ЧУРЫКАЎ Дзмітрый

Чурыкаў Дзмітрый Генадзевіч - дацэнт кафедры арганічнай хіміі хімічнага факультэта БДУ.

Дзмітрый Генадзевіч, дзе знаходзіцца ваша малая радзіма?

Мая малая радзіма – гэта Брэст. Я там нарадзіўся і вырас.

Беларускай мовай карысталіся з дзяцінства?

Беларускую мову ведаў з малых гадоў, але з усімі размаўляў па-руску. Пераход на мову адбыўся, калі я вучыўся ў аспірантуры. З тых пор (каля дзесяці гадоў) размаўляю па-беларуску.

Скончыўшы аспірантуру, вы сталі выкладаць. Як можаце ацаніць узровень валодання беларускай мовай сучасных студэнтаў і студэнтаў дзесяць год таму?

Асаблівых зменаў не заўважыў. Калі некаторыя студэнты размаўляюць са мною па-беларуску, то гэта сапраўды беларуская мова. Жорсткай трасянкі за ўвесь час чуць не даводзілася.

На вашу думку, які час спатрэбіцца для пераводу навучання на беларускую мову ў межах усяго БДУ? За які час можна стварыць моцны літаратурны падмурак?

Думаю, што вышэйшая адукацыя – даволі кансерватыўная рэч. За кароткі прамежак часу зрабіць “рэвалюцыю” вельмі складана. Што тычыцца літаратуры, то самыя лепшыя падручнікі напісаны на англійскай мове. Таму калі перакладаць, то менавіта іх.

Самі плануеце выдаваць якія-небудзь вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў?

Такіх планаў не будаваў, але цяпер выдаю студэнтам на адным са спецкурсаў раздрукаваныя матэрыялы на беларускай мове.

Вернемся да пытання беларусізацыі факультэта. Ці не лічыце вы, што многія выкладчыкі сталага веку вельмі добра валодаюць беларускай мовай, але наўмысна ніколі ёю не карыстаюцца, што менавіта іх намаганнямі можна нешта змяніць у лепшы бок.

Нешта змяніць? Наўрадці. А вось тое, што многія выкладчыкі выдатна ведаюць беларускую мову, магу пацвердзіць. Ёсць некалькі выкладчыкаў, каторыя са мною размаўляюць па-беларуску. Пры гэтым размаўляюць так прыгожа, што за імі можна запісваць.

Скажыце, бываюць выпадкі, што вам прыходзіцца пераходзіць на рускую мову?

Такое здараецца, калі працуеш з кітайскімі студэнтамі, але ў гэтым выпадку руская мова не асоба дапамагае.

А я к ставіцца да вас, беларускамоўнага выкладчыка, кіраўніцтва кафедры і факультэта.

Добра. Скардзіцца няма на што.

Што цяпер знаходзіцца ў фокусе вашых навуковых інтарэсаў?

Працую ў традыцыйных для кафедры арганічнай хіміі накірунках, асабліва цікавяць розныя працэсы з выкарыстаннем тытану.

У вас ёсьць свая каманда маладых навукоўцаў?

Так. Зараз у лабараторыі са мною працуе некалькі студэнтаў, ёсьць дзяўчынка, што выконвае дыпломную працу.

На якой мове яны з вамі размаўляюць?

Гэтыя размаўляюць са мною па-руску. Калі задумацца, то можна прыгадаць выпадкі дыпломнікаў, якія размаўлялі па-беларуску. Увогуле, абарона дыплома на беларускай мове не такая і рэдкасць на факультэце. Ёсьць нават дзве дэсертацыі, напісаных па-беларуску.

Вам бліжэй святы часоў СССР ці беларускія (Дзень Волі, Дзень Вайсковай славы, Дзень Герояў)?

У прынцыпе, мне гэтыя святы не вельмі цікавы, таму маё стаўленне да іх можна апісаць як абыякавасць. Мне падабаюцца сямейныя святы, ім і ўся ўвага.

Можаце згадзіцца з такім меркаваннем, што факультэт перастаў выконваць сваю асноўную функцыю (замест выпуску тых, хто думае, выпускаюць тых, хто падпарадкоўваецца)?

Не. Лічу, што такога моцнага ціску і гвалту не назіраецца. Пасля навучання ў БДУ выходзяць добрыя спецыялісты і годныя людзі.

Давайце адступім ад сур’ёзных пытанняў і пагутарым аб вашых музычных і літаратурных перавагах.Што цікавае з літаратуры апошнім часам траплялася вам у рукі?

З вялікіх твораў прачытаў “Каласы пад сярпом тваім”. Люблю чытаць вершы беларускіх паэтаў. Называць імёны аўтараў не буду, бо вершы чытаю зборнікамі. Таксама магу палістаць розныя перыядычныя выданні.

Што слухаеце з беларускай музыкі?

Старога Ольсу, NRM (хаця іх даўно не слухаў), Ляпіса Трубяцкога.

Ведаеце аб існаванні “чорных спісаў” для музычных выканаўцаў?

Так. Нічога добрага ў гэтым няма. Гэта не красіць тых, хто такія спісы стварыў. Людзі ўсё роўна слухаюць песні выканаўцаў, што патрапілі ў спісы. Некаторыя ездзяць за мяжу на канцэрты. Цяжкасці і перашкоды канешне ёсць, але, пры жаданні, на канцэрт патрапіць можна.

А самі наведаваеце канцэрты, тэатральныя спектаклі і іншыя культурныя мерапрыемствы?

Вядома ж. Калі казаць пра музыку, то на канцэрты хаджу ў філармонію. Тэатры… Перагледзеў амаль увесь рэпертуар Купалаўскага. Апошні спектакль, які я наведаў, “Раскіданае гняздо”. Вельмі добрая пастаноўка, якая яшчэ і ідзе на беларускай мове.

Што параіце тым, хто яшчэ не размаўляе па-беларуску?

Размаўляць на роднай мове, не саромецца. Беларуская мова – гэта модна. Паглядзіце, хто цяпер размаўляе па-беларуску. Гэта таленавітыя, разумныя і паспяховыя людзі. Калі добра ведаеш беларускую мову, набліжаеш сябе да іх, падымаеш свой узровень у грамадстве, далучаешся да эліты.

Якія ёсьць перашкоды на шляху да беларускай мовы? Як іх пераадолець?

Галоўная перашкода для беларускай мовы – гэта яе невыкарыстанне і паступовае забыванне. Большасць людзей цяпер думае “як пражыць?”, а не “на якой мове размаўляць?”. Калі ўсё ж надумаеце карыстацца беларускай мовай, то нічога не бойцеся і атрымлівайце задавальненне.

Гутарыў Вадзім – maladyhimik.livejournal.com