Грамадская дыскусія: Ці ж было калі, каб настаўнік...

Паводле рэдакцыйнай пошты Нашай Нівы

Ці ёсць яшчэ краіна, дзе настаўнік у нядзелю ідзе са сваімі школьнікамі на хакей, бо на гульню РБ — Расія «не хапае» гледачоў, каб зрабіць добрую карцінку на БТ?

Ці ж гэта было калі, каб настаўнік вымушаны быў сам чысціць снег каля школы?

Ці ж гэта было калі, каб настаўнік за свае грошы выпісваў газеты ў школы («Настаўніцкая», «СБ», «Мінскі кур’ер»)?

Ці ж гэта было калі, каб настаўнікі самі мылі, фарбавалі столі і падлогі ў сваіх кабінетах?

Яшчэ ў настаўніка такая бясплатная справа, як «всеобуч». Настаўніку дадуць участак для прыпіскі дзяцей у школу. Два разы на год настаўнік бясплатна абыходзіць свой «раён».

А сёлета з’явілася яшчэ адно дзіва! Прыйшлі паперы з ваенкамата на хлопцаў дзявятых класаў. Хто будзе запаўняць (на кожнага чатыры паперы: характарыстыка, дзве анкеты і ведамасць адзнак)? Урэшце, запаўняе класны кіраўнік. Але ўвага — толькі на адной з гэтых пісуль будзе стаяць подпіс кіраўніка. На астатніх будуць стаяць подпісы... людзей з зоркамі на плячах. Ці ж гэта было калі?

Атрымліваецца, што настаўнік — універсальная прафесія. А ці гэта правільна так быць? Ці не трэба, каб кожны рабіў сваё за сябе? Можа тады і парадак будзе і ў школе, і ў ваенкамаеце…

Вось гэтыя аматары хакея, дворнікі, чытачы прадзяржаўных газет, прапаршчыкі, але толькі не настаўнікі атрымліваюць сапраўды «настаўніцкую зарплату». Ці ж гэта будзе калі?…



Фота: orshanka.by

З каментароў:

Цікава чытаць настаўнікаў. ))) У мяне сястра настаўнік. Яна не любіць лукашенку і лукашенкаўцаў. Але калі яе пытаюся навошта яна ходзіць у працоўны час і збірае за яго подпісы, датэрмінова галасуе, запісалася ў «белую русь» яе твар становіцца жорсткім. «Ты нічога не разумееш» – адказвае яна мне: «ці ты ведаеш што будзе калі я адмоўлюся?!". Махае на мяне рукой і зыходзіць. Вось так настаўнікі, задай гэтыя пытанні найперш сабе.

Глядзець усе каментары на nn.by