Ганна Севярынец: Мы не панікуем, калі патрабуем расказваць нам праўду

31.03.2020
Чамусьці — цяжка зразумець, чаму — панікай сёньня называюць тое, што панікай не зьяўляецца. Зь невядомай прычыны цалкам усьвядомленыя, лягічныя рухі людзей і арганізацый — надзець маскі, адправіць супрацоўнікаў у ізаляцыю, не пусьціць дзяцей у школу, часова закрыць бізнэс, запатрабаваць інфармацыю — называюцца панікай.
 
Затое гістэрычныя паводзіны тых, каго мы нанялі за свае падатковыя грошы прымаць рашэньні і вызначаць стратэгіі, чамусьці панікай не называюцца. Хіба гэта не панічныя паводзіны: спачатку аб’явіць у школах пачатак датэрміновых вакацый, а потым празь некалькі гадзінаў адмяніць? Сказаць родным, што ў пацыента каранавірус, а потым пераконваць усіх, што каранавірусу не было? Альбо, наадварот, сказаць, што не было, а потым сьцьвярджаць, што быў?
Шыфраваць інфармацыю пра хворых у выглядзе рэбусаў з матэматычнага падручніка для сёмай клясы?
 
Насамрэч грамадзтва ў асноўным не панікуе. Панічныя настроі ў сацыяльных сетках даволі хутка і пасьпяхова купіруюцца самімі карыстальнікамі, на вуліцах дык і наогул — ніякіх прыкметаў панікі.
 
І таму мы не панікуем, калі патрабуем: расказвайце нам праўду.
 
Бо нам, грамадзтву, якое ўтрымлівае дзяржаўны апарат і працягвае хадзіць на працу, падтрымліваючы вашую эканамічную мадэль, здаецца, што ў вас нешта ідзе ня так.
Нам здаецца, што вы, кіраўніцтва, памыляецеся. І мы хочам гутарыць з вамі пра гэта.
Ці сапраўды эфэктыўная стратэгія ізаляцыі кантактаў першага ўзроўню замест разумных — якія мы можам сабе дазволіць — карантынных захадаў? Ці сапраўды гэта эфэктыўная ідэя: забіць бітма лякарні кантактамі першага ўзроўню, дзе яны ляжаць там у куламесе інфікаваныя зь неінфікаванымі — і дзеля гэтага выпісаць адтуль людзей, якія ўмудрыліся захварэць не на каранавірус?
 
Ці гэта сапраўды добрая ідэя — зьнясіліць дактароў на сізіфавай працы з кантактамі першага ўзроўню, замест таго, каб падрыхтаваць іх да выбуху пнэўманій, які ў нас, магчыма, будзе, а можа, ужо і ёсьць?
 
Ці гэта добрая ідэя — не закрываць школы на карантын, а вывозіць аўтобусамі некаторыя клясы і групы, якія кантактавалі з захварэлымі настаўнікамі? А потым класьці іх у тыя самыя лякарні, дзе ўжо ляжаць інфікаваныя?
А што з тымі, каму зараз трэба мяняць кардыёстымулятары, абсьледавацца на анкалёгію, што зь людзьмі, у якіх дыябэт, што з інсультнікамі-інфарктнікамі? Куды будуць класьці тых, каму патрэбна рэанімацыйная дапамога? Ці тыя сьмерці, якія зараз могуць павялічыцца, але будуць не ад каранавірусу, — яны не ўлічваюцца?
 
Гэта проста пытаньні, на якія хацелася б атрымліваць адказ. Хацелася б чуць — і пажадана, каб кожны дзень — справаздачу чыноўнікаў і тлумачэньне кожнага незразумелага выпадку. Хацелася б, каб не ўзьнікала супярэчнасьцяў паміж рэчаіснасьцю і словамі высокага кіраўніцтва.
 
А яны ўзьнікаюць. Студэнтаў БДУ адправілі на дыстанцыйнае, потым выклікалі назад, потым зноў на дыстанцыйнае — а цяпер ужо патрабуюць, каб яны езьдзілі на факультэты раз на тыдзень. Гэта што за мера? Чаму яна прымаецца? Як яна карэлюе з тым, што адбываецца навокал? Да якіх пазытыўных наступстваў яна вядзе?
 
Адмянілі масавыя сходы ў сфэры адукацыі, але ж патрабуюць на канікулах абавязкова правесьці нейкія актыўнасьці зь дзецьмі ў клясах. Што? Ці гэта неяк спрыяе эканамічнаму росту, утрыманьню сытуацыі ў межах, нераспаўсюду вірусаў? Проста патлумачце нам тыя рашэньні, якія вы прымаеце.
 
Чаму абмяжоўваецца доступ да інфармацыі? Чаму няма адэкватнага аналізу сытуацыі з прызнаньнем памылак і распрацоўкай «пляну В»? Чаму нашы дактары, якія зараз працуюць у надзвычай няпростых умовах, зьвязаныя па руках і нагах падпіскамі аб невыдаваньні? Калі ў нас усё кантралюецца, што яны павінны не выдаваць? Спакойную карціну кантраляванай эпідэміі?
 
Гэта ня наша воля паралізаваная. Гэта вашая воля, кіраўнікоў усіх узроўняў, паралізаваная. Гэта вы панікуеце, бо ведаеце, што ня можаце прымаць самастойных рашэньняў альбо ўплываць на рашэньні іншых — але адказваць за наступствы чужых рашэньняў будзеце. Гэта ня мы панікуем, калі патрабуем адкрытай інфармацыі. Гэта вы ня ведаеце, як нам яе цяпер даць.
 
Шкада, безумоўна. Нас шкада, вас шкада. Дзяцей капыльскіх, якіх аўтобусамі вывезьлі ў бальнічны карантын, моцна шкада. Дактароў нашых, якім не дадуць быць героямі, якія будуць пластацца на гэтай пандэміі гэтаксама гераічна, як дактары ўсяго сьвету — а ім ня будуць пляскаць у далоні па вечарах, а будуць клясьці за тое, што лгуць і маўчаць. Старых нашых шкада, якія забіваюць з раніцы электрычкі, у якіх едуць на дачы — і тонкія галінкі саджанцаў калыхаюцца над вязанымі бэрэткамі і палінялымі кепкамі бабуляў і дзядуляў.
 
Проста скажыце нам праўду. Проста пачніце з намі размаўляць. Ня бойцеся і не панікуйце. Праўда — гэта ня страшна. Дактары бяз масак і пацыенты без ШВЛ — вось гэта страшна, а праўда і дыялёг з уласным грамадзтвам — не.
 
Ганна Севярынец, Радыё Свабода