Як працуе прафсаюз літоўскіх настаўнікаў

03.01.2013

На лістападаўскіх канікулах група беларускіх настаўнікаў наведала Літву з адукацыйным візітам «Знаёмства з літоўскай сістэмай адукацыі». Вандроўку арганізавала грамадская арганізацыя АЦ «Пост», а непасрэдна апекавалася намі супрацоўніца адукацыйнага цэнтра Аля Дзяргай.

Найперш хачу падзякаваць усім, хто прыдумаў і рэалізаваў такі цікавы праект, асабліва спн. Алю. Хочацца падзяліцца з калегамі ўражаннямі ад візіту, бо паглядзець ў літоўскіх школах ёсць на што.

Ля Вострай Брамы
Ля Вострай Брамы

Найбольш цікавую інфармацыю ды ўражанні мы атрымалі ад сустрэчы з Ромасам Туронісам, намеснікам старшыні прафсаюза настаўнікаў Літвы. Ён расказаў, як жывецца літоўскім педагогам, як прафсаюз бароніць і прадстаўляе інтарэсы сваіх сяброў.

Сустрэча з Ромасам Туронісам, намеснікам старшыні прафсаюза настаўнікаў Літвы
Сустрэча з Ромасам Туронісам, намеснікам старшыні прафсаюза настаўнікаў Літвы

Гэты прафсаюз работнікаў адукацыі сёння ў Літве не адзіны. У савецкія часы, канечне ж, быў адзін прафсаюз працаўнікоў асветы, у які ўваходзіла 100 % настаўнікаў. Пасля адраджэння незалежнасці колькасць чальцоў моцна паменшылася – да 2 тысяч асобаў. У 2001 – 2002 гг. з-за напружанай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі прафсаюз педагогаў пашырыўся да 10 – 11 тысяч. У 2006 г. кіраўнік прафсаюза ажыццявіў непрыгожыя фінансава-гаспадарчыя махінацыі – гэта прывяло да таго, што 6 тысяч чалавек сышлі з гэтага вялікага прафсаюза і стварылі новую арганізацыю – з чыстага ліста, без усялякай маёмасці. Такім чынам, прафсаюз, які ўзначальвае сп. Туроніс, існуе з 2006 года. З таго вялікага прафсаюза таксама выйшлі працаўнікі вышэйшых школаў і стварылі свой асобны прафсаюз працаўнікоў вышэйшай школы. «Мы канкуруем з імі і супрацоўнічаем адначасова», – кажа спадар Туроніс.

У школьны прафсаюз уваходзяць усе работнікі школаў – прыбіральшчыцы, бухгалтары, сакратары, але большасць – настаўнікі. Галоўныя задачы прафсаюза – абарона правоў і прадстаўленне інтарэсаў яго чальцоў. Прадстаўляе інтарэсы настаўнікаў прафсаюз на трох узроўнях – у школах, у мясцовым самакіраванні і на нацыянальным узроўні. У школах прафсаюз удзельнічае ў прыняцці працоўнага дагавора, у ім прапісваюцца падрабязна ўмовы працы, павышэння кваліфікацыі,звальнення, аплаты. На ўзроўні самакіравання заключаецца трохбаковае пагадненне паміж аб’яднаннем прафсаюзаў, дырэктарамі і самакіраваннем. Шляхам перагавораў вырашаюцца пытанні закрыцця школаў, звальнення і працаўладкавання настаўнікаў – так гэтыя балючыя пытанні вырашаюцца лягчэй. На нацыянальным узроўні прафсаюз вядзе перамовы з Міністэрствам, Урадам і Парламентам. Вось, напрыклад, нядаўна абмяркоўвалі з Парламентам закон пра адукацыю, бюджэт, лабіравалі свае прапановы пра грошы для школаў.

Урад Літвы фінансуе «кошык вучня»– прафсаюз сочыць, каб інтарэсы настаўніка таксама ўлічваліся, у тым ліку і ў гэтым «кошыку». «Кошык вучня» – гэта сума, якую дзяржава выдзяляе на кожнага вучня, 3310 літаў (каля 1000 $) на год для звычайнага вучня, у 2 разы больш для дзіцяці з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, больш таксама ў польскіх, беларускіх, рускіх, гэта значыць, у нацыянальных, школах.

У гэтым будынку ў 1920 – 30-я гады была Віленская беларуская гімназія
У гэтым будынку ў 1920 – 30-я гады была Віленская беларуская гімназія

«Аплата працы і сістэма кваліфікацыі настаўніка – вось тыя праблемы, у якія прафсаюз настаўнікаў найбольш ангажаваны. Вельмі складаная атрымалася ў нас сетка аплаты. Хацелі зрабіць справядлівейшай, а атрымалася вельмі складанай. 28 кастрычніка ў нас прайшлі выбары ў Парламент (перамаглі сацыял-дэмакраты – заўвага Н. І.), хочуць зрабіць сетку больш простай, але гэта ўжо будзе менш справядлівая сістэма»,– тлумачыць эксперт.

Важнай справай прафсаюза з’яўляецца навучанне настаўнікаў уменням адстойваць свае правы. Зараз арганізацыя ажыццяўляе праект Еўрапейскага Саюза «Развіццё сацыяльнага партнёрства», на які атрымала 1 млн. літаў (каля 300 000 $). Усе грошы толькі на навучанне – праводзяць семінары на тэмы: правы і абавязкі настаўніка, працадаўцы, канфлікты і іх вырашэнне, мастацтва вядзення перагавораў, працоўнае права. Абавязаліся навучыць 850 настаўнікаў, робяць гэта на аднадзённых семінарах па 6 – 8 акадэмічных гадзін. «Мы вучым нашых настаўнікаў, што ўдзельнічаць у педсаветах, нарадах пры дырэктары гэта ёсць іх права, а не абавязак. Разуменне гэтага дапамагае ім быць больш самастойнымі», – падкрэслівае сп. Туроніс.

Яшчэ адна справа, якой апякуецца прафсаюз, – кваліфікацыя і атэстацыя настаўнікаў. У літоўскага педагога ёсць 4 кваліфікацыйныя катэгорыі: настаўнік, старшы настаўнік, метадыст і эксперт. На кожную ступень праходзяць атэстацыю проста ў школе. Для гэтага ў кожнай навучальнай установе створана кваліфікацыйная камісія (туды абавязкова ўваходзіць і прадстаўнік прафсаюза), якая назірае 12 ўрокаў настаўніка і на падставе гэтых урокаў прысвойвае новую катэгорыю. «Міністэрства хоча прымусіць настаўнікаў пацвярджаць катэгорыю кожныя 5 год, мы супраціўляемся, пакуль што паспяхова», – кажа прафсаюзны кіраўнік.

Пры размеркаванні нагрузкі бываюць спрэчкі ў школе і прафсаюз дапамагае іх вырашаць. Бываюць выпадкі, калі прафсаюз звяртаўся па дапамогу да кантралёра па роўнасці, той пісаў ліст дырэктару школы – і гэта дапамагло абараніць сябра прафсаюза. «Бываюць несправядлівыя вымовы, мы ўмешваемся – і спрэчка вырашаецца на карысць настаўніка. Калі чалавек атрымаў вымову, то не атрымлівае падарунка да Калядаў, нельга на працягу года павысіць сваю кваліфікацыйную катэгорыю.Таму мы заахвочваем сваіх сяброў абавязкова аспрэчваць несправядлівыя вымовы ў камісіі па працоўных спрэчках, а ўжо потым у судзе». У судах настаўнікі, бывае, аспрэчваюць несправядлівае звальненне. У Літве існуе закон: калі ідзе скарачэнне, нельга звольніць настаўніцу-маці, у якой дзіця да 3 гадоў, нельга звольніць кіраўніка школьнай прафсаюзнай арганізацыі, настаўніка з высокай катэгорыяй, настаўніцу-маці, у якой дзеці да 16 год, каму мала да пенсіі (менш за 3 гады). Прафсаюз абараняе сваіх чальцоў бясплатна ў судзе, не трэба плаціць за адваката. Ромас Туроніс расказаў нам некалькі неверагодных прыкладаў, як пры падтрымцы прафсаюза літоўскія настаўнікі дабіваюцца справядлівасці ў судах – аднаўлення на працы, вялікіх грашовых кампенсацый за вымушанае беспрацоўе і маральныя страты. Гэтыя гісторыі мне, беларускай настаўніцы, здаюцца нейкімі фантастычнымі.

«Дэпартамент аптымізму» для літоўскіх педагогаў
«Дэпартамент аптымізму» для літоўскіх педагогаў

«Але ўвогуле палітыка наша такая, што мы стараемся пазбягаць судоў, найперш спрабуем усё вырашаць перамовамі», – падводзіць рысу пад тэмай канфліктаў сп. Туроніс. Ён жартуе, што з-за таго, што яго часта клічуць дапамагаць вырашаць канфліктныя сітуацыі ў школы, за ім замацавалася жартаўлівая мянушка «хлопец па выкліку». Але мне падалося, што іншая жартаўлівая назва яго пасады – «дэпартамент аптымізму» – яшчэ лепш адпавядае сапраўднасці. Ад гэтага вялікага (я маю на ўвазе рост і вагу) чалавека сапраўды выпраменьваецца дабрыня, упэўненасць, спакойная сіла.

Пытанні беларускіх настаўнікаў Ромасу Туронісу

– Хто назначае ці выбірае дырэктараў літоўскіх школаў?

– Дырэктара школы назначае камісія: 2 асобы з Міністэрства адукацыі, 2 з мясцовага самакіравання, 2 бацькоў, 1 настаўнік і 1 вучань. Працэдура гэта складаецца з трох этапаў. Па-першае, кандыдаты на пасаду дырэктара праходзяць тэставанне ў Вільнюсе. Распрацавана спецыяльная сістэма тэстаў, якая правярае не толькі веды, але і ўменні працаваць у камандзе, слухаць іншых. Гэты экзамен праходзяць не ўсе кандыдаты, яго баяцца найбольш. Тут трэба набраць не менш, як тры балы. Па-другое, кандыдат, які прайшоў гэта тэставанне, прадстаўляе вышэйназванай камісіі з 8 асобаў свой план будучага развіцця школы. Па-трэцяе, адбываецца сумоўе ў камісіі, пасля якога кожны з яе чальцоў выстаўляе свае балы кандыдатам. Дырэктарам становіцца той, хто атрымаў большую колькасць балаў. Усё зроблена вельмі празрыста. Перавагі аддаюцца асобам, якія былі завучамі, старшынямі школьных прафсаюзных арганізацый.

Зняць дырэктара з пасады можа таксама гэта ж камісія. Прафсаюзная арганізацыя можа ініцыяваць пазачарговую пераатэстацыю дырэктара і рашэнне можа прыняць савет мясцовага самакіравання.


Дырэктар школы Ірэна Сліжаўскенэ ганарыцца, што яе абралі на гэту пасаду з 5 кандыдатаў
Дырэктар школы Ірэна Сліжаўскенэ ганарыцца, што яе абралі на гэту пасаду з 5 кандыдатаў

– Як фінансуецца дзейнасць прафсаюза, з якіх крыніц кіраўнікі прафсаюза атрымліваюць заробак?

– Сябры прафсаюза плацяць складкі – 1% свайго заробку. Гэта сума падзяляецца на 3 часткі: 30% перадаецца на нацыянальны ўзровень, 30% – на ўзровень мясцовага самакіравання, 40% застаецца ў школе.

– Наколькі шматлікае кіраўніцтва прафсаюза? Ці шмат прафсаюзных чыноўнікаў прыходзіцца карміць настаўнікам?

– У цэнтральным офісе настаўніцкага прафсаюза ў Вільнюсе 5 асобаў, у раённых аддзяленнях Вільнюса – па 3, у раёнах старшыні прафсаюза атрымліваюць паўстаўкі, а ў школах большасць працуе на грамадскіх пачатках.

– Наколькі распаўсюджаная ў літоўскіх школах кантрактная сістэма для настаўнікаў?

– Настаўнікі ў нас працуюць на аснове пастаянных дагавароў. Кароткатэрміновы кантракт заключаецца толькі ў тых выпадках, калі нехта прыходзіць на замену пад час дэкрэтнага адпачынку ці калі складаецца нейкі паглыблены модуль на пэўны тэрмін, напрыклад, на адзін навучальны год.

– Колькі зарабляе літоўскі настаўнік?

– Сярэдні заробак сёння 2 200 літаў (каля 730 $). Залежыць ён ад катэгорыі (розніца паміж катэгорыямі 6 – 7%), стажу, педагагічнай нагрузкі. Зараз каэфіцыент налічэння заробку вельмі складаны.

– Ці хапае настаўнікаў у Літве? Ці ёсць беспрацоўе сярод педагогаў?

– Зараз настаўнікаў хапае. Да 2009 года не ставала матэматыкаў, інфарматыкаў. Прычыны змянення сітуацыі – крызіс 2009 г., а таксама памяншэнне колькасці вучняў. Нават ёсць зарэгістраваныя на біржы беспрацоўныя настаўнікі.

– У колькі гадоў літоўскі настаўнік ідзе на пенсію? Ці ёсць пенсія па выслузе?

– У нас цяпер жанчыны ідуць на пенсію ў 60, а мужчыны ў 62,5 гады. Кожны год тэрмін будзе павялічвацца на 2 месяцы і к 2020 году плануецца выхад на пенсію ва ўсіх у 65 год. Гэта агульнаеўрапейская тэндэнцыя, звязаная з працэсам «старэння» насельніцтва. Пенсіі па выслузе няма, наш прафсаюз змагаецца за яе.

– Ці страйкуюць літоўскія настаўнікі?

– О, так! У нас цяпер толькі настаўнікі і страйкуюць! Вось у гэтым годзе 21 лютага быў папераджальны страйк: на 2 гадзіны спынілі працу супраць паўторнай атэстацыі праз 5 год і – дабіліся адмены. Міністэрства пайшло на саступкі.

– Хто і як ацэньвае работу школы?

– Ёсць знешні аўдыт: у школу прыязджае каманда такіх жа настаўнікаў, дырэктараў – з мэтай знайсці плюсы і мінусы ў працы. За гэта не караюць. Такі аўдыт праходзіць 1 раз на 3 гады, грошы выдзяляе мясцовае самакіраванне. Галоўны паказчык працы педагога і школы – урокі. Каб школа стала гімназіяй, трэба прайсці акрэдытацыю. У гімназіі на апошняй ступені павінна быць дыферэнцыяцыя мінімум па трох напрамках.

– Як літоўскія настаўнікі павышаюць сваю кваліфікацыю?

– У нас склалася сістэма павышэння кваліфікацыі праз семінары па 6 – 8 гадзін у дзень. Рэкамендуем настаўнікам штогод праходзіць 40-гадзінны курс павышэння кваліфікацыі, гэта атрымліваецца 5 дзён у год. Вельмі шмат грошай ЕС атрымліваем на павышэнне кваліфікацыі педагогаў. Нашы настаўнікі могуць ездзіць на стажыроўкі за мяжу.

– Ці актуальная для літоўскіх педагогаў праблема паперызацыі (гэта значыць ці трэба афармляць шмат папераў)?

– Так, такая праблема бывае. Каб пазбягаць паперызацыі, у Літве зацверджаны мінімум дакументаў, якія павінны быць у школе і ў настаўніка: план на год, школьны журнал. Цяпер большасць школ ужо пераходзяць на электронны школьны журнал. У школах усе дзеці атрымліваюць бясплатнае харчаванне, арганізаваны падвоз тых вучняў, хто жыве далёка, таму настаўнікам прыходзіцца рабіць справаздачы пра харчаванне і падвоз. Спачатку гэтую справаздачнасць зрабілі вельмі складанай – тады настаўнікі прыгразілі страйкам і справаздачнасць была спрошчана.

– Як літоўскі настаўнік можа абараніць сябе ад хамства вучняў, хуліганства на ўроку?

– Міністр падпісаў дакумент, у якім пералічана, што можна рабіць настаўніку ў такой складанай сітуацыі. Можна выключыць такога вучня на некаторы час са школы – тады яго памяшчаюць ў ізаляванае памяшканне (своеасаблівы «карцар»), да яго прыходзяць настаўнікі, даюць яму заданні, якія ён абавязаны самастойна выканаць.

Настаўнік можа выклікаць паліцыю – бацькоў тады аштрафуюць за парушэнне дысцыпліны іх дзіцём. Штрафы могуць быць даволі вялікія. Калі вучань мае такое спагнанне, судзімасць – яго потым не возьмуць у армію. Армія ў нас прафесійная, на кантрактнай аснове, добра аплочваецца, таму набіраюць па конкурсе.

– Калі вучань зрабіў злачынства – ці караюць за гэта дырэктара школы, настаўнікаў?

– Не, дырэктара і настаўнікаў не караюць. Але сам па сабе такі факт кідае цень на прэстыж школы. У нас жа вучні з бацькамі самі выбіраюць школу для вучобы і кепская слава не будзе спрыяць папулярнасці такой школы.

Экскурсія па Вільні
Экскурсія па Вільні

Сустрэча з прафсаюзным лідэрам выклікала вялікую цікавасць у маіх калег. Мы яшчэ не раз вярталіся ў сваіх абмеркаваннях да гэтай інфармацыі, назіраючы пры наведванні школаў тыя з’явы, пра якія нам расказваў Туроніс. Нехта з беларусаў проста і ясна акрэсліў асаблівасць прафсаюза літоўскіх педагогаў: «Праблемы ў беларускіх і літоўскіх настаўнікаў вельмі падобныя, толькі прафсаюзы нашы вырашаюць іх па-рознаму: у літоўцаў – на карысць настаўніка, а ў нас чамусьці – на карысць начальства…»

Мой асабісты вопыт пацвярджае гэтую сумную выснову калегі пра ролю беларускага прафсаюза настаўнікаў. Нашы прафсаюзныя лідары на просьбу дапамагчы тады толькі бездапаможна разводзілі рукамі: нічога не можам зрабіць ці імітавалі нейкія фармальныя крокі. А як у вас, шаноўныя калегі? Ці былі ў вашым жыцці такія сітуацыі, калі прафсаюз рэальна дапамог вам адстаяць свае правы? Як зрабіць так, каб наша прафсаюзная арганізацыя займалася не толькі падрыхтоўкай навагодніх падарункаў, арганізацыяй юбілеяў і карпаратыўных святаў, а дапамагала нам «людзьмі звацца»?

Наталля Ільініч, спецыяльна для Nastaunik.info