Ідэя + беларуская мова. Праект «Першыя» для беларускіх старшакласнікаў

Навучэнцы 9–11-х класаў змогуць прыняць удзел у адукацыйнай праграме і прэзентаваць свае ідэі пра тое, як змяніць жыццё вакол да лепшага. Дзесяць аўтараў самых цікавых ідэй выступяць на беларускамоўнай маладзёжнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk 2021 і атрымаюць смартфоны iPhone 12.


Для ўдзелу ў конкурсе і адукацыйнай праграме неабходна запоўніць анкету на сайце www.generation.A1.by. Свае ідэі старшакласнікі могуць прапанаваць у адным з пяці кірункаў: «Тэхналогіі», «Культура», «Інклюзія», «Экалогія» і «Урбаністыка» (апошні кірунак — новы). Кожнай з тэм будуць прысвечаны асобныя майстар-класы і мітапы з экспертамі, падчас якіх удзельнікі праекта змогуць распрацоўваць сваю ідэю, набываць карысныя веды, развіваць навыкі публічных выступленняў, прэзентацыі і каманднай працы.

Згодна з палажэннем аб конкурсе ўдзельнікам трэба будзе зняць відэаролік пра сваю ідэю (да 3 хвілін), падзяліцца ім у любой сацыяльнай сетцы (TikTok, Instagram, VK, YouTube, FB, OK, Twitter) з хэштэгам конкурсу #generationA1 і даслаць спасылку на generationA1.2021@gmail.com. Конкурсныя заяўкі з відэа будуць прымацца да 30 красавіка 2021 года.

Пераможцы будуць вызначаныя ў маі. А ў верасні дзесяць старшакласнікаў, якія пройдуць у фінал конкурсу, выступяць на традыцыйнай маладзёжнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk 2021.

Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk ужо на працягу трох сезонаў, з 2018 года. Праект «Першыя» праходзіць на беларускай мове, уключана з усімі майстар-класамі і публічнымі выступленнямі фіналістаў, бо адна з мэтаў конкурсу — пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і павелічэнне яе папулярнасці з дапамогай сусветнай супольнасці TED.

Іншыя мэты — павысіць цікавасць школьнікаў да тэхналагічных інавацый, інклюзіі, экалогіі і ўрбаністыкі, дапамагчы старшакласнікам з выбарам прафесіі, прыцягнуць іх увагу да важных грамадскіх праблем, знайсці і падтрымаць таленавітую моладзь. Сёлета амбасадарамі праекта «Першыя» таксама стануць педагогі з праграмы «Настаўнік для Беларусі». Гэта дазволіць надаць больш увагі рабоце з навучэнцамі ў рэгіянальных школах.

«Кожны новы сезон праекта “Першыя” паказвае, як многа цікавых і карысных ідэй для Беларусі ёсць у нашай моладзі, — кажа начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай БРЭДЗЕЛЕЎ. — І партнёрства з супольнасцю TEDx дазваляе прадставіць іх у папулярным сусветным фармаце, прычым на роднай мове сваёй краіны. Гэта дапамагае старшакласнікам паверыць у сябе і каштоўнасць іх задумак, усвядоміць бязмежнасць сваіх магчымасцяў і пераканацца на ўласным прыкладзе: кожны можа зрабіць нешта важнае для месца, дзе ён жыве».

Надзея НІКАЛАЕВА