З курса гісторыі за XI клас знікла дзяржаўная сімволіка БССР і парламенцкая апазіцыя — спіс усіх зменаў

05.08.2017

Браніслаў Юрэвіч, Наша Ніва

«Наша Ніва» параўнала праграму па гісторыі Беларусі для XI класа за мінулы і наступны навучыльныя гады. Удакладнім, што прадмет выкладаецца адзін раз на тыдзень, агулам 35 гадзін.

Такім чынам, якія падтэмы не будуць акцэнтавацца ў падручніках? Налічылася ўсяго пяць падтэмаў, якія былі скарочаныя з падручнікаў.

З грамадска-палітычнага жыцця БССР зніклі «Адносіны ўлады да грамадзян, якія падвергліся рэпатрыяцыі», а таксама «Дзяржаўная сімволіка БССР».

У раздзеле, прысвечаным суверэннай дзяржаве, не будзе акцэнтавацца ўвага на «Прыватызацыі пачатку 1990-ых». Школьнікі таксама не будуць вывучаць «Гаспадарчых дзеячаў — Герояў Беларусі» і «Дзеячаў навукі і культуры».

Апроч таго, у агляднай тэме пра пасляваенную беларускую літаратуру прапісалі канкрэтных аўтараў, якіх трэба ўзгадаць: Якуб Колас, Янка Брыль, Міхась Лынькоў, Іван Мележ, Іван Шамякін, а таксама творчасць Петруся Броўкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова.

А ў іншым параграфе, пра гістарычную тэматыку, мусяць узгадвацца Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Іван Навуменка і Алесь Адамовіч. Раней спіс пісьменнікаў не акрэсліваўся.

Нарэшце, у канцы кожнага раздзела прыводзіцца спіс асноўных паняццяў. Былі прыбраныя «валюнтарызм», «камунізм», а таксама парламенцкая апазіцыя часоў Перабудовы.

Гэтыя змены закранаюць 1-2% ад агульнага аб'ёму праграмы. Усе ранейшыя фармулёўкі засталіся нязменнымі.

* * *

Школьная праграма па гісторыі Беларусі за XI клас.

Матэрыял, пазначаны ў праграме курсівам, мае азнаямленчы для вучняў характар і прызначаны для фарміравання ў іх агульных уяўленняў пра змест вывучаемых падзей і працэсаў.

РАЗДЗЕЛ I. БССР У ДРУГОЙ ПАЛОВЕ 1940-х - ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ 1950-х гг. (6 г)

Пераадоленне наступстваў вайны. Выхад на новы ўзровень развіцця (1 г). Людскія і матэрыяльныя страты Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Матэрыяльнае становішча насельніцтва ў першыя пасляваенныя гады. Пасляваеннае аднаўленне. Развіццё прамысловасці і транспарту ў гады чацвёртай пяцігодкі. Працоўны подзвіг беларускага народа. Курс на апераджальны рост цяжкай прамысловасці ў гады пятай пяцігодкі. Меры па аднаўленні сельскай гаспадаркі.

Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР (1 г). Асаблівасці грамадска-палітычнага жыцця. Месца Камуністычнай партыі Беларусі ў грамадска-палітычнай сістэме. Роля Саветаў дэпутатаў працоўных, прафсаюзаў, камсамола ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі. П. К. Панамарэнка. В. І. Казлоў. Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных канфесій. Знешнепалітычная дзейнасць ураджэнца Беларусі А. А. Грамыкі.

Адраджэнне і развіццё адукацыі і навукі ў БССР у пасляваенны перыяд (1 г). Аднаўленне агульнаадукацыйнай школы. Вышэйшая і сярэдняя спецыяльная адукацыя Беларусі ў першыя пасляваенныя гады. Адраджэнне і выхад беларускай навукі на новыя рубяжы. В. Ф. Купрэвіч.

Літаратура і мастацтва (1 г). Развіццё літаратуры. Адлюстраванне тэмы Вялікай Айчыннай вайны і асвятленне мірнага жыцця Беларусі ў пасляваенныя гады ў творах беларускіх празаікаў і паэтаў. Я. Колас. Я. Брыль. М. Лынькоў. І. Мележ. І. Шамякін. Творчасць П. Броўкі, М. Танка, А. Куляшова Тэатр. Музычнае жыццё. Выяўленчае мастацтва.

Асноўныя паняцці: пасляваеннае аднаўленне, рэпатрыяцыя, прынцып партыйнасці. 

РАЗДЗЕЛ II. БССР У ДРУГОЙ ПАЛОВЕ 1950-х — 1980-я гг. (11 г)

Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 1950-х — першай палове 1960-х гг. (1 г).Змены ў грамадска-палітычным жыцці. Пачатак працэсу рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій. Кіруючая роля камуністычнай партыі. Прыняцце курсу на будаўніцтва камуністычнага грамадства. К. Т. Мазураў. Роля Саветаў дэпутатаў працоўных, камсамола, прафсаюзаў у грамадска-палітычным жыцці рэспублікі.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё ў другой палове 1950-х — першай палове 1960-х гг. (1 г).Фарміраванне прамысловага комплексу ў БССР. Развіццё машынабудавання і металаапрацоўкі, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці. Вынікі развіцця сельскай гаспадаркі рэспублікі. К. П. Арлоўскі. З’яўленне новых гарадоў і жыллёвае будаўніцтва. Умовы жыцця сельскага і гарадскога насельніцтва.

Грамадска-палітычнае становішча ў другой палове 1960-х — першай палове 1980-х гг. (1 г). Далейшае замацаванне кіруючай і накіроўваючай ролі камуністычнай партыі ў жыцці грамадства. Прыняцце канцэпцыі «развітога сацыялізму». П. М. Машэраў. Удзел насельніцтва БССР у грамадска-палітычным жыцці.

Сацыяльна-эканамічнае становішча ў другой палове 1960-х — першай палове 1980-х гг. (1 г). Асноўныя прынцыпы эканамічнай рэформы 1965 г. Прамысловае развіццё рэспублікі ў другой палове 1960-х — першай палове 1980-х гг. Працэс урбанізацыі. Сельская гаспадарка: меліярацыя і хімізацыя, будаўніцтва буйных жывёлагадоўчых комплексаў. Замаруджванне тэмпаў росту эканомікі і сацыяльнай сферы ў першай палове 1980-х гг. Узровень дабрабыту насельніцтва.

БССР у час ажыццяўлення палітыкі перабудовы (2 г). Рэфармаванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы. Выбары народных дэпутатаў у Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя саветы на альтэрнатыўнай аснове. Фарміраванне шматпартыйнасці.

Рэалізацыя курсу на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця. Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы для насельніцтва і гаспадаркі Беларусі. Пагаршэнне становішча ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Змены ў дабрабыце народа.

Развіццё адукацыі і навукі (1 г). Рэформа агульнаадукацыйнай школы і пераход да абавязковага 8-гадовага навучання. Увядзенне ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Пашырэнне сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Развіццё вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Дасягненні вучоных Беларусі. Удзел беларусаў у асваенні касмічнай прасторы. Уклад вучоных — ураджэнцаў Беларусі — у развіццё ваенна-прамысловага комплексу СССР. Дасягненні беларускіх савецкіх спартсменаў.

Літаратура (1 г). Умовы развіцця беларускай літаратуры. Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў. Адлюстраванне жыццёвых лёсаў беларусаў. Увасабленне гістарычнай тэматыкі. І. Шамякін. В. Быкаў. І. Навуменка. А. Адамовіч.

Выяўленчае, тэатральнае, музычнае мастацтва (1 г). Адлюстраванне культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі ў беларускім мастацтве. Тэатр. Музычнае мастацтва. Жывапіс. Скульптура. Кіно.

Асноўныя паняцці: рэабілітацыя, «развіты сацыялізм», урбанізацыя, меліярацыя, гаспадарчы разлік, ваенна-прамысловы комплекс, дэфіцыт, экстэнсіўны і інтэнсіўны шляхі развіцця эканомікі, інфляцыя, перабудова, галоснасць, выбары на альтэрнатыўнай аснове.

РАЗДЗЕЛ III. СТАНАЎЛЕННЕ І ЎМАЦАВАННЕ ДЗЯРЖАЎНАГА СУВЕРЭНІТЭТУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ (12 г)

Станаўленне дзяржаўнага суверэнітэту (2 г). Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР ад 27 ліпеня 1990 г. і наданне ёй статусу канстытуцыйнага закона. Белавежскае пагадненне. Стварэнне СНД. Прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 15 сакавіка 1994 г. і ўвядзенне пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь — А. Р. Лукашэнка. Рэспубліканскі рэферэндум 14 мая 1995 г. і яго вынікі. Дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь.

Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 1990-х гг. — пачатку ХХІ ст. (2 г).Умацаванне палітычнай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь. Рэспубліканскі рэферэндум 24 лістапада 1996 г. і яго вынікі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2001 г. Рэспубліканскі рэферэндум 17 кастрычніка 2004 г. і яго вынікі. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2006, 2010, 2015 гг. Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні. Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных канфесій.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё (2 г). Эканамічнае становішча Рэспублікі Беларусь у першай палове 1990-х гг. Пошук шляхоў пераходу да рыначнай сістэмы эканамічных адносін.

Распрацоўка беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця і яе сутнастныя характарыстыкі. Мэты і сродкі рэалізацыі сацыяльна арыентаванай эканомікі. Роля Усебеларускіх народных сходаў у вызначэнні прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Змены ў дабрабыце насельніцтва. Дзяржаўная маладзёжная палітыка.

Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь (2 г). Фарміраванне і прыярытэты знешнепалітычнага курсу Рэспублікі Беларусь. Дзейнасць Беларусі ў ААН. Умацаванне сувязей з краінамі СНД. Развіццё ўзаемаадносін паміж Беларуссю і Расіяй.

Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі. Шматвектарнасць знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Узаемаадносіны Беларусі з краінамі Еўрапейскага Саюза. Еўразійскі эканамічны саюз. Супрацоўніцтва з краінамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

Развіццё адукацыі, навукі і культуры (2 г). Афармленне дзяржаўнага статусу беларускай і рускай моў. Забеспячэнне адзінства правапісных норм беларускай мовы. Станаўленне і развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі. Рэформа агульнаадукацыйнай школы.

Роля прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сучасная сістэма вышэйшай адукацыі. Развіццё беларускай навукі. Ураджэнцы Беларусі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь — Нобелеўскія лаўрэаты. Развіццё ІТ-галіны.

Новы этап у развіцці беларускай літаратуры. Выяўленчае мастацтва. Тэатральнае і музычнае жыццё. Адлюстраванне ў мастацтве гістарычнай памяці пра мінулае беларускага народа. Аднаўленне помнікаў архітэктуры. Дасягненні спартсменаў Рэспублікі Беларусь.

Асноўныя паняцці: дзяржаўны суверэнітэт, рэферэндум, Рэспубліка Беларусь, Белавежскае пагадненне, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, унітарная дзяржава, прававая дзяржава, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Палата Прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, ідэалогія беларускай дзяржавы, сацыяльна-арыентаваная эканоміка, інтэграцыя, Мытны саюз, Еўразійскі эканамічны саюз, Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі.
http://nn.by/?c=ar&i=195129

Дадаць каментар

Перазагрузіць Type the characters you see in this picture.
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія Вы бачыце на малюнку; калі вы не можаце прачытаць іх, адпраўце форму і для Вас будзе створаны новы вобраз. Не адчувальныя да рэгістра.  Пераключыць на аўдыя-праверку.