Сом Лера

СОМ Лера (Алена Уладзіміраўна) — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, малявання ў Полацкай сярэдняй школе №. 5. Акрамя таго цікавая і актыўная асоба, вядомая беларуская паэтэса, празаік і бард. 



Лера СомНарадзілася Лера Сом 12 жніўня 1966 года. Скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута і філалагічны факультэт БДУ.
Лера Сом – аўтар цыкла літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, навуковых публікацый на тэмы словаўтварэння, фантастычных апавяданняў «Некалькі гісторый з жыцця Руніты Магі» (1993), аповесці «Суполка Вогнішча» (2001). Першая кніга паэзіі «Блюз каралеўскае кухні» выйшла ў 1994 годзе ў серыі «Паэзія новай генерацыі”. Пасля выйшлі паэтычныя зборнікі «Адзінокая зорка» (1996, «Мастацкая літаратура”), «Там, на небе» (2000, Баранавічы), «Свабода Слова Зіма» (2005, «Логвінаў”), «Каралева прыйдзе ноччу» (2007, «Логвінаў»).


Да вашай увагі інэрв'ю Леры Сом nastaunik.info.
Лера Сом працуе ў школе ўжо 18 год. Як у тыя часы, так і зараз выпускнікам ВНУ прыходзіцца часта на практыцы сутыкацца з рэчаіснасцю, якая адрозніваецца ад таго, з чым іх знаёмяць ва універсітэце. Прафесійная дзейнасць і досвед Леры Сом за 18 год. 
 - Праца ў школе спачатку проста абрынулася на мяне. Пасля інстытута ў наіўнага дзяўча не ўзнікала і думак пра будучую працу. А потым прыйшла праца… Патрэбна было кожны дзень хадзіць на працу і нешта рабіць, і нешта аналізаваць, і штосьці казаць дзецям, многія з якіх па жыцці былі разумнейшыя за мяне. Прыходзілася самастойна навучацца як варта вучыць дзяцей – гэта было галоўнае. Свае веды былі, але вось як перадаць іх камусьці яшчэ… І дужа балюча было разумець, што твая прадметная навука не дужа патрэбна большасці дзяцей – іх сямейныя і псіхалагічныя праблемы былі значна больш важнымі за адзнакі.

На сёння актыўная грамадзянская пазіцыя настаўніка, асобы ў беларускай школе вітаецца зрэдку. Дык што ж натхняе на працу ў школе? Лера Сом са сваім сынам                                                                                                                                                   Лера Сом з сынам  


  – Я магла бы матэрыяльна выжыць без працы ў школе. Але лічу больш важным пратрымацца да апошняга. Да выгнання, калі да такога дойдзе, я пастаўлюся спакойна, бо не першы год працую пад павялічальным шклом і ціскам. Шкада будзе «сваіх» дзяцей, да якіх я заўсёды моцна прывязваюся, шкада будзе загубленага вопыту, які ўжо пачаў прыносіць адчувальныя вынікі. А натхняюць вельмі рэдкія выпадкі шчырай дзіцячай зацікаўленасці. Радуе моцна, што дзіця бавіць час на занятках не для адзнакі, а таму, што цікава – тут і зараз. Гэтыя дзеці ўпершыню ў жыцці падыйшлі да абстрактнай навуковай праблемы і хочуць яе вырашыць. У такі момант яны падумалі не пра сябе, не пра сваіх сяброў, не пра камп’ютарную гульню, а пра абстрактную, вельмі далёкую ад яго моўную праблему. Гэта сапраўды натхняе! 
                                                                                                                                                                                                                                 

Якім методыкам аддае перавагу Лера ў сваёй практыцы?

  – Мае заняткі можна назваць традыцыйным урокам, які скіраваны навучыць дзяцей самастойнай працы. Можна доўга разважаць і называць гэта навамоднымі словамі тыпу «інавацыйная тэхналогія такая ці іншая», я словы ведаю, але ТЭХНАЛОГІІ ў сапраўдным значэнні слова (зрабіў працу А, атрымаў вынік В на 100%) ў навучанні быць не можа. Усё роўна кожны настаўнік адаптуе яе пад сябе і для сваіх вучняў.

Цi ведаюць навучэнцы і калегі пра сваю настаўніцу – паэтку, барда і неабыякавага чалавека, які душой перажывае за беларускую культуру і грамадска-палітычную сітуацыю…
  – На ўроку я настаўнік, а не паэтка ці палітык. Пра тое, што ў мяне ёсць кнігі, касеты, мае дзеці даведваюцца не ад мяне (а некаторыя, магчыма, і не даведваюцца). Але на маю думку, пазіцыя чалавека бачна не толькі ў палымяных прамовах ці заявах «Я за… Я супраць…» Прыклад штодзённых паводзінаў выхоўвае значна лепей за ўсе заклікі і прамовы. Па выніках нядаўніх псіхалагічных даследаванняў і апытанняў, што праводзіліся ў нашай школе, знайшоўся толькі адзін вучань, які бы пры магчымасці прагуляў мой урок. Я лічу гэта дасягненнем!

Чаго не хапае беларускай школе і беларускаму настаўніку?
  - БЕЛАРУСКАЙ школы.

Лера Сом жадае сваім вучням і калегам!
  – Трымайцеся, рабіце, што можаце настолькі добра, наколькі можаце, і гэта прынясе вынік. Не бойцеся!


Лера Сом правяла таксама шэраг трэнінгаў для моладзі па тэме «Самапазнанне». Адаптаваныя да беларускіх рэалій матэрыялы трэнінгаў можна спампаваць на сайце www.nastaunik.info ў раздзеле «Педагагічная майстэрня»/ «Распрацоўкі беларускіх настаўнікаў» .  Гэты трэнініг можа быць вельмі карысны як для саміх настаўнікаў, так і для дзяцей старэйшага ўзросту, якія задумваюцца над пытаннямі «Хто я?» і «Дзе маё месца ў гэтым свеце?».



Дадатковыя спасылкі да матэрыяла:
  – Інтэрв’ю з Лерай Сом у газеце «Народная воля» з нагоды выхаду яе новай кнігі «Каралева прыйдзе ноччу», у якой сабраны вершы пра каханне за апошнія 20 год. (люты 2007)

  – «Спадзяюся, вучні не будуць успамінаць мяне, як непатрэбнага настаўніка. Маё спадзяванне падтрымліваецца тым, што некалькі маіх былых вучняў зараз мае сябры. Яны выраслі, сталі самастойнымі цікавымі людзьмі, але мы дагэтуль патрэбны адно аднаму – як людзі, як асобы…» (май 2005) – Інтэрв’ю з Лерай Сом на старонках litara.net 


Падрыхтавала Ганна Краснова


01.10.2007