13 гадоў калоніі і 110 тысяч рублёў кампенсацыі для сямʼі забітай настаўніцы

11.09.2019

13 гадоў калёніі і 110 тысяч рублёў кампэнсацыі для сямʼі забітай настаўніцы прысудзіў Менскі абласны суд 11-клясьніку Вадзіму М. за двайное забойства ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 11 лютага 2019 году. Прысуд агучылі ў судзе Стаўпецкага раёну 11 верасьня.

 

 

Разгляд справы пачаўся 19 жніўня, працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Падчас судовых спрэчак дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць Вадзіма М. зьняволеньнем на 13 гадоў. Вядома таксама, што абвінавачаны прызнаў сваю віну часткова. У выніку суд прысудзіў Вадзіму М. пакараньне ў выглядзе 13 гадоў калёніі.

Суд таксама пастанавіў спагнаць 110 тысяч рублёў кампэнсацыі для сямʼі забітай настаўніцы.


 

Вадзіма М. абвінавачвалі ў злачынствах, прадугледжаных:

  • ч. 3 арт. 339 (хуліганства з выкарыстаньнем зброі);
  • пп.1, 6, 13 ч. 2 арт 139 (забойства дзьвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх матываў);
  • ч.1 арт.14 (спроба злачынства);
  • пп.1, 6, 10, 13 ч. 2 арт. 139 (забойства дзьвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх матываў і забойства асобы ў сувязі з выкананьнем ёю службовых абавязкаў).

Сын загінулай настаўніцы пасьля прысуду Вадзіму М.: «Што яму перашкодзіць паўтарыць гэта зноў?»

Дзяржаўны абвінаваўца пасьля паседжаньня выйшаў да журналістаў, але на большасьць пытаньняў адказаць ня змог, бо працэс быў закрыты.

Судзьдзя зачытаў толькі рэзалютыўную частку прысуду, гэта заняло каля трох хвілін. Потым родныя ахвяр і абвінавачанага хутка сышлі з залі. Даць невялікі камэнтар пагадзіўся толькі сын загінулай настаўніцы.

«Гэта максымальны тэрмін, але людзей усё адно не вярнуць, — сказаў пасьля прысуду сын загінулай настаўніцы Марыны Пархімовіч. — Ён забіў чалавека, які даваў іншым веды. Такім, як Аляксандар Раманаў. Раманаў мог праславіць ня толькі Стоўпцы, але і краіну ў цэлым. Грамадзтва згубіла такіх людзей, а атрымала аднаго такога. Чалавек проста беспрычынна забіў людзей, як аказалася. Што яму перашкодзіць паўтарыць гэта? Ці раскаяўся ён? На словах можна раскаяцца. Вы бачылі яго вочы?»


 

Пракурор Ягор Сітнік, які прысутнічаў на працэсе ў якасьці дзяржаўнага абвінаваўцы, таксама пагадзіўся пагаварыць з журналістамі. Ён паведаміў, што злачынства было зьдзейсьненае «з хуліганскіх памкненьняў», а 13 гадоў калёніі — максымальна магчымае пакараньне ў дадзеным выпадку. На пытаньні, якія тычыліся разгляду справы і стану здароўя абвінавачанага, пракурор адказваць адмовіўся, спаслаўшыся на закрытасьць працэсу.

Усе ўдзельнікі працэсу далі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. Яны ня маюць права расказваць пра тое, што адбывалася ў судовай залі падчас працэсу.

Разгляд справы прайшоў у закрытым рэжыме (паводле ч. 2 арт. 23 УПК), бо на момант злачынстваў, у якіх яго абвінавачваюць, М. не дасягнуў 16-гадовага ўзросту. У матэрыялах справы былі зьвесткі пра стан ягонага здароўя, якія складаюць мэдычную таямніцу (арт. 46 закону «Аб ахове здароўя»).


Першапачаткова на паседжаньне зьбіраліся дапусьціць толькі бацькоў абвінавачанага, а таксама па адным пацярпелым — мужа загінулай настаўніцы і бацьку 11-клясьніка Аляксандра Р. Аднак на першым паседжаньні судзьдзя пагадзіўся прызнаць пацярпелымі таксама сястру настаўніцы Марыны Пархімовіч і яе сына.

Пачынаючы з 19 жніўня суд праходзіў амаль безь перапынкаў. Разгляд справы быў прыпынены на некалькі дзён толькі перад спрэчкамі бакоў, якія прайшлі ў панядзелак 9 верасьня.

Радыё Свабода