Галіна Сухава і Вольга Брыч

На гарбату да Настаўніка.інфо завіталі фіналісткі сёлеташняга «Крыштальнага жураўля», сталыя аўтаркі сайта — Галіна Сухава і Вольга Брыч. Якія, дарэчы, пазнаёміліся і пасябравалі акурат на нацыянальным конкурсе настаўніцкага майстэрства.
Галіна Сухава Галіна Сухава — настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі № 5 г. Віцебска.
Настаўнічае 15 гадоў — пасля Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута.
На Nastaunik.info выкладзены яе матэрыялы: урок для 6 класа на тэму «Правапіс канчаткаў назоўнікаў 2 скланення адзіночнага ліку роднага склону»; тэхналагічная карта ўрока па беларускай мове для 9 класа па тэме «Канструяванне складаных сказаў з рознымі відамі сувязі частак, перабудова іх у іншыя граматычныя структуры»; матэрыялы для правядзення вучнёўскай канферэнцыі «Беларуская Атлантыда».

Вольга Брыч Вольга Брыч — настаўніца англійскай мовы ў школе № 1 г.Івацэвічы.
На «Настаўнік года-2009» стала самай маладой удзельніцай, увайшла ў дзесятку пераможцаў і была ўзнагароджана ганаровай граматай Міністэрства адукацыі.
Настаўнічае чатыры гады, пасля Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
Заняла другое месца ў конкурсе «Ноўтбук для актыўнага настаўніка».
На nastaunik-info выкладзены яе матэрыялы: цыкл урокаў англійскай мовы «Цудоўны свет музыкі»; агляд выкарыстання кейс-метада на прыкладзе вывучэння тэмы «Прэса Вялікабрытаніі».




Nastaunik-info: Пачнем з прыемнага — віншаванняў. Як, увогуле, трапілі на «Настаўнік года», якая была нагода паўдзельнічаць?
Вольга (смяецца): Угаворвалі! Адміністрацыя пераканала!
Галіна: А я двойчы была ў групе падтрымкі. Падтрымлівала каляжанак, якія раней прымалі ўдзел у гэтым конкурсе. Ну, а потым, паколькі ўжо ведаю, як гэта ўсё адбываецца, мне было прасцей — дык і пайшла.
Nastaunik-info: Як уражанні ад калегаў па конкурсе? Якога веку былі настаўнікі, маладыя?
Вольга (смяецца): Не, гэта я была моладзь!
Галіна: сярэдні ўзрост. Там называлася па статыстыцы — 35 год.
Вольга: Добра пасябравалі ўсе. Дзякуючы Юру! (Юрый Андрэйчык, пераможца «Крыштальнага жураўля-2009».)
Галіна: А Юра, ён жа віцебскі — і таму ў нас такія ўзаемная прыязь!
Вольга: Але працуе ў Ганцавічах, таму быў у нашай камандзе!
Галіна: Аб’яднаў дзве каманды!
Nastaunik-info: Распавядзіце, з чым вы прыйшлі на конкурс, якія праграмы паказалі?
Галіна: Я да гэтага конкурсу адкрыла для сябе новую тэму — разуменне. Прэзентавала праект «Разуменне зместу мастацкага твору на ўроках беларускай літаратуры як неабходная ўмова зацікаўленага навучання». Магу казаць пра гэта гадзінамі — такая цікавая тэма! У псіхолага-педагагічнай навуцы разуменне як асобная катэгорыя пакуль не вызначаецца, толькі на агульным узроўні. Сярод іншага, гэта звязана з доўгай забаронай працаў Бахціна, постаці, значнай для майго горада. (Міхаіл Бахцін (1895–1975) – адметны рускі навукоўца і мысляр, працы якога пачалі шырока друкавацца толькі ў 1960–1980-я г. Працяглы час жыў у Вільні, у 1920–1922 гг. выкладаў у віцебскіх педінстытуце і кансерваторыі. Распрацаваў канцэпцыю дыялогу ў культуры.) Менавіта дзякуючы яго «Праблемам паэтыкі Дастаеўскага» прыйшло ўсведамленне, што вычарпаць змест мастацкага твора немагчыма. Кожнае пакаленне, кожны чалавек, у залежнасці ад уласнага культурнага ўзроўню, прыносіць сваё разуменне, сваю інтэрпрытацыю тэкста. І разуменне па-рознаму ўспрымаецца рознымі настаўнікамі, напрыклад, дакладных дысцыплін (фізіка і матэматыка) — і філалагічных. Калі для матэматыка разумець значыць растлумачыць, то для філолага гэта значыць — выявіць новы сэнс. У асноўным сучасныя ўрокі беларускай літаратуры прадугледжваюць толькі праверку зместу — а глыбіні не выяўляюцца! Глыбіні разумення, інтэрпрытацыі, аўтарскай пазіцыі, пазіцыі героя... Але ж герменеўтычнае кола даволі складанае: каб зразумець пазіцыю аўтара, трэба прачытаць тэкст. І, наадварот: каб зразумець тэкст — трэба ведаць асобу аўтара. Гэта не заўсёды магчыма — і таму кожнае пакаленне класічныя творы адкрывае для сябе па-свойму, і кожны раз гэта новы змест. А практыка школьнага выкладання беларускай літаратуры, на жаль, часам зводзіцца да падгону меркаванняў пад параграфы падручніка крытыкі.
Каб дзіця зразумела нешта, трэба яго ўвесці ў сітуацыю, калі ён бачыць нейкую праблему. Дзеля гэтага трэба паказаць розныя крыніцы, розныя пазіцыі адносна мастацкага твора. Нестандартны, незвычайны погляд — затраўка на ўсіх маіх уроках. Калі гэта спрацоўвае — узнікае зацікаўленасць і выпрацоўваецца свая пазіцыя.
Напрыклад, вельмі прыдалася кніжка «Беларуская Атлантыда»! Калі паглядзець усе мае ўрокі, пачынаючы з раённага конкурса, менавіта там брала інфармацыю на самы важны, першы, этап — каб зацікавіць…
Настаўнік2009Nastaunik-info: Тады правакацыйнае пытанне: што, пад кожнае пакаленне трэба перарабляць падручнікі і праграмы?
Галіна: Ні ў якім разе! Рэч у тым, што можна даць нейкае крытычнае меркаванне — але свой сэнс кожны для сябе павінен сам зрабіць. Вось на гэтым я настойваю: у кожнага павінна быць сваё разуменне. На сто працэнтаў зразумець аўтарскую пазіцыю немагчыма — як на сто працэнтаў немагчыма зразумець ніякага іншага чалавека. Гэта закон: ведае А, што кажа Б; А зразумее толькі тую частку, якую яму выгодна зразумець.
Цікавы прыгадаўся выпадак... На конкурсе давалі тэму — «Агульныя і ўласныя назоўнікі». Прапанавалі шостаму класу на фізкультхвілінку практыкаванне: называю агульны назоўнік — прысесці, уласны — устаць. «Цукеркі»! — селі. «Маска»! — сядзяць... Падказваю: — гэта назва. Не верачы, падымаюцца... Бо яны такіх ужо не ядуць (смяецца)!
Nastaunik-info: Ну ўсё ж такі, частку свайго разумення вы перадаяце, прынамсі, прэзентуеце вучням. А вучні вам сваё разуменне — ці перадаюць?
Галіна: Абавязкова! Напрыклад, на ўроку па «Родным карэнні» Гарэцкага дзеці далі мне абсалютна новую трактоўку вобраза. Было заданне: які вобраз у Гарэцкага прадвяшчае тыя праблемы, якія ўзнікнуць з цягам часам у грамадстве? Паводле Бугаёва (Дзмітрый Бугаёў, аўтар манаграфіі аб Гарэцкім), як можа здагадацца любы настаўнік, гэта вобраз хаты. А дзеці ў выніковым кантролі даюць вобраз маланкі. Такі цікавы водгук язычніцкіх уяўленняў — маланка ж б’е па тым, дзе засялілася чартаўня… Як тут не згадзіцца, што маланка акурат той вобраз!
Nastaunik-info: Вольга, а Вы што прапанавалі на конкурсе?
Вольга: Мой праект быў скіраваны на самастойнае вывучэнне замежнай мовы, пры дапамозе інтэрнэт-тэхналогій. Чаму інтэрнэт? Бо гэта тое, што дзеці любяць і што іх цікавіць. Паглядзела, што найлепш аддаць на самастойнае вывучэнне лексіку. На ўроку яе вучыць нудна, дома ім не хапае жадання, а вось у інтэрнэце — зусім іншая штука! Ацанілі мой праект вельмі добра!
Nastaunik-info: Мы ведаем, што вы прэзентавалі ўрок англійскай мовы, якую выкладаеце, па-беларуску.
Вольга: Рэч у тым, што я давала ўрокі ў старэйшых класах, таму мне не прыходзілася размаўляць ні па-беларуску, ні па-руску — а, увогуле, па-англійску. Нават калі дзеці не настолькі падрыхтаваныя — даводзілася тлумачыцца пры дапамозе рухаў, паняццяў, але толькі не перакладаў! А вось на конкурсе вобласці, калі я давала тэму па Беларусі, было зручна і натуральна рабіць гэта па-беларуску.
Nastaunik-info: Вучні ведалі пра ўдзел у конкурсе і пра перамогу?
Галіна: Ведалі. У мяне ёсць такі цікавы клас — дваццаць чатыры хлопцы-футбалісты. Яны ведаюць, што такое барацьба. Я дык баялася да іх вяртацца, чамусьці думала, што мяне засмяюць, бо заняла трэцяе месца. Размова ў выніку была цікавая:
– Галіна Анатольеўна, а хто заняў першае месца?
– Юры Мікалаевіч Андрэйчык.
– А хто ён па спецыяльнасці?
– Біёлаг.
– А хто заняў другое месца?
– Купрацэвіч Алег Анатольевіч
А яны кажуць: ну што з мужыкамі змагацца, канешне! (Смяецца.) У нас, у прыватнасці, у гімназіі, вельмі мала настаўнікаў-мужчын. Таму дзеці мае без усялякіх абрэзкаў аддалі першанство, вядома ж, настаўнікам-мужчынам.
Nastaunik-info: Пойдзеце яшчэ на конкурс? Каб давесці гэтым настаўнікам-мужчынам!
Галіна: Я тут падумала: ужо адзін конкурс прайграла, быў конкурс СНД — не прынялі. Дык выйшла ўсё як мае быць — маланка жахнула туды, дзе трэба! (Смяецца.)
Вольга: На «Настаўнік года» — не ведаю, вельмі складана, забірае шмат сілаў (смяецца). А на іншыя конкурсы — пайду.
Галіна: Яны вельмі спрыяюць прафесійнаму росту!
Nastaunik-info: Ведаем, што вы ўдзельнічалі таксама і ў праграмах нефармальнай адукацыі.
Кейсметад Вольга: Я пакуль не была на курсах Інстытута падвышэння кваліфікацыі. Затое пабывала на шмат якіх іншых курсах. Гэтым летам, напрыклад, прыязджалі сябры з Польшчы, размаўлялі пра тэхналогію крытычныга мыслення, пра праектную дзейнасць. Аляксандр Перасыпкін праводзіў семінар па актыўных метадах навучання — маю цяпер сертыфікат трэнера па актыўных методыках. Таксама, калі ўжо казаць пра нефармальную адукацыю — у мяне ёсць лінгва-клуб у школе. Мы ўдзельнічаем у міжнародных інтэрнэт-праектах, пішам даследчыя працы, параўноўваем англійскую мову з беларускай. Нават атрымалі дыплом на абласной канферэнцыі. Гэта таксама нефармальная адукацыя — ажыццяўляецца па-за ўрокамі, у нязмушаным стылі…
Галіна: Я наведвала метадычны летнік у Альхоўцы, яго ладзіць таварыства выкладчыкаў фізікі.
Nastaunik-info: Як вам у Віцебску ды Івацэвічах працуецца?
Галіна: Я патрыётка. Вось заўважаю, усе ўлюбёныя мае паэты — яны ўсе мае, мясцовыя! Зразумець, адчуць можна толькі сваё! І я тут вучылася, жыву, працую — нікуды я адсюль не паеду!
Вольга: Я маю вопыт працы ў мінскай школе — не найлепшыя ўражанні… У маёй школе ў Івацэвічах ёсць з кім яшчэ працаваць! А ў Мінску ў звычайных школах — ужо няма... Гэта ж мы пабачылі на конкурсных уроках у агульнаадукацыйных школах — па англійскай мове, напрыклад, яны былі слабыя.
Nastaunik-info: Ці ўдаецца вам расціць грамадзян Беларусі?
Вольга: Удаецца! Вось ёсць стэрэатып, што настаўнік замежнай мовы — рыхтуе эмігрантаў. Дык мая задача — паказаць дыялог культур! Нашая культура няменшая і нягоршая, і праз дыялог яны вучацца яе паважаць.
Галіна: У мяне летась дзеці сталі размаўляць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці. А ў адзінаццатым класе працэнтаў пяцьдзесят адразу заявілі, што будуць здаваць беларускую мову цэнтралізавана.
Nastaunik-info: Што бы вы хацелі сказаць калегам, пад свой цяперашні настрой?
Вольга: Я б калегам пажадала і ў такіх конкурсах, і ў іншых — удзел прымаць! Гэта падштурхоўвае да самаадукацыі і самаразвіцця. Гэта яшчэ і загартоўвае. Я за адзін толькі конкурс адчула, як пасталела. Мае калегі, у якіх я была яшчэ вучаніцай, сказалі: «Ты падарослела».
Галіна: Трэба працаваць над сабой, паглыбляцца! Перш за ўсё, трэба пераадолець руціну, выйсці за межы, за рамкі. Школа — гэта ж сістэма… Структура, якая чалавека ставіць у рамкі — і не выпускае. Але самае цікавае — яно нестандартнае. Каб зацікавіць, трэба выйсці за традыцыйныя ўяўленні. Так на ўроку, так у жыцці. Гэтая здольнасць выйсці за рамкі залежыць толькі ад самога чалавека, ад яго патрэбы прыцягнуць да сябе ўвагу, патрэбы цікава жыць.
Для беларусаў уласціва, па Гарэцкаму, шукаць — што першае: матэрыяльнае ці духоўнае? Матэрыяльнае! Таму што ўвесь час даводзілася выжываць, ніхто гэтага не адмаўляе. Але ж і духоўнасць патрэбная! А для настаўніка духоўнасць — гэта і ёсць адкрыццё новага, адукацыя. Найперш — самаадукацыя: ніхто не прымусіць, ніхто не заахвоціць. Да яе трэба самому прыйсці. Каб мець гонар, мець магчымасць радавацца. Радавацца за іншых і за сябе, не ведаючы нават, што прыемней — твае перамогі ці перамогі калег.