Ключавыя кампетэнцыі як крытэры якасці навучання

Тамара Мацкевіч

Тэма гэтага артыкула была выбрана для таго, каб дапамагчы разабрацца, якую адукацыю можна лічыць якаснай. Як памераць гэтую якасць?

Для ацэнкі якасці школьнай адукацыі ў Беларусі сёння выкарыстоўваюцца, як правіла, колькасныя крытэры:

* колькі адсоткаў вучняў вучыцца не ніжэй, чым на 6,
* колькі пераможцаў алімпіяд,
* колькі пераможцаў конкурсаў даследчых работ і г.д.

Аднак само слова «якасць» патрабуе больш грунтоўнага і шырокага падыходу для вызначэння гэтага паняцця.

Логіка і здаровы сэнс падказвае, што якаснай адукацыю можна лічыць, калі яна адпавядае патрэбам індывіда, які яе набывае, а таксама патрэбам грамадства і часу. Аднак нарматыўныя акты Беларусі з гэтым не зусім згодныя. Якасць адукацыі, паводле Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, – гэта «адпаведнасць адукацыі патрабаванням адукацыйнага стандарта, вучэбна-праграмнай дакументацыі адпаведнай адукацыйнай праграмы»1.

Выходзіць, што адукацыйныя патрэбы беларусаў вызначае стандарт і дакументацыя. Але наколькі кваліфікаваныя людзі зацвярджаюць стандарт? Ці ўлічвае той стандарт хуткія змены рынку працы, ці здольны ён змяняцца, адпаведна патрэбам навучэнца? Ці можа сам суб’ект навучання ўплываць на стандарт і фармаваць свае патрэбы? І, нарэшце, як суадносіцца нашыя крытэры якасці з тымі крытэрамі, якія існуюць у нашых бліжэйшых суседзяў.

Прагледзеўшы 352-старонкавы Кодэкс аб адукацыі, які рэгламентуе ўсю адукацыйную дзейнасць, высветлілася, што пытанню якасці адукацыі ў дакуменце прысвечана аж... паўстаронкі. (для параўнання, дысцыплінарным пакаранням навучэнцаў выдзелены цэлы раздзел).

Тэрмін «якасць адукацыі” сустракаецца ў новым Кодэксе 21 раз, паняцце «кампетэнтнасны падыход» – 1 раз (дзякуй і за гэта!), «веды» – 43, «уменні» – 21, «каштоўнасці» – 14, «выбар» – 14. Затое выраз «асаблівасці псіха-фізічнага развіцця» – 115 разоў, «спорт» – 86, «здароўе» – 211, «кантроль» – 68, «парушэнне» – 165 «пакаранне» – 38, «заахвочванне» – 4.
Ці можна казаць пра якасць галоўнага адукацыйнага заканадаўчага дакумента, дзе слова «веды» сустракаецца ў 2 разы менш, чым слова «спорт»?!

Таму далей гаворка пойдзе пра крытэрыі якасці навучання, якія прынятыя ў сучасным свеце і зацверджаны ў дакументах Еўрасаюза. Для напісання гэтага артыкула выкарыстаныя «Рэкамендацыі Еурапарламента і Рады Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця»2 а таксама дакументы канферэнцыі «Падрыхтоўка і перападрыхтоўка настаўнікаў у Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне», якая прайшла пры падтрымцы Еўракамісіі ў Баку 11–13 кастрычніка 2011 года.

Чаму кампетэнтнасны падыход?

Сучасны лад жыцця характарызуецца:

- скрайнім дынамізмам;
- адыходам ад індустрыяльнага і традыцыйнага грамадства;
- наяўнасцю шырокага спектру выбару;
- уплывам глабалізацыі, дасягненняў у галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій;
- адыходам ад патрыярхальнай сям’і.

У такіх умовах ад выпускніка школы ці ВНУ патрабуюцца зусім іншыя якасці, чым пару дзясяткаў год таму. Пры гэтым вельмі цяжка спрагназаваць, якія веды і ўменні прыдадуцца выпускніку праз 10–15 год. Новыя патрабаванні грамадства і рынку працы пацягнулі за сабой і новы падыход да адукацыі.

Паколькі глабалізацыя працягвае ставіць перад грамадствам новыя задачы, кожнаму грамадзяніну спатрэбіцца валоданне шырокім колам кампетэнцый, каб гнутка адаптавацца да зменлівага ўзаемазвязанага свету.

Менавіта таму сёння ва ўсім цывілізаваным свеце прыняты кампетэнтнасны падыход да ацэнкі якасці навучання.

Што ж такое кампетэнцыі?

Некалі кіраўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі Чэхіі прывёў прыклад, які добра ілюструе розніцу паміж ведамі і ўменнямі, якія дае сённяшняя школа, – і кампетэнцыямі: для кіравання машынай кіроўцу патрэбныя веды правілаў дарожнага руху, уладкавання машыны, навыкі націскання педаляў і рычагоў. Але гэтага недастаткова, каб добра ездзіць у вялікім горадзе – тут патрэбныя кампетэнцыі. У дадатак, патрабаванні сучаснага свету палягюць на тым, каб кіроўца аднолькава камфортна пачуваўся на вуліцах Лондана, Мінска і Нью-Ёрка. Кіроўцу будзе неабходны цэлы комплекс кампетэнцый: моўных, інфармацыйных, міжкультурных.

Выснова напрошваецца сама: кампетэнцыі набываюцца праз дзеянні. Таму і якасць адукацыі павінна ацэньваца тым, што наш вучань умее рабіць. А якасны ўрок у сучасным разуменні – гэта арганізаваная настаўнікам дзейнасць вучняў па набыцці ключавых кампетэнцый.

Ключавыя кампетэнцыі, паводле вызначэння, дадзенага ў Рэкамендацыях Еўрапарламента і Рады Еўропы, – гэта сістэма ведаў, уменняў і каштоўнаснага стаўлення, патрэбная для жыцця ў сучасным грамадстве. Да гэтай сістэмы яшчэ дадаецца крытычнае мысленне, крэатыўнасць, уменне вырашаць – праблемы, прымаць рашэнні, уменне кіраваць сваімі эмоцыямі і г.д.

Ключавыя кампетэнцыі – гэта крытэрыі, якія вызначаюць якасць навучання. А якасць навучання ў сённяшніх дакументах Еўрасаюза разглядаецца, як мінімум, з трох перспектываў:

Індывідуальная перспектыва:

- паўнавартаснасць (завершанае фармаванне) асобы;
- сацыяльная інклюзіўнасць і актыўная грамадзянскасць;
- працаўладкаванне (занятасць), кар’ера.

Перспектыва для грамадства:

- канструктыўная дэмакратыя

Перспектыва рынку працы:

- навыкі для інавацый

Ключавыя кампетэцыі

Савет Еўропы і Еўрапарламент распрацавалі Рамачныя ўстаноўкі, якія вылучаюць восем груп ключавых кампетэнцый, неабходных для асабістай самарэалізацыі, сацыяльнай згуртаванасці і магчымасці працаўладкавання ў сучасным грамадстве ведаў:

1. Валоданне роднай мовай;
2. Камунікацыя на замежных мовах;
3. Матэматычная пісьменнасць і базавыя кампетэнцыі ў навуцы і тэхналогіі;
4. Камп’ютарная (інфармацыйная) пісьменнасць;
5. Засваенне навыкаў навучання;
6. Сацыяльныя і грамадзянскія кампетэнцыі;
7. Наватарства, ініцыятыўнасць і прадпрымальнасць;
8. Дасведчанасць і здольнасць выяўляць сябе ў культурнай сферы.

На аснове «Рэкамендацыі Еўрапарламента і Савета Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця», кожная краіна можа скласці свой спіс ключавых кампетэнцый. Прыкладам, Чэхія вызначыла шэсць груп ключавых кампетэнцый, паводле якіх і ацэньвае якасць навучання. А прафесійныя кампетэнцыі настаўніка выглядаюць, як паказвае малюнак.

Беларусь пакуль не мае акрэсленай афіцыйнай пазіцыі, хаця пераход да кампетэнтнаснага падыходу ацэнкі якасці навучання задэклараваны ў Адукацыйным кодэксе. Пра кампетэнтнасны падыход у педагагічнай супольнасці гаворыцца даўно, але дакладныя рамкі не вызначаны і кожны настаўнік можа (і мусіць!) сам вырашыць, на што ён павінен звярнуць увагу, каб вучні набывалі адпаведныя часу і патрэбныя для самарэалізацыі якасці. Не дарма ж кажуць, што ніводная адукацыйная рэформа не адбылася без змены ў свядомасці настаўніка.

Хочацца звярнуць увагу беларускіх педагогаў, што вялікае значэнне ў еўрапейскай адукацыі надаецца каштоўнасным арыентырам: каштоўнаснае стаўленне – аснова, на якой трымаецца дэмакратычны лад кіравання і еўрапейская цывілізацыя цалкам.

Разгледзім больш дэтальна, што закладзена ў кожную з гэтых васьмі груп ключавых кампетэнцый.

1. Валоданне роднай мовай – здольнасць выразіць думкі, пачуцці, факты ў вуснай і пісьмовай форме ў любых сітуацыях.
Веды, уменні:

Камунікацыя на роднай мове патрабуе ад індывіда ведання слоўніка, функцыйнай граматыкі і функцый мовы. Яна ўключае ўяўленне пра асноўныя тыпы вербальнага ўзаемадзеяння, пра шэраг літаратурных і нелітаратурных тэкстаў, пра асноўныя рысы розных стыляў і ўзроўняў мовы, а таксама пра варыятыўнасць мовы і камунікацыі ў розных кантэкстах.

Індывід павінен валодаць навыкамі як вуснай, так і пісьмовай камунікацыі ў розных камунікацыйных сітуацыях, адсочваць і адаптаваць сваю камунікацыю да патрабаванняў сітуацыі. Гэтая кампетэнцыя ўключае таксама ўменне адрозніваць і выкарыстоўваць розныя тыпы тэкстаў, каб шукаць, збіраць і апрацоўваць інфармацыю, карыстацца дапамогай, фармуляваць і выяўляць свае вусныя і пісьмовыя аргументы пераканаўчым чынам, згодна з кантэкстам.

Каштоўнаснае стаўленне:

Станоўчае стаўленне да камунікацыі на роднай мове, гатовасць да крытычнага і канструктыўнага дыялогу, разуменне эстэтычных якасцяў ды імкненне да іх, а таксама цікавасць да ўзаемадзеяння з іншымі, уяўленне пра ўплыў мовы на іншых.

2. Камунікацыя на замежных мовах – дыялог, мадэрацыя і міжкультурнае разуменне.

Веды, уменні:

Кампетэнтнасць у замежных мовах патрабуе ведання слоўніка і функцыйнай граматыкі, а таксама ўяўлення аб асноўных тыпах вербальнага ўзаемадзеяння і моўных стыляў. Важна таксама веданне сацыяльных умоўнасцяў, культурных аспектаў і культурнай разнастайнасці.
Неабходнымі навыкамі для камунікацыі на замежных мовах ёсць уменне разумець вусныя выказванні, ініцыяваць, падтрымліваць і завяршаць гутаркі, а таксама чытаць, разумець ды ствараць тэксты згодна з патрэбамі індывіда. Таксама індывід павінен умець выкарыстоўваць належным чынам дапамогу і вывучаць мовы нефармальна, як частку навучання на працягу жыцця.

Каштоўнаснае стаўленне:

Павага да культурнай разнастайнасці, а таксама цікавасць ды цікаўнасць да моваў і міжкультурнай камунікацыі

3. Матэматычная пісьменнасць і базавыя кампетэнцыі ў навуцы і тэхналогіі

- здольнасць вырашаць задачы ў штодзённай сітуацыі: акцэнт на працэс і дзейнасць, а таксама на веды;
- здольнасць тлумачыць прыродны свет, рабіць заключэнні, якія грунтуюцца на відавочным; разумець, як змены, выкліканыя дзейнасцю чалавека, так і адказнасць кожнага грамадзяніна за гэтыя змены.

Веды, уменні:

A. Неабходныя веды ў матэматыцы ўключаюць грунтоўнае веданне лічбаў, мераў і структур, базавых аперацый і базавых матэматычных выразаў, разуменне матэматычных тэрмінаў і паняццяў, а таксама веданне пытанняў, на якія матэматыка можа прапанаваць адказы. Індывід павінен валодаць уменнямі ўжываць базавыя матэматычныя прынцыпы і працэсы ў паўсядзённым кантэксце дома і на працы, а таксама праводзіць і ацэньваць ланцугі аргументаў. Індывід павінен быць здольны ды матэматычных развагаў, разумець матэматычныя доказы, размаўляць на мове матэматыкі, а таксама карыстацца адпаведным апаратам.

B. У сферы навукі і тэхналогіі неабходныя веды складаюцца з базавых прынцыпаў прыроднага свету, фундаментальных навуковых паняццяў, прынцыпаў і метадаў, тэхналогій, тэхналагічных прадуктаў і працэсаў, а таксама ўключаюць разуменне ўплыву навукі і тэхналогій на прыродны свет. Гэтыя кампетэнцыі павінны спрыяць лепшаму разуменню індывідам дасягненняў, абмежаванняў і рызыкаў навуковых тэорый, іх ужывання ў тэхналогіі, у тым ліку для ўплыву на грамадства (у дачыненні да прыняцця рашэнняў, да каштоўнасцяў, маральных пытанняў, культуры і г. д.).
Навыкі ўключаюць здольнасць выкарыстоўваць і ўжываць тэхналагічныя прылады і машыны, а таксама навуковыя звесткі для дасягнення мэтаў або здзяйснення заснаваных на доказах рашэнняў або высноў. Індывід таксама павінен умець распазнаваць асноўныя рысы навуковага даследавання і паведамляць высновы і падставы, якія прывялі да іх.

Каштоўнаснае стаўленне:

Грунтуецца на павазе да ісціны, на імкненні да пошуку доказаў і ацэнкі іх правільнасці. Кампетэнцыя ўключае крытычную ацэнку і дапытлівасць, цікавасць да этычных пытанняў і павагу як да бяспекі, так і да ўстойлівасці (напрыклад, стаўленне да навуковага і тэхналагічнага прагрэсу з гледзішча сваіх, сямейных, супольных, глабальных інтарэсаў).

4. Камп’ютарная (інфармацыйная) пісьменнасць – уключае свядомае і крытычнае карыстанне тэхналогіямі інфармацыйнага грамадства для працы, вольнага часу, зносінаў, камунікацыя і ўдзел у карпарацыйных сетках праз інтэрнэт.

Веды, уменні:

Камп’ютарная пісьменнасць вымагае добрага разумення і ведання прыроды, ролі і магчымасцяў тэхналогій інфармацыйнага грамадства (ТІГ) у паўсядзённым кантэксце: у асабістым і грамадскім жыцці ды на працы. Яна ўключае асноўныя камп’ютарныя праграмы: тэкставыя рэдактары, табліцы, базы звестак, захоўванне і кіраванне інфармацыяй, а таксама разуменне магчымасцяў і патэнцыйных рызыкаў інтэрнэту і электронных камунікацый (электронная пошта, сацыяльныя сеткі) для працы, вольнага часу, абмену інфармацыяй і супрацоўніцтва, навучання і даследаванняў. Індывіды павінны разумець, як ТІГ могуць падтрымліваць творчасць і наватарства, быць дасведчанымі ў пытаннях надзейнасці даступнай інфармацыі, а таксама мець уяўленне наконт прававых і этычных прынцыпаў інтэрактыўнага карыстання ТІГ. Неабходныя навыкі ўключаюць здольнасць пошуку, збору і апрацоўкі інфармацыі і выкарыстанне яе крытычным і сістэматычным чынам, з ацэнкай рэлевантнасці і адрозніваннем рэальнага ад віртуальнага пры карыстанні спасылкамі. Індывіды мусяць мець навыкі карыстання інструментамі для вытворчасці, прэзентацыі ды разумення складанай інфармацыі, а таксама здольнасць атрымліваць доступ, шукаць і карыстацца паслугамі інтэрнэту. Індывіды павінны таксама быць здольныя выкарыстаць ТІГ для падтрымкі крытычнага мыслення, творчасці і наватарства.

Каштоўнаснае стаўленне:

Крытычнае і рэфлексіўнае стаўленне да даступнай інфармацыі і адказнае выкарыстанне інтэрактыўных сродкаў інфармацыі. Цікавасць і далучэнне да справаў супольнасцяў ды сетак з культурнымі, сацыяльнымі і/ці прафесійнымі мэтамі.

5. Засваенне навыкаў навучання

- уменне знайсці, апрацаваць і засвоіць новыя веды і ўменні; ўменне кіраваць працэсам сваго навучання;
- здольнасць займацца і ўпарта працягваць навучанне як індывідуальна, так і ў групах, валодаць навыкамі тайм-менеджменту, пошуку інфармацыі, усведамленне неабходнасці навучання, вызначэнне дасягальных магчымасцяў, здольнасць пераадольваць перашкоды.

Веды, уменні:

Індывід павінен мець веды аб запатрабаваных кампетэнцыях, ведах, навыках і кваліфікацыі. Ва ўсіх выпадках засваенне навыкаў навучання патрабуе, каб індывід ведаў і разумеў свае пераважныя стратэгіі навучання, моцныя ды слабыя бакі сваіх навыкаў і кваліфікацый, а таксама быў здольны да пошуку магчымасцяў адукацыі і навучання, даступнага кіравання або дапамогі.

Засваенне навыкаў навучання патрабуе, найперш, набыцця такіх фундаментальных базавых навыкаў, як моўная пісьменнасць, матэматычная пісьменнасць і ТІГ, якія неабходныя для наступнага навучання. На грунце такіх навыкаў індывід будзе здольны атрымаць доступ, набыць, апрацаваць і засвоіць новыя веды і навыкі. Гэта патрабуе эфектыўнага кіравання працэсам уласнага навучання, схемамі кар’еры ды працы і, у прыватнасці, здольнасці быць настойлівым у вучобе, канцэнтравацца доўгі час і крытычна рэфлексаваць наконт мэтаў і задач вучобы. Індывід павінен умець вучыцца самастойна і дысцыплінавана, але адначасова быць здольны да супрацы ў навучальным працэсе, здабываць выгоды з неаднароднай групы і дзяліцца тым, што ён ужо вывучыў. Індывід павінен быць здольны арганізаваць уласнае навучанне, ацаніць уласную працу, а таксама шукаць рады, інфармацыі і падтрымкі, калі гэта неабходна.

Каштоўнаснае стаўленне:

Матываванасць і ўпэўненасць у неабходнасці навучацца на працягу жыцця. Здольнасць мець справу з перашкодамі і зменамі. Жаданне ўжываць атрыманыя раней веды і жыццёвы досвед для пошуку магчымасцяў для навучання і ў разнастайных жыццёвых сітуацыях.

6. Сацыяльныя і грамадзянскія кампетэнцыі – уключаюць пазітыўную сацыяльную, культурную і інтэркультурную камунікацыю, канструктыўны ўдзел у сацыяльным і працоўным жыцці. Веды канцэпцый дэмакратыі, правоў чалавека.

Веды, уменні:

A. Сацыяльная кампетэнцыя звязаная з асабістым і грамадскім дабрабытам, які патрабуе разумення таго, як індывіды могуць забяспечыць сваё аптымальнае псіхічнае і фізічнае здароўе, а таксама ведаў, як здаровы лад жыцця можа гэтаму спрыяць. Для паспяховага міжасабовага і грамадскага ўдзелу неабходна разуменне нормаў паводзін і агульнапрынятых у розных грамадствах і сферах манер (напрыклад, на працы). Таксама важна быць дасведчаным у базавых паняццях, датычных асобы, груп, працоўных калектываў, грамадстваў, культур гендэрнай роўнасці і недапушчэнні дыскрымінацыі. Ключавым з’яўляецца разуменне мультыкультурных і сацыяльна-эканамічных характарыстык еўрапейскіх грамадстваў і таго, як культурная нацыянальная ідэнтычнасць стасуецца з еўрапейскай ідэнтыфікацыяй.

Ключавыя навыкі гэтых кампетэнцый уключаюць здольнасць мець канструктыўныя стасункі ў розных сферах, дэманстраваць талерантнасць, выяўляць і разумець розныя пункты гледжання, весці перамовы, ствараць атмасферу даверу і спагады. Індывід павінен быць здольны спраўляцца са стрэсам і пачуццём фрустрацыі, канструктыўным чынам выяўляць іх, павінен рабіць адрозненне паміж асабістай і прафесійнай сферамі.

B. Грамадзянскія кампетэнцыі грунтуюцца на веданні паняццяў дэмакратыі, справядлівасці, роўнасці, грамадзянства і грамадзянскіх правоў, уключна з тэкстам «Хартыі аб фундаментальных правах у Еўрапейскай супольнасц»і і міжнародных дэкларацый, а таксама на веданні таго, як яны выкарыстоўваюцца рознымі інстытутамі на мясцовым, рэгіянальным, нацыянальным, еўрапейскім і міжнародным узроўнях. Яны ўключаюць веданне як сучасных падзей, так і асноўных падзей і тэндэнцый нацыянальнай, еўрапейскай і сусветнай гісторыі. Дадаткова павінна быць сфармаванае ўяўленне аб мэтах, каштоўнасцях і палітыцы грамадскіх і палітычных рухаў. Таксама вельмі важнае веданне працэсу еўрапейскай інтэграцыі і еўрапейскіх структур, асноўных мэтаў і каштоўнасцяў, а таксама ўяўленне пра разнастайнасць і культурную ідэнтычнасць ў Еўропе.

Навыкі ў сферы грамадзянскіх кампетэнцый звязаны са здольнасцю эфектыўна ўзаемадзейнічаць з іншымі ў публічнай сферы і дэманстраваць салідарнасць ды зацікаўленасць у вырашэнні праблем, якія ўплываюць на мясцовыя і шырэйшыя супольнасці. Яны ўключаюць крытычную і творчую рэфлексію, а таксама канструктыўны ўдзел як у дзейнасці супольнасцяў, так і ў прыняцці рашэнняў на ўсіх узроўнях, уключна з галасаваннем.

Каштоўнаснае стаўленне:

Поўная павага да правоў чалавека, уключна з роўнасцю як асновай дэмакратыі, павагай і разуменнем адрозненняў паміж сістэмамі каштоўнасцяў розных рэлігійных і этнічных груп. Гэта азначае як пачуццё прыналежнасці да сваёй мясцовасці, краіны, Еўропы, свету, так і жаданне ўдзельнічаць у дэмакратычным прыняцці рашэнняў на ўсіх узроўнях. Пачуццё адказнасці, разуменне і павага да агульных каштоўнасцяў, такіх, як павага да дэмакратычных прынцыпаў, неабходных для сацыяльнай згуртаванасці. Канструктыўны ўдзел уключае таксама грамадскую дзейнасць, падтрымку сацыяльнай разнастайнасці і згуртаванасці і ўстойлівага развіцця, гатовасць паважаць каштоўнасці і прыватнае жыццё іншых людзей.

7. Наватарства, ініцыятыўнасць і прадпрымальнасць

– здольнасць ператвараць ідэі ў дзеянні, уключае крэатыўнасць, інавацыі і ўменне ісці на рызыку, здольнасць планаваць і кіраваць праектамі.

Веды, уменні:

Неабходныя веды ўключаюць здольнасць выяўляць даступныя магчымасці для асабістай, прафесійнай дзейнасці і/ці бізнэсу, у тым ліку “вялікую карціну” пытанняў, якія вызначаюць кантэкст жыцця і працы людзей, напрыклад, разуменне працы эканомікі, магчымасці і выклікі, якія стаяць перад наймальнікам або арганізацыяй. Індывід павінен усведамляць этычную пазіцыю прадпрыемстваў і тое, як яны могуць служыць дабру – напрыклад, сумленны гандаль або сацыяльнае прадпрыемства.

Навыкі, звязаныя з праактыўным кіраваннем праектамі (у тым ліку, напрыклад, здольнасць планаваць, арганізоўваць, кіраваць, узначальваць, дэлегаваць, аналізаваць, мець зносіны, атрымліваць інфармацыю, ацэньваць і весці ўлік), эфектыўнай прэзентацыяй і перамовамі, здольнасцю працаваць як індывідуальна, так і ў супрацоўніцтве ў камандзе.

Здольнасці аналізаваць, выяўляць моцныя і слабыя бакі, ацэньваць ды ісці на рызыкі ў адпаведных выпадках з’яўляюцца ключавымі.

Каштоўнаснае стаўленне:

Разуменне этычных нормаў і каштоўнасцяў, падтрымка добрага кіравання. Прадпрымальніцкае стаўленне вызначаецца ініцыятыўнасцю, актыўнасцю, незалежнасцю і наватарствам у асабістым і грамадскім жыцці, а таксама ў працы. Яно таксама ўключае матывацыю і рашучасць у дасягненні мэтаў.

8. Дасведчанасць і здольнасць выяўляць сябе ў культурнай сферы – прызнанне важнасці творчага выяўлення ідэй, досведу і эмоцый у медыях, музыцы, выяўленчым мастацтве, літаратуры і сінтэзаваных мастацтвах (тэатры, кіно).

Мастацтва, музыка павінны мець месца ў школьнай праграме, але не павінны мець высокага прыярытэту, патэнцыял маюць усе прадметы, інтэграванае навучанне.

Веды і ўменні:

Дасведчанасць у культуры ўключае веданне мясцовай, нацыянальнай і еўрапейскай культурнай спадчыны ды іх месца ў свеце. Яна ўключае веданне асноўных твораў культуры, разам з сучаснай папулярнай культурай. Важна разумець культурную і моўную разнастайнасць у Еўропе і іншых рэгіёнах свету, неабходнасць іх захоўвання і важнасць эстэтычных фактараў у паўсядзённым жыцці.

Навыкі тычацца як ацэнкі, так і выяўлення: ацэнка і асалода ад твораў мастацтва, а таксама самавыяўленне праз розныя сродкі з выкарыстаннем уласных здольнасцяў. Навыкі ўключаюць таксама здольнасць выяўляць уласныя творчыя і выразныя пункты гледжання на меркаванні іншых і рэалізоўваць сацыяльныя і эканамічныя магчымасці ў культурнай дзейнасці.

Выяўленне сябе ў культурнай сферы важнае для развіцця творчых навыкаў, якія могуць быць зрэалізаваныя ў разнастайных прафесійных кантэкстах.

Каштоўнаснае стаўленне:

Добрае разуменне ўласнай культуры і пачуццё ідэнтычнасці – аснова для павагі да разнастайнасці спосабаў выяўлення ў культуры. Пазітыўнае стаўленне ўключае ў сябе таксама творчасць і жаданне развіваць эстэтычныя здольнасці праз мастацкае самавыяўленне і ўдзел у культурным жыцці.

Роля ацэнкі ў павышэнні якасці навучання?

Сучасная парадыгма адукацыі вымагае не толькі новага метадычнага падыходу і арганізацыі вучэбнага працэсу, але і новай сістэмы ацэнкі якасці адукацыі.

У мінулым у асноўным дамінавала падсумоўчая ацэнка (тэст, адзнака) з акцэнтам на трансляцыю ведаў ды іх узнаўленне.
Сёння ўзнікла патрэба выпрацоўкі ацэнкі ўсяго спектра кампетэнцый, прычым некаторыя з кампетэнцый перакрыжаваныя (інтэграваныя ключавыя кампетэнцыі).

Таму ацэнка павінна даваць карысную інфармацыю для тых, хто вучыцца, і для тых, хто навучае, каб палепшыць працэс навучання. Еўрапейскія краіны актыўна пераходзяць ад падсумоўчай ацэнкі (summative assessment) да актыўнай ацэнкі (formative assessment).

Якасная ацэнка – гэта:

- вучне-цэнтрычная ацэнка;
- ацэнка навучання;
- ацэнка для навучання;
- ацэнка як частка навучання.

Сучасная тэндэнцыя ацэначнай дзейнасці адыходзіць ад бачання таго, што было ў мінулым, да бачання таго, што трэба для будучыні.

Беларускія настаўнікі ўжо пачалі выкарыстоўваць прынцыпы актыўнай ацэнкі і атрымалі добрыя вынікі. З імі можна пазнаёміцца на сайце www.aacenka.by, дзе педагогі абменьваюцца матэрыяламі, досведам, вынікамі.

Школа як навучальная супольнасць

Толькі школа як навучальная супольнасць можа забяспечыць авалоданне ключавымі кампетэнцыямі.
Навучальная супольнасць мае на ўвазе:

Візію: распаўсюджвае каштоўнасці, мэты, чаканні і патрэбы ў кампетэнцыях.
Лідэрства: размяркоўвае «інструменты і адказнасці для навучання».
Характар: адкрыты, базуецца на дыялогу, прафесійны, факусуецца на ўзаемным навучанні.
Якасці настаўніка: інфармаваны, выклікае давер, супрацоўнічае, эксперт і распаўсюднік каштоўнасцяў.

Як ацаніць якасць адукацыі

Існуе шмат спосабаў ацаніць вынікі адукацыйнай працы. Самай аўтарытэтнай у свеце лічыцца Міжнародная праграма ацэнкі адукацыйных дасягненняў вучняў (PISA), якая забяспечвае самы шырокі ў свеце і строгі набор міжнародных даследаванняў па ацэнцы ведаў і ўменняў вучняў сярэдніх школ. Ключавое пытанне даследавання – «Ці валодаюць навучэнцы 15-гадовага ўзросту, якія атрымалі агульную абавязковую базавую адукацыю, ведамі і ўменнямі, неабходнымі ім для паўнавартаснага функцыянавання ў грамадстве?». Даследаванне PISA скіравана не на вызначэнне ўзроўню засваення школьных праграм, а на ацэнку здольнасці навучэнцаў прымяняць атрыманыя ў школе веды і ўменні ў жыццёвых сітуацыях. У гэтым адлюстроўваюцца сучасныя тэндэнцыі ў ацэнцы адукацыйных дасягненняў.

PISA праводзіць даследаванні раз на тры гады У запланаваных на 2012 г. даследаваннях прымуць удзел 67 краін свету. Беларусі там не будзе, бо краіны, зацікаўленыя ў аб’ектыўнай ацэнцы школьнай адукацыі і шляхах яе паляпшэння, мусілі падаць заяўкі да сакавіка 2010 г. Беларусь заяўкі не падала.

Нашая краіна, відаць, пакуль не зацікаўлена аб’ектыўна паглядзець на сябе ў люстэрка, убачыць хібы адукацыі, перавагі і шляхі паляпшэння. Аднак кожная школа ці настаўнік з дапамогай пашукавіка Google могуць знайсці і спампаваць заданні, якія распрацоўваюць міжнародныя эксперты, пераняць падыходы, самастойна наблізіцца да сучасных тэндэнцый і зрабіць навучанне больш якасным. Не дарма ж сярод ключавых кампетэнцый ёсць навучанне на працягу ўсяго жыцця, наватарства і ініцыятыўнасць .

----------------

1. Кодекс Республики Беларусь об образовании, 13 января 2011 г. № 243-З, http://www.pravo.by/main.aspx?guid=3871&p0=Hk1100243&p2=[%NRPA%].

2. Рэкамендацыі Еурапарламента і Рады Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця (2006/962/EC) Recommendation on key competences for lifelong learning, (2006/962/EC), 18.12.2006 https://eur-lex.europa.eu/legal-content/EN/TXT/?uri=celex%3A32006H0962 (пераклад дакумента па-беларуску тут).