Таварыства беларускай школы
Гісторыя ...
Таварыства беларускай школы (ТБШ) — культурна-асветная арганізацыя ў Зах. Беларусі. Створана 7 снежня 1921 г. у Радашковічах Браніславам Тарашкевічам, затым аб’ядналася з Беларускай школьнай радай (Вільня).

Асноўная мэта дзейнасці была абвешчана ў Статуце – “пашыраць і памагаць асьвеце ў беларускім нацыянальным, людскім і хрысціянскім духу”. Актыўнымі дзеячамі Таварыства былі Ф.Акінчыц, А.Аляшкевіч, Ф.Аляхновіч, Р.Астроўскі, П.Біндзюк, А.Біч, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, М.Гарэцкі, І.Грэцкі, І.Дварчанін, А.Дмахоўскі, Я.Драздовіч, П.Жаўрыд, А.Каляда, М.Касцевіч, М.Кахановіч, М.Кепель, П.Кізевіч, І.Краскоўскі, П.Крынчык, А.Луцкевіч, А.Лябецкая, А.Малец, М.Марцінчык, П.Мятла, С.Паўловіч, П.Пестрак, П.Пліс, В.Пранько, М.Пяткевіч, П.Пяткун, В.Рагуля, А.Райчонак, С.Рак-Міхайлоўскі, У.Самойла, А.Смоліч, А.Станкевіч, Ф.Стацкевіч, А.Трэпка, А.Уласаў, Л.Чарняўская-Гарэцкая, Р.Шырма, Ф.Ярэміч і інш.
Таварыства адкрывала і ўтрымлівала народныя школы і дамы, курсы, настаўніцкія семінары, чытальні-бібліятэкі, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, выдавала часопісы, падручнікі і іншую літаратуру, займалася канцэртнай дзейнасцю. Сябры ТБШ пераследаваліся польскай дыфензівай, асуджаліся і многія ўтрымліваліся ў турмах. Аднак закрыць усе беларускія школы не ўдалося. Толькі ў 1937 г. польскія ўлады забаранілі дзейнасць уплывовай нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі.
... і сучаснасць.
22 сакавіка 1996 г. было створана Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай школы”, якое зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі (пасведчанне №00738).
Гэта – добраахвотная грамадская культурна-асветная арганізацыя, якая аб’ядноўвае грамадзян з мэтай садзейнічання фарміраванню нацыянальнай адукацыйнай сістэмы ўсіх узроўняў (ад дашкольных да вышэйшых навучальных і выхаваўчых устаноў), захаванню і развіццю беларускай культуры, традыцый і духоўнасці. Прэзідэнты ТБШ – Генадзь Пятроўскі (былы першы намеснік міністра адукацыі), з 1999 г. (старшыня з 2003 г.) – Алесь Лозка (дырэктар Беларускага навукова-метадычнага цэнтра гульні і цацкі Міністэрства адукацыі, затым дацэнт БДПУ).
У кіраўніцтве ТБШ працавалі ці працуюць: гісторык Мікола Ермаловіч, літаратар Уладзімір Содаль, акадэмік Леанід Ціханаў, прафесары Віктар Цітоў, Мікола Савіцкі, Аляксандр Перасыпкін, Ілля Сучкоў, Аляксей Рагуля, педагогі Лявон Баршчэўскі, Бярнарда Іванова, Уладзімір Колас, Міхась Круталевіч, Васіль Ліцьвінка, Галіна Мартыновіч, Пятро Садоўскі, Алесь Сядзяка і інш.
У 2006 г. Таварыству Беларускай школы споўнілася 85 год.
Больш падабязна пра ТБШ у спасылках справа на гэтай староцы.