Міхась Булавацкі

Грамадская дыскусія: Мэта адукацыі — чалавек свабодны

15.03.2012


Ужо дваццаць гадоў, як наша краіна выпала з калыскі СССР. Але не ўсё савецкае мы здолелі абтрэсці з сябе за гэты час, асабліва ў галінах, якія занадта марудна паддаюцца зменам. Напрыклад, у сістэме адукацыі. Сёння беларуская сістэма адукацыі выглядае жорсткай пародыяй на савецкую, пераняўшы адтуль і самае заганнае, і нібыта найлепшае, істотна перайначыўшы (чытай: сапсаваўшы) яго, а таму патрабуе перагляду і «капітальнага рамонту», пачынаючы з падмурку.
Савецкая сістэма адукацыі зазначыла ў якасці асноўнай мэты: чалавек усебакова развіты. Нават лёгкая спроба аналізу названага тэрміну выяўляе яго недарэчнасць. Усебакова — значыць, на ўсе бакі. А колькі іх? І што, калі чалавек развіўся не ва ўсе бакі? Чаму чалавека, неразвітага, напрыклад, у матэматычны бок, трэба лічыць непаўнавартасным? Ён жа можа быць віртуозным піяністам ці выдатным артыстам.

Грамадская дыскусія: Паляванне на веды? Ці на грошы?

04.03.2012



Калі рэпетытараў вывелі з «чорнага» рынка ў «белы», г.зн. дазволілі ім афіцыйную рэгістрацыю з выплатай дзяржаве падаткаў, і ўбачылі памеры гэтай з’явы, наверсе жахнуліся і задумаліся. З аднаго боку, добра, што дадатковыя настаўнікі дапамагаюць навучэнцам асвоіць школьную праграму на больш высокім узроўні. Школы выпускаюць лепш падрыхтаваных абітурыентаў — і хвала школе! З іншага боку, такая колькасць памочнікаў сведчыць аб тым, што не ўсё ў школе ладна, што школа відавочна не дапрацоўвае. І гэтае сведчанне кідае цень на ўсю сістэму адукацыі ў дзяржаве.

Школы – пад апеку грамадства

09.02.2012


Першапачаткова школы пачалі стварацца з патрэбаў грамадства, а не з патрэбаў дзяржавы. Паступова дзяржава стала ўключацца ў гэты працэс, так ці інакш рэгуляваць і перайначваць яго. Але й сёння ў разумна ўпарадкаванай дзяржаве адукацыя і выхаванне чалавека застаецца клопатам найперш грамадства. Дзяржава ж прымае на сябе абавязкі ўпарадкаванага фінансава-матэрыяльнага сілкавання працэсу, прагназавання патрэбаў і на яго падставе вылучэнне заказаў.
Будуюць, друкуюць, прызначаюць, вызначаюць, распрацоўваюць, забяспечваюць… аднолькава для ўсіх. Усё гэта загортваецца ў прывабны фанцік «прынцып роўнасці». «Роўныя ў беднасці» – трапна заўважыў аднойчы У.Чэрчыль на словы І.Сталіна «У нас усе роўныя». І нашы школьнікі сёння роўныя ў беднасці адукацыйных магчымасцяў...

Настаўнік і рэпетытар – паплечнікі ці канкурэнты?

09.11.2011

Міхась Булавацкі, спецыяльна для nastaunik.info

Няўдалыя школьныя рэформы апошніх гадоў, асабліва пераход на 12-гадовую праграму і раптоўная ад яе адмова, выбілі настаўнікаў з наезджанай каляіны – гэта, натуральна, не паспрыяла павышэнню эфектыўнасці іх працы. Вырашаць праблему ў масавым парадку наша школа яшчэ не навучылася. І людзі кінуліся шукаць памочнікаў у гэтай справе – «рэпетытараў».
Дзяржава, не змогшы адолець гэтае «зло», урэшце прызнала карыснасць працы рэпетытараў і ўзаконіла іх дзейнасць, атрымліваючы дадатковыя падаткі ў бюджэт.
Шчыра скажу, калі я працаваў у школе ці ліцэі, мяне зусім не турбавала, карыстаецца хтосьці з маіх вучняў паслугамі рэпетытара ці не. Калі карыстаецца, і гэта яму дапамагае, то і на здароўе. А калі б шкодзіла, я са сваім досведам адразу б тое заўважыў і прыняў меры. Ды і сам вучань хутка разабраўся б, што дапамога рэпетытара вядзе не туды і адмовіўся б ад яго паслуг.


МІХАСЬ БУЛАВАЦКІ: АБ АДНЫМ АСПЕКЦЕ МОЎНАЙ НЯРОЎНАСЦІ Ў СІСТЭМЕ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

12.04.2010


АБ АДНЫМ АСПЕКЦЕ МОЎНАЙ НЯРОЎНАСЦІ Ў СІСТЭМЕ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

Міхась Булавацкі



9 красавіка 2010 года ў Нацыянальным інстытуце адукацыі адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Сучасная моўная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: праблемы, перспектывы”, прысвечаная 80-годдзю прафесара В. Протчанкі. З дакладам “Аб адным аспекце моўнай няроўнасці ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі” выступіў індывідуальны прадпрымальнік з Магілёва М.Булавацкі.

Прапанова М.Булавацкага была прызнана слушнай і падтрымана ўдзельнікамі канферэнцыі. Прафесар Л.Мурына зрабіла істотнае дапаўненне: падручнікі для рускамоўных школ павінны змяшчаць (пажадана на фарзацы) руска-беларускія слоўнічкі ужытых у падручніку адмысловых навуковых тэрмінаў.




Рэспубліка Беларусь мае дзве дзяржаўныя мовы, па Канстытуцыі роўныя. Натуральна, што іх выкладанне ў любой школе краіны павінна быць уроўненым і па часе, і па аб’ёме праграмы, і па ўзроўні патрабавальнасці. Сёння, на жаль, школа вельмі далёкая ад такой роўнасці. Асабліва гэта кідаецца ў вочы тым, хто працуе непасрэдна з беларускай мовай у моладзевым асяродку.

З 2001 года на базе Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.Куляшова праводзіцца “Беларускае пяціборства” – спаборніцтва навучэнцаў старшых класаў Магілёўшчыны на шырыню і глыбіню іх агульнай адукацыі. Праводзіцца гэтае спаборніцтва тады, калі лепшыя вучні вобласці збіраюцца на абласныя прадметныя алімпіяды. Па заканчэнні алімпіяд іх удзельнікаў запрашаюць па¬змагацца і за прызы “Беларускага пяціборства”. Адгукаюцца на гэтае запрашэнне звычайна тры-чатыры дзясяткі навучэнцаў. На пяціборстве ім прапануецца паказаць свае веды і ўменні па шырокім спектры школьных дысцыплін – мове, літаратуры, гісторыі, прыродазнаўстве і матэматыцы.

Пра цікавыя вынікі пяціборства і некаторыя высновы шмат пісалася ў беларускай прэсе.

Як ужо адзначана вышэй, на “Беларускае пяціборства” прыходзяць леп¬шыя з лепшых, прыходзяць юнакі і дзяўчаты з высокімі адзнакамі па ўсіх дысцыплінах, у тым ліку па роднай мове. Маючы высокія адзнакі па мове, яны лічаць, што гэтую мову ведаюць і ўмеюць карыстацца. Аднак, калі ім даводзіцца выказаць на гэтай мове свае думкі ў развязванні матэматычнай ці фізічнай задачы, адказаць на пытанне з біялогіі ці астраноміі, яны (даволі нечакана для іх саміх!) адчуваюць недастатковасць гэтых ведаў.

Выяўляецца тут вельмі істотны недахоп школьнай адукацыі: беларускай мове навучаюць так, як мове замежнай. Калі чалавек больш-менш ведае моўныя правілы і валодае нейкім даволі абмежаваным наборам слоў, каб пабудаваць сказы пра сям’ю, прыроду ды іншыя тэмы “шырокага ўжытку”, настаўнікі мовы лічаць гэта дастатковым і ставяць самыя высокія адзнакі. Настаўнікаў мовы, на наш (аргкамітэта і журы пяціборства) погляд, папракаць тут не трэба. Не іх справа даводзіць да вучня тое, як гучаць на роднай мове адмысловыя тэрміны з матэматыкі, геаграфіі, хіміі ды інш. Гэтую працу, як нам думаецца, павінны выконваць настаўнікі адпаведных прадметаў.