Aльхоўка-2007

«Альхоўка-2007» – паўналецце летніка

Віктар Кірэеў

Віктар КірэеўСёлета настаўніцкі летнік у Альхоўцы асаблівы! Па-першае, ён адбыўся ў 18-ы раз (з паўналеццем!). Па-другое, тэма курсаў «Камп’ютэрнае суправаджэнне навучальна-выхаваўчага працэсу па фізіцы» – даволі актуальная на сённяшні момант. Практычна ва ўсіх школах ёсць камп’ютэрныя класы, а ў некаторых навучальных установах такіх класаў некалькі і ёсць выхад у сусветную сетку Internet. Таму кожнаму настаўніку трэба ўмець выкарыстаць вялізны патэнцыял камп’ютэраў у навучальным працэсе.

У гэты раз заняткі ў летніку праводзіліся не толькі на вольным паветры. Быў задзейнічаны камп’ютэрны клас Альхоўскай сярэдняй школы; выкарыстоўваліся ноўтбукі, якія прывезлі з сабою шматлікія ўдзельнікі курсаў. Праграма курсаў у летніку была пабудаваная так, што ва ўдзельнікаў летніка была магчымасць выступіць перад калегамі.

Пачаліся заняткі з установачнай лекцыі-прэзентацыі аўтара і арганізатара праекту «Альхоўка-2007» Мікалая Іванавіча Запрудскага на тэму «Інфармацыйныя сродкі навучання: падтрымка адукацыйнага працэсу па фізіцы». Удзельнікі курсаў пагадзіліся лічыць інфармацыйнымі сродкамі навучання (ІСН) усе навучальныя матэрыялы на электронных носьбітах, якія могуць ужывацца ў адукацыйным працэсе: на класных і пазакласных занятках, у самастойнай дзейнасці навучэнцаў. Можа паўстаць пытанне: навошта ўжываць ІСН? Адказ адназначны: для падвышэння эфектыўнасці навучальна-выхаваўчага працэсу, для падвышэння якасці адукацыі выпускнікоў школы.

Класіфікацыя ІСН вельмі шырокая: паводле сферы ўжывання (прадметная вобласць, пазавызначаная дзейнасць), паводле віду носьбіта інфармацыі, паводле прызначэння (тэставанне, вывучэнне новага матэрыялу і г.д.), паводле зместу (тэарэтычнага, прыкладнога, тэставага характару), паводле спосаба ўзаемадзеяння навучэнцаў з крыніцай інфармацыі, паводле ўплыву на каштоўнасці і мысленне навучэнцаў-карыстальнікаў і г.д. Ужываць ІСН можна на ўсіх этапах вучэбна-выхаваўчага працэсу: пры падрыхтоўцы да заняткаў, на этапе дыягностыкі (тэставыя праграмы), пры вывучэнні новага матэрыялу (прэзентацыі, электронныя падручнікі), пры навучальным трэнінгу (камп’ютэрныя мадэлі, навучальныя трэнажоры, зборнікі інтэрактыўных задач), выніковым кантролі і г.д. Такім чынам, камп’ютэр з'яўляецца шматфункцыянальнай прыладай: інструментальны сродак, рэпетытар, правайдэр, квазі-настаўнік, сродак мадэлявання і г.д.

Аляксандр Плятнёў правёў майстар-клас па тэме «Стварэнне сайта з дапамогай праграмы Front Page». Ганна Андрэева дала рэкамендацыі, якім павінен быць сайт: яго структура, знешні выгляд. Пасля гэтага кожны меў магчымасць стварыць праект свайго сайту, абмеркаваць яго структуру з калегамі. Уладзімір Грабцэвіч і Аляксандр Саковіч прадставілі ўласныя абноўленыя сайты. Аляксандр Сугакевіч азнаёміў удзельнікаў з вынікамі даследавання. Ён прааналізаваў статыстыку ўжывання камп’ютэрнай тэхнікі настаўнікамі фізікі, а таксама прадэманстраваў магчымасці праграмы «Ізапрацэсы. Газавыя законы», прызначанай для засваення метадаў развязвання задач з малекулярнай фізікі. Тамара Мацкевіч падзялілася досведам правядзення актыўных мультымедыйных лекцый з выкарыстаннем прэзентацый, створаных у праграме PowerPoint. Віктар Кірэеў правёў майстар-клас на тэму «Стварэнне прэзентацый з дапамогай Windows Movie Maker». Гэта праграма дазваляе камбінаваць відэа з фотаздымкамі, накладаць тытры, каментары, гук на слайды. Пры гэтым праграма ўваходзіць у стандартны ўсталёвачны пакет Windows XP. Анатоль Аўсейчык зрабіў агляд CD па фізіцы, выдадзеных ў 1999–2007 гадах. Вялікую цікавасць у настаўнікаў і метадыстаў выклікалі прэзентацыі Вольгі Званцовай, вучні якой выкарыстоўваюць камп'ютэр у даследчай дзейнасці, і Івана Кульбеды, які са сваімі навучэнцамі робіць камп’ютэрнае мадэляванне фізічных працэсаў.

Заняткі ў камп’ютэрным класе былі вельмі насычанымі і прадуктыўнымі. Кожны ўдзельнік атрымаў некалькі дыскаў з навучальнымі матэрыяламі і досведам ужывання камп’ютэра ў навучанні фізіцы. Акрамя камп’ютэрных праводзіліся факультатыўныя заняткі на паляне, дзе можна было даведацца пра дасягненні калегаў.

На вольным паветры пад спевы птушак праходзілі шматлікія прэзентацыі новых кніг:
– «Свет вакол нас, або кніга аб здаровай ежы для розуму», «Каляндар юнага фізіка 2007/2008» для ўдзельнікаў конкурсу «Зубраня», аўтары А.Сугакевіч, А.Плятнёў, А.Валадзько, Т.Грабарэнка;
– «Дапаможнік для вусных адказаў 9,10,11 класы (профільны ўзровень)», аўтар У.Барашкаў;
– «Рознаўзроўневыя заданні для пазаняткавага кантролю па фізіцы. 8 клас», аўтар У.Паддубскі;
– «Развіццё даследчай кампетэнтнасці педагогаў у агульнаадукацыйнай навучальнай установе», аўтар С.Дзюбенка;
– «Партфоліо навучэнца па фізіцы», «Мадэляванне і праектаванне аўтарскіх дыдактычных сістэм», аўтар М.Запрудскі.

Вельмі карыснай для ўдзельнікаў летніка аказалася сустрэча з Ю.Д.Ляшчынскім – аўтарам падручніка па фізіцы. Гаварылі пра спецыфіку задач на ЦТ, пра метады іх развязання. Ю.Д. Ляшчынскі прадставіў настаўнікам сваю чарговую кнігу — плён яго шматгадовай працы «Фізіка. Рыхтуемся без рэпетытара». У гэтай кнізе прадстаўленая сістэма разнастайных фізічных задач (пазнавальных, вузлавых і г.д.). Кніга ўтрымоўвае тэарэтычны і практычны матэрыял, а таксама шмат іншай карыснай інфармацыі.

Усе з задавальненнем слухалі выступ У.Голубева і І.Галузы па тэме «Навіны астраноміі».

Акрамя навучальных заняткаў, вельмі разнастайнай і насычанай была культурная праграма летніка:
– «Баль пры свячах» (арганізатары Вольга Званцова, Алена Фатнева, Анатоль Шуба);
– «Фізіка-камп’ютэрна-спартовая паласа перашкод», арганізаваная Мікалаем Іванавічам Запрудскім. Сёлета на этапах паласы перашкодаў каманды выконвалі заданні на камп’ютэрах: шукалі інфармацыю ў Internet, будавалі табліцы і графікі, набіралі тэкст з фізічнымі формуламі, стваралі малюнкі, «стралялі» мышкамі па мішэні, давалі азначэнні камп’ютэрных і фізічных велічынь. І ўсё гэта на свежым паветры, з выкарыстаннем ноўтбукаў і мабільнай сувязі;
– «Начное арыентаванне», якое традыцыйна арганізуе і праводзіць Анатоль Аўсейчык;
– «Акадэмія» – адно з найсур'ёзнейшых і ўрачыстых мерапрыемстваў. Кожны ўдзельнік марыць атрымаць ганаровае званне Акадэміка Альхоўскіх навук;
– «Купалле» – дзякуючы Галіне Унуковіч, Юрыю Шчаснаму, Тамары Мацкевіч кожны меў магчымасць адчуць атмасферу купальскай ночы;
– «Лазня». Намаганнямі мужчынскай брацці ўжо ў пяты раз у Альхоўцы на беразе ракі Страча арганізуецца паходная лазня. Дзякуй, мужыкі!;
– «Тэатр». Усе памятаюць займальнае паданне, пастаўленае Яўгенам Жвірко;
– «Канцэрт першагодак»;
– Рэгістрацыя рэкордаў летніка, якую бліскуча правёў Сяргей Федарына.

Варта адзначыць, што адным з галоўных прынцыпаў арганізацыі летніка з'яўляецца самавызначэнне: кожны сам прымаў рашэнне пра дзень свайго дзяжурства, пра мерапрыемствы, у якіх ён будзе ўдзельнічаць або сам рыхтаваць і праводзіць. І самае галоўнае – склад удзельнікаў вызначаўся таксама на аснове самавызначэння: кожны з паўсотні ўдзельнікаў загадзя, яшчэ ў траўні, выслаў сваю заяўку з просьбай уключыць у склад слухачоў гэтых курсаў. Непарушнасць гэтага прынцыпу шмат у чым вызначыла поспех нашага летніка.

Летнік атрымаўся яшчэ і таму, што арганізатарамі былі створаныя неабходныя ўмовы для паспяховай самарэалізацыі кожнага з удзельнікаў летніка. Хочацца падзякаваць тым, хто дапамог у правядзенні Альхоўскага летніка 2007: кіраўніцтву Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, загадчыцы аддзелам адукацыі Астравецкага райвыканкама Л.Янкоўскай, дырэктару Альхоўскай сярэдняй школы Яўгену Чабатарову, асацыяцыі «Конкурс» і яе кіраўніку Г.Няхаю, дырэктару выдавецтва «Сэр-Вит» С.Будніку рэктару МДІПК А.Воранаву.

Мая шчырая ўдзячнасць усім удзельнікам курсаў! Калегі, тыднёвыя зносіны з ВАМІ – гэта сапраўднае свята, гэта зарад на ўвесь навучальны год, гэта мноства ідэй, якія хочацца хутчэй праверыць на практыцы, гэта новыя для мяне сродкі арганізацыі пазнавальнай дзейнасці маіх вучняў.
Дзякуй Вам!

Матэрыялы пра летнік глядзіце на:


- старонцы з фотарэпартажам http://www.nastaunik.info/gallery/1
- сайце http://olxovka2007.at.tut.by/ , які стварыла Ганна Андрэева;
- старонках часопіса «Фізіка. Праблемы выкладання» (ужо ў гэтым нумары змешчаная публікацыя І. Кульбеды);
- сайце http://nastaunik.info/workshop/for-teacher/fizika/
- партале А.Э. Плятнёва http://PARTAinter.net