Каранавірус:ці трэба ўводзіць каранцін?

17.03.2020

Каранавірус скаваў краіны, эканомікі,  прымусіў дзяржавы кантраляваць межы, уводзіць надзвычайныя меры. Чаму Беларусь - адзіная сярод суседзяў не ўвяла каранцін у школах? Якія працэсы можа запусціць каранцін у Беларусі? 
Намесніца старшыні ТБШ Тамара Мацкевіч дыскутуе з Паўлам Свярдловым (Еўрарадыё)

Кароткі змест:

Пазітыўныя працэсы ў грамадстве, якія можа запусціць каранцін у школах.

1) Міністэрства і настаўнікі пачнуць ствараць магчымасці для дыстанцыйнага навучання школьнікаў. 
У Кодэксе аб адукацыі няма нават згадкі пра дыстанцыйную форму навучання. Аднак настаўнікі-наватары карыстаюцца змяшаным навучаннем, размяшчаюць свае ўрокі на платформах moodle, kahoot, canvas. Доўгатэрміновы каранцін зможа падштурхнуць  Міністэрства адукацыі заняцца стварэннем платформаў для дыстанцыйнага навучання ў адпаведнасці з зацверджанымі праграмамі і КТП. Таксама настаўнікі, грамадскія арганізацыі і сацыяльна адказны бізнес могуць далучыцца да стварэння зместу і тэхнічных умоваў.  Створаныя 
платформы потым будуць выкарыстоўвацца вучнямі падчас хваробаў, дзецьмі, якія знаходзяцца на дамашнім навучанні, дзецьмі эмігрантаў, якіх вымушана пазбавілі магчымасці вучыцца ў Беларусі на сваёй мове і г.д.

2) Бацькі возьмуць адказнасць за сваіх дзяцей, у тым ліку за змест і якасць іх адукацыі.
Аўтарытарныя дзяржавы зацікаўлены ў падтрымцы высокай ступені інфантылізму ў грамадстве. Палітыка патэрналізму прывяла да таго, што бацькі не толькі не вырашаюць як і чаму вучыць сваіх дзяцей, нават не маюць права выбраць для іх зручнае адзенне для школы. Пандэмія каранавірусу прымусіла зразумець, што дзяржава не прымае адказных рашэнняў у сітуацыі каранавірусу, калі ўзнікла пагроза здароўю дзяцей і настаўнікаў, не бярэцца арганізаваць навучанне для школьнікаў падчас пандэміі. Бацькі нарэшце зразумелі, што толькі яны, а не дзяржава, не школа, не настаўнікі адказныя за сваіх дзяцей, за іх здароўе, змест і якасць навучання. 

3) Новыя эфектыўныя методыкі і ІКТ пачнуць хутчэй пранікаць у школы: перакуленае і змяшанае навучанне, актыўная ацэнка (калі вучні самі адказныя за свае поспехі і вынікі), МООС, інш.
Шмат інавацый у беларускай школе робіцца толькі на паперы. Каранавірус падштурхне да сапраўднага выкарыстання сучасных тэхналогій навучання, эфектыўнасць якіх даказана для офлайн, онлайн і змяшанага навучання. 


4) З'явяцца адказныя і адважныя кіраўнікі школ, якія будуць дзейнічаць самастойна: прынамсі прымаць рашэнні ў крызісных сітуацыях, не чакаючы ўказанняў зверху.
Мы ўсе ўбачым крах вертыкальнай улады і зразумеем, што толькі дэмакратычныя метады і дэмакратычныя рэформы змогуць быць эфектыўнымі для вырашэння праблем у адукацыі.

5) Настаўнікі пачнуць адстойваць свае правы: права на жыццё, права на забеспячэнне сродкамі навучання ў школах, права на абарону з боку прафсаюзаў...
Калі Міністэрства адукацыі кажа пра тое, што небяспекі для вучняў няма, яно не зважае, што ў школах працуюць і настаўнікі, шмат з якіх знаходзяцца ў групе рызыкі. Гэта добры штуршок для настаўнікаў аб'яднацца для адстойвання сваіх прафесійных і асабістых правоў, прымусіць прафсаюзы, кіраўніцтва школ дзейнічаць у іх інтарэсах.