Галоўная


Пошук па сайце


Кантакты


Мапа сайту
Настаўніца  Іра

 
 
 
   

Школьныя святы – ініцыяцыі

«ХАЙ РАСКАЖА СКРЫПКА НАША…»
( пераход у базавую школу)


СЦЭНАРЫЙ СКЛАЛІ НАСТАЎНІЦЫ ФАЛЬКЛОРНАГА ТЭАТРА АЛІНА БАРАНЧЫК І НАТАЛЛЯ МАРТЫНОВІЧ.
ВЫКАНАЛІ ВУЧНІ 4 – ых КЛАСАЎ Ў 1998 і 2000 гг.
ПАСТАНОЎКА АЛІНЫ БАРАНЧЫК.
ЗАХОЎВАЮЦЦА ВІДЭАЗАПІСЫ.

Дзеючыя асобы.
-- 2 скамарохі-зазывальнікі
-- Вядучая (настаўніца)
-- Вучні 4-га класа

Перад актавай залай госці аглядаюць выставу прац вучняў 4 – га класа. Прадстаўлены: малюнак, вышыўка, варабы з гліны і саломы. Гучыць музычны акорд ( выконваецца на дудзе або баяне), на пляцоўку выбягаюць скамарохі і запрашаюць усіх у актавую залу.

1 – шы зазывальнік. Не было ветру, ды надзьмула! Не было гасцей, ды наплескала! Заходзьце, госці дарагія! Заходзьце, сядайце! Каму няма дзе сесці – на кукішкі прысядзьце!
2 – гі зазывальнік. Слухайце маю аб’яву – абяцаю ўсім забаву! Зараз будуць песні, скокі. Выступаюць – скамарохі!
Аркестр выконвае марш. Госці размяшчаюцца ў зале.
1 – шы. Усе госцейкі сышліся, сабраліся! Як вы, любыя, даехалі-дабраліся?
2 – гі. А ў лесе палянка, а ў нас сёння – гулянка !
Вядучая. Добры дзень, шаноўныя паночкі і пані! Шчыра запрашаем вас на спатканне з намі. Сёння свята ў нашай хаце – ды не абы якое, свята дзетак нашых – свята выпускное! Шмат гадоў таму існаваў на Беларусі школьны тэатр. Вучні расказвалі на сцэне свяшчэннае пісанне, гісторыі з міфалогіі, ставілі інтэрмедыі і іншыя творы. Праз гэта яны вывучалі не толькі гісторыю, культуру, музыку, танец, але яшчэ і жыццё. І як шкада, што сёння больш няма такіх школ. Але нашым дзеткам пашчасціла. Яны апынуліся ў з’яве, падобнай на даўнюю: у фальклорным тэатры. Яны выхоўваюцца на народных традыцыях. Яны не проста вучні, а артысты фальклорнага тэатра. Сёння яны развітваюцца з пачатковай школай і пераходзяць у базавую. І жадаюць расказаць пра тое, як ім тут жылося.
Аркестр выконвае “Прывітальную”, на сцэну па аднаму выходзяць вучні 4-га класа. Вядучая коратка апавядае пра кожнага – пра захапленні, мары, планы на будучае.
Вядучая. Вы пазнаёміліся з усімі. А зараз, хай раскажа скрыпка наша, як нам жылося ў пачатковых класах! – Гаварыла поле шырокае, жыта ядраное: жнейкі, жнейкі, мае маладыя – сярпы залатыя, прыходзьце ка мне заўтра рана, каб я недажатым не стаяла, апошнімі каласамі не махала. Не хачу я ў полі стаяці, апошнімі каласамі махаці, а хачу я ў полі стагамі, а ў гумне – тарпамі!
- У верасні нашы продкі святкавалі “Багач” – свята заканчэння жніва і пачатак азімай сяўбы. “ Прыйшоў Багач, кідай рагач, бяры сявеньку і сей памаленьку».
Уваходзіць гурт дзяўчат. Кажуць па-чарзе:
- Дзяўчаты, жніво канчаем – трэба «бараду» завіваць!
Выконваецца песня « Павей ветрык…» або «А ў полі ніўка» і адбываецца абрад «завівання барады»
Песня « Іванавы пчолкі». Дзеянні ў хаце гаспадара:
- Адчыняй, пан, вароты – ідуць жнейкі з работы!
- Адчыняй і другія, ідуць маладыя, сярпы залатыя!
- Добры дзень гаспадарам!
- Добры дзень жыту яравому!
Перадаюць багач гаспадарам.
- Добрае жыта, багатае!
- Гаспадыня дамавая, чы вячэра гатовая? Мы дзяўчаты маладыя, ў нас сярпочкі залатыя!
- Мы густое жыта жалі і сярпочкі паламалі!
- Чым хата багата, тым і рада! А самая багацейшая тая, дзе гучаць песні і музыка!
Выконваецца танец «Рассядуха».
Вядучая. Прыйшла каляда, калядуючы, а за ёю дзеўкі шчадруючы !
Уваходзіць гурт калядоўшчыкаў. Кажуць па чарзе:
- Дазвольце пагрэцца ў вашай хаце!
- А ці моцны мароз на дварэ?
- Ой, моцны! Трэба станцаваць, каб сагрэцца!
- Калі ласка!
Танец-карагод «Пакажы, казюленька».
Каза падае, усе яе абступаюць:
- Ой, памерла наша козачка!
- Што ж нам рабіць?
- Мусіць трэба казу пакарміць!
- Ты, старая казіца, устань і расхадзіся, устань ды расхадзіся, ды развесяліся!
Карагод «Го-го-го, каза». Каза зноў падае. Удзельнікі, каб развесяліць казу прапануюць пагуляць «У яшчура».Гульня « Яшчур».
Вядучая.
А ў нас сёння стрэчанне, стрэчанне!
Зіма з летам стрэлася, стрэлася!
Лета зіму піхнула, піхнула.
Зіма ножку звіхнула, звіхнула.
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
лета пайшло скачучы, скачучы!
Грыміць гром.
- Чуеце, пярун злуецца, можа хату спаліць! Хутчэй нясіце грамнічную свечку!
Танец са свечкамі.
Вядучая. Пасля грамніц пачыналі ўжо гукаць вясну…
Удзельнікі выконваюць песню « Вясна, вясына на калочку…» Дзяўчаты выводзяць Лялю, садзяць яе і адорваюць, кажучы па чарзе:
- Дай, Божа, што лета то гэта!
- Прыспары, Божа, хлеба-солі да канца веку!
- Радзі, Божа, на камені і пад каменем!
- Шоўкам лён!
- Каб ліха нас мінала!
Песня-танец «Жавароначкі, прыляціце!»
Вядучая. Напярэдадні Благавешчання свята адбывалася. І ўвусь чысцюткі дзень жывёла ўслаўлялася. Мядзведзь – жывёлу тую звалі, у гонар яе свята спраўлялі. Называлася яно: ка-ма- едзіца!
Уваходзяць удзельнікі і садзяцца на падлогу.
Адзін кажа: – А ці ведаеце вы, скуль узяліся мядзведзі? Ну, слухайце! Распавядаецца казка « Скуль узяліся мядзведзі»
Вядучая. Пасля красавіка прыходзіць май, а разам з ім і Юр’я…
Выконваецца песня “ Юр’я, устань рана…”
- Хрысціянскае свята прымеркавана да ўшанавання язычніцкага бога Ярылы
- Ярылу ўяўлялі ў белай вопратцы, на белым кані. У адной руцэ ён трымаў чалавечы чэрап, а ў другой – пук каласоў.
- На Юр’я першы раз выганяюць жывёлу на пашу пасля зімы…
- Марыся, Марыська !..
- Я тут!
- Сёння Юр’я, пойдзем з усімі ў поле карагодам!
- Спачатку трэба кароўку падаіць, ад ліхога звера загаварыць, на поле выгнаць, а потым можна і святкаваць!
Ціханька вымаўляецца замова: – Выганяю я сваю кароўку на шырокую вуліцу. На шаўковую травіцу, на глыбокую вадзіцу. Шаўковай травіцы наядайся, з глыбокай крыніцы напівайся, карысці набірайся. Урокаў не пужайся, ведзьме не паддавайся!
(“Даенне каровы”).
- З Богам, кароўка, на пашу!
Усе выходзяць на сцэну.
Вядучая. Вы бачылі, шаноўныя госці, як жылі і чаму навучыліся нашы дзеці ў пачатковай школе. Ці змогуць яны вучыцца ў пятым класе, як вы лічыце?
Пачуўшы «Так!» Вядучая кожнаму вучню прапануе вымавіць словы ўрачыстай клятвы: Я, (імя і прозвішча) пераходзячы ў 5-ты клас, урачыста абяцаю: працягваць адраджаць і ўзбагачаць нацыянальную культуру, сумленна выконваць абавязкі вучня – памнажаць свае веды, шанаваць настаўнікаў і бацькоў, дапамагаць малодшым вучням у пачатай імі складанай і высокароднай справе – імкнуцца стаць сапраўдным беларусам. На шчочцы кожнага малюецца лічба «5». Пяцікласнікаў віншуюць дырэктар школы, намеснік па этнашколе і класны кіраўнік, бацькі. У залу з віншаваннямі ўваходзяць вучні іншых класаў. Свята заканчваецца спяваннем гімна этнашколы «Не загаснуць зоркі ў небе» ( сл. Я.Купалы, муз. М. Янчука).

 
 
Галоўная    Пошук    Кантакты    Мапа сайту
Навіны    Аб праекце
2005 © Настаўнік.info
Зроблена прафесійна!
 
Rating All.BY