ЖЫЛКО Вячаслаў

На хімічным факультэце БДУ беларуская мова ёсць! Пачуць яе можна з вуснаў Вячаслава Уладзіміравіча Жылко, дацэнта кафедры аналітычнай хіміі.

Прааналізаваўшы вашую біяграфію мы бачым, што вы хадзілі ў школу ў Нясвіжы, навучаліся ў ліцэі БДУ, паступілі на хімічны факультэт у 1997-м. На якім жа этапе вы вырашылі стаць беларускамоўным?

Размаўляць на мове я пачаў ва універсітэце, калі быў трэцякурснікам.

А што стала штуршком да пераходу?

Мне давялося пабываць у беларускамоўным асяроддзі. Я ўбачыў, як прыгожа можна размаўляць на беларускай мове. Пасьля гэтага стала сорамна, што ёю ніхто не карыстаецца, асабліва я сам. Так і было вырашана карыстацца роднай мовай у паўсядзённым жыцці.

А ад каго вы пачулі прыгожую беларускую мову? Магчыма, які-небудзь выкладчык паўплываў?

Не, гэта быў не выкладчык. У нас усе заняткі, акрамя беларусазнаўства, выкладалі па-руску. Мяне уразіла жывая беларуская мова простых, звычайных людзей. Таксама ўразілі спевы нашых бардаў, напрыклад Віктара Шалкевіча.

Звычайна блізкія людзі і калегі па-рознаму рэагуюць на тое, што чалавек стаў размаўляць па-беларуску. Як да гэтага паставіліся вашы бацькі, сябры, выкладчыкі?

Бацькі аднесліся да майго пераходу на беларускую мову нармалёва. У Нясвіжы мовай карыстаюцца намнога часцей, чым у Мінску. Калі казаць пра старэйшае пакаленне, то мой дзядуля і бабуля ўвесь час размаўлялі па-беларуску. Выкладчыкі і сябры адрэагавалі пазітыўна. З іх боку адчувалася моцная падтрымка, аб якіх-небудзь перашкодах і размовы няма. З выкладчыкаў хочацца выдзяліць Аляксандра Мікалаевіча Рабцава. Падчас майго студэнцтва ён заўсёды вельмі ахвотна адказваў на ўсе мае пытанні на выдатнай беларускай мове. Кажуць, у пачатку 90-х ён чытаў лекцыі па квантавай хіміі і будове малекул па-беларуску.

На якой мове вы вялі канспекты, пісалі кантрольныя, здавалі іспыты?

Большай часткай пісаў канспекты на мове лекцыі, кантролольныя як-калі, але здаваў іспыты ўжо заўсёды па-беларуску. У сваю чаргу матэрыялы для сваіх лекцый пішу па-беларуску.

Цяпер вы сам выкладчык. Ці заўсёды сучасныя студэнты разумеюць вас?

На хімфаку з нашымі студэнтамі праблем не ўзнікае. З замежнымі студэнтамі, як і ўсюды прыходзіцца ў любым выпадку працаваць індывідуальна. Дзіўным з’яўляецца іншае. Акрамя хімфаку, я выкладаю яшчэ асновы экалогіі на філалагічным факультэце. Так вось там, сярод філолагаў даводзіцца бачыць студэнтаў з пасрэднымі ведамі роднай мовы.

Гэта прыводзіць да якіх-небудзь небудзь непрыемнасцей? Беларускамоўны чалавек вельмі часта можа пачуць “Ты што, з БНФ?”. Сустракаліся з прыкладамі такога стэрэатыпнага мыслення?

Канешне сустракаўся. Раней часцей, зараз амаль не, але даводзілася чуць падобныя пытанні. Не усе разумеюць, што мова і палітычныя погляды гэта розныя рэчы. Нажаль пэўныя не вельмі прыемныя стэрэатыпы існуюць ў нашым грамадстве.

З рознымі акалічнасцямі жыцця беларускамоўнага выкладчыка мы пазнаёміліся, а цяпер хочацца даведацца больш пра вашыя планы на будучае. Аналіз літаратуры паказаў, што ёсьць толькі тры кніжкі, якія могуць быць карыснымі для студэнтаў-хімікаў. Ці плануеце напісаць які-небудзь вучэбны дапаможнік для студэнтаў на беларускай мове?
Магчыма хутка займуся стварэннем метадычкі па асновах экалогіі. Што тычыцца выдання падручнікаў, то тут існуюць пэўныя праблемы. Любы аўтар, хоча каб яго падручнікам карысталася як мага больш людзей, а ў свеце найбольш распаўсюджанай у навуковых колах з’яўляецца ангельская мова, на прасторах былога СССР – руская. Жаданне пашырыць кола чытачоў перашкаджае выданню кніг на беларускай мове. З тым, што востра не хапае беларускамоўнай спецыялізаванай літаратуры, нельга не згадзіцца, таму можна перакладаць літаратуру з іншых моваў. Было б жаданне і хоць нейкае заахвочванне да працы.

Значыцца калі ўзнікне такая ініцыятыва, вы яе падтрымаеце?

Безумоўна. Абы такая ініцыятыва ўзнікла.

А калі весці размову аб мастацкай літаратуры, які апошні твор вы прачыталі?

Апошнім часам чытаў розную гістарычную літаратуру. Трапляліся ў рукі розныя падручнікі і энцыклапедыі. З беларускамоўнай мастацкай літаратуры апошні раз перачытваў “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча. Таксама чытаў вершы, але іх не будзем улічваць.

Спытаўся пра літаратуру – спытаюся і пра музыку. Каго з беларускіх выканаўцаў слухаеце часцей за ўсё?

Вельмі падабаюцца песні “Крамбамбулі”, таксама слухаю “Палац”. Добрыя песні ў “Ляпісаў”, але ў іх звычайна ў альбоме на беларускай мове адзін-два спевы. Калі ўсё атрымаецца, то паеду ў Вільню на канцэрт “Крамбамбулі”.

Вось цяпер мы маем уяўленне пра беларускамоўнага выкладчыка. Дзякуй за разгорнутыя і шчырыя адказы. Што пажадаеце нашым студэнтам?

Як там шуткуюць, Ленін распісваў асадку і атрымалася “Учиться, учиться и еще раз учиться!“, і я пажадаю “Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца!”. Што тычыцца беларускай мовы, то нельга яе забываць. Адразу дасканала не пачнеш размаўляць ні на адной з моваў. Трэба проста не баяцца і спрабаваць размаўляць па-беларуску. Толькі так можна палепшыць сябе і дасягнуць пазітыўных зрухаў навокал.

Гутарыў Вадзім – maladyhimik.livejournal.com