Інтэрнэт-канферэнцыі

Заклікаем да грамадскай дыскусіі

Nastaunik.info

Шаноўныя калегі і людзі, неабыякавыя да лёсу адукацыі ў нашай краіне!
Мы пачалі дыскусію, каб разам паглядзець, што рэальна можна зрабіць у цяперашніх умовах, каб вырашыць праблемы, з якімі сутыкаемся мы і нашыя дзеці. Мэта дыскусіі – не крытыка, а ПОШУК АЛЬТЭРНАТЫВАЎ, абмен станоўчымі практыкамі і шляхамі вырашэння праблемаў у адукацыі.
Пыкладам абмеркавання могуць быць наступныя тэмы і пытанні:
Мэты адукацыі
- Як працэсы глабалізацыі і рынкавай эканомікі ўплываюць на мэты адукацыі?
- Ці рэпетытарства і нефармальныя адукацыйныя асяродкі – дастатковыя крокі для дасягнення адукацыйных мэтаў?
Праблемы настаўніка
- Тут не хацелася б навязваць сваё бачанне, бо настаўнікі самі выдатна сфармулявалі ўласныя праблемы (гл. артыкул “Праблемы вачыма настаўнікаў”) – засталося толькі абмеркаваць, што мы можам зрабіць, каб іх вырашыць хоць часткова. Спадзяемся пачуць пра паспяховыя прыклады настаўнікаў, якія здолелі адстаяць прафесійныя інтарэсы і не згубіць сваё аблічча і грамадзянскую пазіцыю.
Нацыянальная культура і адукацыя
- Чаму сярод выпускнікоў 70% хочуць з’ехаць з краіны (3 гады таму было толькі 40%)? Што можна зрабіць, каб школа была арыентавана на нацыянальныя інтарэсы, а не на падрыхтоўку патэнцыйных эмігрантаў?
- Якая філасофія дамінуе сярод сённяшніх вучняў? Чаму?
- Якая грамадзянская адукацыя нам патрэбна?
- Ці выхаванне – гэта функцыя школы?
- Роля каштоўнасцяў у адукацыі.
Інтэрнэт-адукацыя, яе магчымасці для Беларусі
- Ці дастаткова мы выкарыстоўваем інтэрнэт у мэтах адукацыі і самаадукацыі?
- Якія небяспекі нясе інтэрнэт для вучняў? Як іх пазбегчы?
Якасць адукацыі. Што гэта значыць сёння?
- Якімі кампетэнцыямі павінен валодаць выпускнік? Як іх ацаніць?
- Што трэба для пераемнасці школьнай і вышэйшай адукацыі?
Вядома, дыскусія не абмяжоўваецца пералічанымі тэматычнымі кірункамі. Мы хочам пачуць іншыя прапановы, не страціць ніводзін пункт гледжання.
Далучайцеся, калі ласка! Ад нас залежыць больш, чым падаецца на першы погляд. Бо рэформа адукацыі, насамрэч, гэта не інструкцыі, якія нам спускаюць зверху, – а змены ў свядомасці і дзейнасці настаўнікаў і вучняў.

Інтэрнэт-канферэнцыя

Шаноўныя калегі.
Таварыства беларускай школы заклікае да шырокай дыскусіі для пошуку і абмеркавання шляхоў паляпшэння беларускай адукацыі ў сённяшніх умовах. Стан, у якім апынуліся беларуская адукацыя і беларускае настаўніцтва, выглядае, мякка кажучы, не вельмі прывабна. Прычым гэтая сітуацыя залежыць не толькі ад настаўніка. Але мы хочам не канстатаваць відавочнае, а разам вызначыць, што можам зрабіць. Для арганізацыі грамадскай дыскусіі на тэму «КРЫЗІС У АДУКАЦЫІ. ПОШУКІ ВЫЙСЦЯ» сайт Nastaunik. Info прапануе адмысловую старонку. На ёй кожны зможа змясціць артыкул ці думку, выказаць свой погляд на праблемы, з якімі сутыкаюцца настаўнікі і адукацыя ў цэлым, падзяліцца станоўчай ці адмоўнай практыкай альбо проста пакінуць каментар ці пытанне калегам і экспертам.
Вынікам грамадскай дыскусіі стане публікацыя, якая будзе адрасавана шырокаму колу педагогаў, а таксама даслана ў адукацыйныя ўстановы, органы кіравання.
Пішыце на адрас nastaunik.info@gmail.com

Старонкі