2020 г. , 
даследчыца, пісьменніца. Больш пра яе мажна пачытаць у Вікіпедыі. 

Верш Ганны Севярынец «А я за вас не галасавала ніколі».

(Верш настаўніца апублікавала ў сваім профілі сацыяльнай сеткі Фэйсбук 5 чэрвеня. І ўсяго праз некалькі дзён стала вядома аб яе звальненні.)
 
А я за вас не галасавала ніколі.
Увогуле вы для мяне заўсёды былі – тата Колі.
Як працуеш у школе, людзей вымяраеш дзецьмі і татамі.
Бачыш, якім быў чалавек, калі шчэ сядзеў за партаю,
Бачыш у кожным ягоных бацьку і матку,
Ці, часам бывае, што і ў адваротным парадку.
Таты такія не часта, але ж бываюць,
З тых, хто думае, што лепей за ўсіх і усё знае,
Прыйдзе на бацькоўскі сход – і давай вучыць, як вучыцца,
Якім часам ўставаць на заняткі, лячыцца альбо не лячыцца,
Хто дурны, хто разумны, якой даўжыні спадніца
Павінна быць у русіцы і ў беларусіцы,
Карацей, ён ведае ўсё, шчэ лепей за матку,
Бо тая сядзіць дома і сочыць у іх за парадкам.
Паспрабуй не заўваж Колю такога таты.
Ды ён і сам нагадае, бо вучыцца сапраўды выдатна,
Ён не можа быць не ўзорным, і ён насамрэч ўзорны,
Паспрабуй быць іншым, як трапіш у такія жорны.
Кожны тата мае ўладу над уласным сынам.
Нават калі таты няма – адсутнасць ягоная ў спіне стыне.
Татаў лёс кладзецца на сына гарчэй за праклёны,
Альбо лягчэй за крылы – гэта ўжо хто на што здольны.
Усё, што ты робіш, і добрае, і асабліва благое,
Здарыцца ў сыне гарачым агнём ці апошняй агоніяй.
Асабліва калі не адпусціш яго, не аддасі ўлады –
Ён і пасля цябе будзе раздаваць даўгі тваіх перамог і здрадаў.
І калі ты, напрыклад, у жаху альбо асляпленні
Будуеш турмы і ставіш паўсюд ачапленні,
Вырашаеш за іншых, як ім жыць і куды збірацца,
Дык першым пакутуе сын, бо толькі яму і не ўратавацца.
І калі – хай бы хто мне сказаў, што такога не будзе –
Гэты тата аддасць загады страляць па людзях,
Я б сказала яму – для сябе мне не страшна болю –
Не думай пра мяне, страляй. Але думай пра Колю.
 

Ганна Севярынец на нашым сайце:

  1. Ганна Севярынец прадставіла сваю методыку навучання рускай літаратуры з апорай на беларушчыну

  2. Ганна СЕВЯРЫНЕЦ. 10 займальных сюжэтаў беларускай літаратуры, пра якія не распавядаюць у школе

  3. EdCamp 2018. Ганна Севярынец. Беларускае -- перадусім.

  4. Ганна Севярынец: Мы не панікуем, калі патрабуем расказваць нам праўду

  5. Ганна СЕВЯРЫНЕЦ. Пра напаўняльнасць, праграмы, падпіску і сапраўдныя мэты Міністэртсва адукацыі

  6. «Я прыглядаюся да дзяцей» — Ганна Севярынец пра гібель «старога свету вэртыкаляў улады і паслухмяных чыноўнікаў»

  7. «Чаму ў праграмах «Барадзіно» ёсць, а «Пахне чабор» няма?» Адкрыты ліст міністру адукацыі

 

Прапануем таксама артыкул, надрукаваны на партале выдавецкага дома "Звязда" 9 чэрвеня 2020 г. пра даследчую працу Ганны Севярынец. 

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Творчыя знаходкі і дары Ганны Канстанцінаўны Севярынец

Ганна Севярынец – даследчыца, якая стала яшчэ адным актыўным удзельнікам і сябрам праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, што рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і часопісам “Маладосць”.

Ёсць людзі, гатовыя шчыра дзяліцца сваімі дасягненнямі і адкрыццямі і пры гэтым здольныя запаліць жаданне дзейнічаць самастойна і здабываць новыя веды. Такой асобай для нашага праекта стала Ганна Канстанцінаўна Севярынец – руплівая даследчыца, пісьменніца, выкладчыца, якая звярнулася ў сваіх навуковых пошуках да няпростай старонкі гісторыі беларускай літаратуры 1920–1930-х гг. Гэта былі гады наладжвання літаратурнага працэсу, з’яўлення новых жанраў у літаратуры. Але разам з тым яны сталі перыядам рэпрэсій, знішчэння лепшай часткі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.

З гатоўнасцю падзяліцца сваімі ведамі пра гэты час Ганна Севярынец уключылася ў праект На хвалі часу, у плыні жыцця, прымеркаваны да 100-годдзя Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”. Яна прыняла ўдзел у мерапрыемстве, прысвечаным 110-годдзю Валерыя Маракова (1909–1937) – Мы будзем жыць, жыццё – за нас…, якое прайшло 14 сакавіка 2019 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры і азнаменавала пачатак дзейнасці “праекта чатырох”. На імпрэзе пісьменніца падзялілася сваімі адкрыццямі, зробленымі падчас працы над кнігай Гасцініца «Бельгія» (2019).

На працягу ўсяго мінулага года даследчыца прымала актыўны ўдзел у нашых мерапрыемствах. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры яна прачытала адкрытыя лекцыі Здароў, Паўлюк (да 115-годдзя Паўлюка Труса), Крытык і сусвет. Адам Бабарэка, літаратура і літаратары (да 120-годдзя Адама Бабарэкі), “Супярэчлівы час як паэтычная трагедыя. Каліноўскі, Сталін, БССР і Беларусь у вершах Алеся Дудара (да 115-годдзя Алеся Дудара). Усе мерапрыемствы, якія праходзяць пры ўдзеле Ганны Канстанцінаўны, атрымліваюць цёплыя водгукі у СМІ і сацсетках. Як тут не згадаць і Дзень літаб’яднання “Маладняк”, які зладзіла 16 студзеня 2020 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі, калі дзякуючы натхнёнаму выступленню Ганны Канстанцінаўны слухачы адчулі атмасферу эпоху “маладнякоўцаў”, убачылі іх жывымі людзьмі:

Наша бяда ў тым, што пра творчасць мы мяркуем без разумення таго, што яе аўтары – людзі. Гэтыя вершы, якія мы бяромся судзіць так і гэтак, пісаліся людзьмі, і ў невыносных умовах. У такіх умовах людзі не павінны не тое што пісаць – у такіх умовах людзі жыць не павінны. А яны жылі і пісалі…”.

Падтрымала пісьменніца праект і на старонках часопіса “Маладосць”, дзе апублікавала артыкулы, прысвечаныя П. Трусу – Здароў, Паўлюк!, і А. Дудару – Грай, Дудар. У № 7 “Маладосці” за 2020 г. чакаецца яе новы артыкул да юбілею Уладзіміра Дубоўкі і адкрыцця прысвечанага яму раздзела віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

Дзякуючы дапамозе даследчыцы, мы атрымалі копіі каштоўных дакументаў і фотаздымкаў з архіва Уладзіміра Дубоўкі, які захоўваецца ў ЦНБ НАН Беларусі. З Г.К. Севярынец падпісаны аўтарскі дагавор, у выніку чаго ў рамках праекта ў поўным аб’ёме размешчана даследаванне жыцця і творчасці пісьменніка – кніга “Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго(2017).

Адзін з нядаўніх каштоўных дадаткаў да праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” – відэазапіс цыкла з 4 лекцый Ганны Севярынец пад назвай Непаслухмяныя дзеці Кастрычніка: палітыка, паэтыка, этыка і эстэтыка “Маладняка”, які ладзіўся ў рамках Беларускага калегіюма”. Аматары літаратуры эпохі “Маладняка” цяпер могуць пазнаёміцца з глыбокім аналізам гістарычных умоў і прычын узнікнення першых беларускіх літаратурных аб’яднанняў, асэнсаваннем асноўных кірункаў творчага пошуку тагачаснай беларускай літаратуры і ўсяго, што паўплывала на лёс згуртавання “Маладняк” і яго сяброў.

У час эпідэміялагічнага становішча ў краіне магчымасць далучыцца да цікавага мерапрыемства, не выходзячы з дому, асабліва каштоўная. Прапануем ужо зараз праслухаць адну з лекцый Ганны Севярынец: