З досведу іншаземнага прачытання расійскай класікі

23.03.2011

Вінцук Вячорка: Каментар першага чытача

У пачатку эпохі Новай Незалежнасці абмяркоўваліся (і часткова ажыццяўляліся) ідэі радыкальнай змены стаўлення да школьнага курсу літаратуры. У падпольным сёння Беларускім гуманітарным ліцэі тады выкладалася проста «Літаратура» – інтэграваны курс, дзе з беларусацэнтрычнага гледзішча вывучалася краснае пісьменства ўсяго свету, у тым ліку і беларуская літаратура, і расійская, і французская і г.д. Тыповым для нашага геапалітычнага рэгіёну мог быць і дыхатамічны прадметны падзел «Родная літаратура» – «Замежная літаратура».

Сёння, аднак, маем іншую рэальнасць, выкансерваваную з савецкіх часоў. Ёсць прадметы «Беларуская літаратура» і «Русская литература». Прычым у межах апошняй чамусьці вывучаюцца асобныя творы іншых літаратураў, напр. «Маленькі прынц» Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры (а значыць, праграмуецца ўспрыманне іншаземнага краснага пісьменства праз расійскамоўную прызму). Падручнікі, хоць і ўкладаюцца ў Мінску, не маюць ані метадычнай, ані каштоўнаснай, ані змястоўнай спецыфікі ў параўнанні з маскоўскімі. Характэрная дробязь. Аляксандр Грын (Грынеўскі) – сын ссыльнага паўстанца Каліноўскага, пра што, здавалася б, мусяць ведаць беларускія дзеці. Але з мінскага падручніка яны ўведаюць толькі тыпова расійскую формулу: “отец, сосланный за участие в польском восстании 1863 года”.

Тэкст Пётры Садоўскага, прапанаваны чытачу
nastaunik.info, значна глыбейшы за рэцэнзію-агляд. Аўтар падымае прынцыповае пытанне: як чытаць творы расійскай літаратуры з пазіцыяў беларускага светапогляду, які не можа не розніцца ад суседскага? І фактычна прапаноўвае канцэпцыю такога прачытання. Пры гэтай умове вывучэнне расійскай літаратуры будзе ўмацоўваць беларускую ідэнтычнасць, а не размываць яе, што адбываецца цяпер.

Пётра Садоўскі, кандыдат філалагічных навук

Томпсан, Эва. Песняры імперыі: расійская літаратура і каланіялізм. Мінск: Медысонт, 2009
Кніга Эвы Томпсан «Песняры імперыі: расійская літаратура і каланіялізм», разам са спісам літаратуры амаль 400 старонак, з’явілася ў беларускім перакладзе больш як год таму і стала прадметам спрэчак і абмеркаванняў у асяроддзі беларускіх літаратараў, гісторыкаў і проста чытачоў гуманістычнай публіцыстыкі. У дзяржаўных выданнях Беларусі, як руска-, так і беларускамоўных, якіх-небудзь водгукаў на даследаванне Эвы Томпсан мне не ўдалося знайсці. Усе сустрэтыя мною згадкі і абмеркаванні адбываліся ў межах незалежных праектаў і недзяржаўных медыяў.
Найбольш значнай рэцэнзіяй (можа, больш карэктна, фрагментарным пераказам без дакладных спасылак) на гэтае даследаванне стала інтэрв’ю з Валянцінам Акудовічам, рэдактарам перакладу «Песняроў імперыі», у другой «Беларускай Атлянтыдзе».

Пра што кніга?

Аналізуючы мастацкія і публіцыстычныя тэксты дарэвалюцыйнай і савецкай эпохі (Пушкін, Лермантаў, Тургенеў, Карамзін, Някрасаў, Леў Талстой, Гумілёў, Бярдзяеў, Бунін, Салжаніцын, Распуцін, Рыбакоў, Астаф’еў, Кара-Мурза, Навадворская ды інш.), аўтараў якіх паводле датаў жыцця і звыклых стэрэатыпаў успрымання нельга залічыць да ліку прасавецкіх ці антыдэмакратычных творцаў, Эва Томпсан прыходзіць да нязвыклай для сярэдняга выпускніка савецкай ці (цяпер ужо) беларускай гуманітарнай ВНУ: уся вялікая расійская літаратура (аўтарка не адмаўляе высокія мастацкія якасці твораў) была і застаецца каланіяльнай паводле сваёй сутнасці і па сёння. Гэта – такая ж імперская экспансія Расіі ва ўсе бакі свету, толькі сродкамі літаратуры. З гэктай высновай, амаль даслоўна, пагаджаецца і рэдактар перакладнога тэксту Валянцін Акудовіч у сваіх адказах на пытанні Вячаслава Ракіцкага.

Даследчыца падмацоўвае сваю «непаліткарэктную» выснову параўнаннем узроўняў крытычнага асэнсавання каланіяльных – адмоўных і станоўчых – уплываў былых заходніх метраполій (Англія, Францыя) і Царскай Расіі ў фармаце дзяржаўных канцэпцыяў сталення нацыянальнай дзяржаўнасці. На прыкладах сучаснага супрацоўніцтва ў межах навуковых і адукацыйных гуманістычных праектаў, напрыклад, Індыі з Вялікабрытаніяй ды Расіі з Польшчай, даследчыца знаходзіць, што індыйскія гісторыкі і літаратары чытаюць сёння лекцыі ў англійскіх універсітэтах, не хаваючы вострай крытыкі на адрас колішніх брытанскіх ідэолагаў імперыялізму, у тым ліку і ў сферы літаратурнай творчасці. Але нельга сабе ўявіць, заўважае аўтарка, каб сёння ў Расійскую Федэрацыю прыехаў лектар з Польшчы, які чытаў бы лекцыі студэнтам, спасылаючыся на шавіністычныя антыпольскія выказванні Пушкіна, Дастаеўскага ці Салжаніцына. Расія і да сёння ў гуманістычным асэнсаванні сваёй «гістарычнай» місіі не адышла ад месіянскіх памкненняў і, хварэючы на фантомныя болі ад страчанай былой велічы пасля развалу СССР, працягвае культываваць свае імперыялістычныя амбіцыі ў мастацкіх тэкстах сучаснікаў, лічыць амерыканская даследчыца.

Эва Томпсан: Захад не разумее спецыфіку расійскага каланіялізму

Заходні абывацель, нярэдка інтэлектуал, прывык да стэрэатыпу, што калонія ад метраполіі ляжыць недзе далёка, за трыма морамі: Брытанія – Фалкленды, Галандыя – Паўднёвая Афрыка, Францыя – Алжыр ды інш. Расіі ж удалося так напісаць і падаць Захаду сваю гісторыю, што каланізаваныя тэрыторыі кшталту Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны, Сібіры ўспрымаюцца як «спрадвечна рускія», «дабрахвотна далучаныя», «абароненыя ад іга іншаверцаў» і г.д. Гэтаму спрыяе геаграфія: паярэмленыя суседзі ўспрымаюцца не толькі як тэрытарыяльны, але і як «корпусны» кантыніум. Да таго ж, у адрозненне ад заходнееўрапейскай каланізацыі, Расійская імперыя ў значнай ступені прысабечвала тэрыторыі, якія паводле ўзроўню грамадзянска-цывілізацыйнага развіцця нярэдка пераўзыходзілі пераможцаў: мелі Магдэбурскае права, «гарызантальную» сістэму дзяржаўнага ўладкавання, даволі развітую сістэму малых гарадоў, упісваліся ў сістэму некалькіх рэгіянальных рынкаў. Таму літаратурныя героі вядомых пісьменнікаў нават з дваранскімі каранямі і еўрапейскай адукацыяй, адчуваючы ўплыў дзяржаўніцкай дактрыны вышэйшасці, абранасці, «вызваленчай місіі», малявалі нават на гэтых землях тутэйшых дзеячаў як дзівакоў, асобаў з комплексамі, «не такіх, як мы». Пагатоў такія штампы сустракаюцца ў творах, у якіх дзеі адбываюцца на Каўказе. Аўтарка падрабязна аналізуе, напрыклад, творы Лермантава, дзе мясцовыя жыхары пададзены як экзатычныя асобіны. Чым яны жывуць па-за кантактамі з расійскімі прышлымі людзьмі, апавядальніка не цікавіць. «Не такія, як мы» ў творах аўтараў, якія традыцыйна лічацца дэмакратамі і гуманістамі, часта характарызуюцца непрыгожымі эпітэтамі:с косым взглядом”, “с неприятным запахом от белья”, “маленький скользкий полячишка”, “с жидовскими хитрыми глазами”… І ў сучаснай расійскай публіцыстыцы з «фантомнымі болямі» па страчанай імперыі вельмі часта сустракаюцца патрыятычныя пасажы, вельмі далёкія ад сучаснай еўрапейскай палітычнай карэктнасці, настойвае Эва Томпсан.

Стэрэатыпы пра творцаў-дэмакратаў і складанасці гістарычнага кантэксту

Чытаць кнігу Эвы Томпсан беларускаму настаўніку літаратуры, выхаванаму на савецкіх ідэях дэмакратызму і гуманістычных ідэалах «русской литературы», цікава як для ўспрымання складанасцяў гістарычнага кантэксту творчасці таго ці іншага пісьменніка, так і для разумення чалавека як істоты, у якой побач могуць ужывацца веліч духу і маральнае падзенне, спакуса кар’еры, хваравітая амбіцыя таленавітага творцы, страх перад смерцю, імгненная слабасць славалюбцы…

У літаратурным гуртку са старшакласнікамі ці нават са студэнтамі-гуманітарыямі можна правесці просценькую гульню: даць дзесятак прозвішчаў паэтаў і пісьменнікаў і прапанаваць запісаць першыя асацыяцыі: азначэнні, словазлучэнні, ключавыя словы і г. д. Змясціўшы сярод іх, напрыклад, прозвішча Някрасава, можна з абсалютнай упэўненасцю чакаць выключна станоўчых канатацый. Шмат гадоў таму на курсах удасканалення журналістаў літаратурных і музычных рэдакцый на БТ я праводзіў падобны эксперымент. Некалькі адмоўных канатацый атрымалі Кнут Гамсун (калабарант), Іван Шамякін (за лакіроўку партыйных босаў) і Андрэй Макаёнак (за кан’юнктурнасць «Лявоніхі на арбіце», Андрэй Александровіч (за шчыраванне на ніве крытыкі «нацдэмаў»). Някрасаў меў выключна станоўчыя эпітэты: дэмакрат, заступнік бедных і прыгнечаных… У памяці журналістаў захаваліся ў памяці радкі з «Железной дороги» пра “высокорослого больного белоруса” “с колтуном в волосах”, які “механически ржавой лопатою мёрзлую землю долбит”. Слухачы былі шакаваныя, калі я прапанаваў ім загадку: хто з расійскіх паэтаў-дэмакратаў мог напісаць наступны панегірык Мураўёву-вешальніку, «усмірыцелю» Віленскага краю пасля задушэння паўстання 1861 году?

Бокал заздравный поднимая,
Еще раз выпить нам пора
Здоровье миротворца края!
Так много ж лет ему, — Ура!

Паводле «Большой Советской энциклопедии», гэтым аўтарам быў Някрасаў. Зрабіў ён гэта не таму, што быў нападпітку (гэта адбылося на прыёме ў доме губернатара ў Вільні, Някрасаў увогуле ладна піў і гуляў у карты). Ён быў «дзяржаўнік», як Пушкін, як Лермантаў, якія часам прызнаваліся, што любілі сваю айчыну “странною любовью”. Калі верыць даследчыкам, Някрасаў прамовіў тост пасля выступу самога графа Міхаіла Мураўёва, генерала ад інфантэрыі, генерал-губернатара «Северо-Западного края», надзеленага дыктатарскімі паўнамоцтвамі, які сказаў: “Забудьте наивные мечтания, занимавшие Вас доселе, господа. И помните,что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, преданными Отечеству, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край…”

Ідэю Расіі як Трэцяга Рыма шматкроць уславілі найзнакаміцейшыя расійскія паэты, сыны свайго часу, якіх мы старанна вывучаем на ўроках «русской литературы».

Міхаіл Лермантаў, рускі з шатланскай крывёю ( у паэме «Измаил-Бей»):

Смирись, черкес! И Запад и Восток
Быть может, твой разделят рок.
Настанет час, и скажет сам надменно:
Пускай я раб, но раб царя Вселенной.
Настанет час – и новый грозный Рим
Украсит Север Августом другим!

А вось «солнце русской паэзии», рускі з часткай эфіопскай крыві – Аляксандр Пушкін – у вершы «Клеветникам России» так азваўся на абурэнне Захаду задушэннем расійскім царом паўстання 1831 года:

Что возмутило Вас? Волнение Литвы?
Оставьте: это спор славян между собою.
Уж взвешенный судьбою…

Нацыянальная ідэнтычнасць і гісторыя

Цытаваныя вышэй радкі з Някрасава, Лермантава, Пушкіна не прыводзяцца ў тэксце Эвы Томпсан. Гэта – мае спасылкі, як і ўсе меркаванні ў гэтай заключнай частцы. Навошта я гэта раблю? Дзеля распальвання жарсцяў? Гэта ж – ужо гісторыя. Я разумею, што сёння ў пачатковых класах, напрыклад, у Казані (сталіца Татарстану) настаўніку цяжка растлумачыць маленькім татарскім дзецям пушкінскія «станоўчыя» эпітэты пра «русского батыра», які любіў зранку “серых уток пострелять” або дзеля пацехі “башку с широких плеч у татарина отсечь”. Тут патрэбны папулярны экскурс у гісторыю, які ў малодшых класах зрабіць цяжка.

Сярод актуальных праблемаў гуманістычнай адукацыі і выхавання ў краінах, якія некалі былі ў складзе СССР, дзе «русская идея» была імпліцытна пануючай, у адрозненне ад краінаў Еўразвяза, дзе нацыянальныя варагаванні эпохі сталення нацыяў ужо спісаны ў гістарычны архіў, застаецца далікатная тэма знаходжання мяжы паміж днём учорашнім і сённяшнім. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў прайшло, як немцы і французы у так званай Елісейскай дамове падвялі рысу пад эпохай варагавання. Маладое пакаленне немцаў і французаў ужо не памятае, хто такія «бошы» і «жабаеды». Немцы і французы – дарэчы, з ініцыятывы сумеснага моладзевага парламенту – напісалі сумесны падручнік гісторыі для гімназіяў, які ахоплівае перыяд з Венскага кангрэсу да нашых дзён. Мне давялося два гады таму браць удзел у канферэнцыі ў Берліне, дзе прэзентаваўся гэты падручнік. Падумалася: калі мы напішам такія сумесныя падручнікі з нашымі суседзямі? Пакуль што не толькі на базарах расійскай сталіцы, але і на старонках друкаваных выданняў і тэлеэкране можна сустрэць (не як гістарызмы!) зневажальныя слоўцы тыпу хахол, лабус, цюбецейка, бульбаш, жыд, чарна…опы і г.д. Расійскія тэлегледачы авацыямі сустракаюць брудна-тупаватыя жарцікі Задорнава наконт украінскага, каўказскага, беларускага маўлення. Як быццам увесь свет мусіць без акцэнту размаўляць на чужой мове…

«Словарь народной фразеологии. Жгучий глагол», надрукаваны ў Люберцах ў 2000 годзе тыражом 5000 асобнікаў, на літару «Б» да слова «бульба» дае дзве ілюстрацыі:

Бульба е балота радам, дроў нарубім і парадак. (Тлумачэнне: Передразнивание русской речи, характерного говора «бульбашей»).
Бульбу жарим, бульбу варим, бульбу так себе ху...рим. (У арыгінале напісана без купюр. Тлумачэнне: О гастрономических пристрастиях «бульбашей»).

А ў нас у Беларусі ўжо спакойна продаецца і агрэсіўна рэкламуецца гарэлка «Бульбашъ», з каланіяльным знакам «ер». Дажыліся!

На жаль, практыка сённяшняга жыцця ў Беларусі не дае магчымасці разглядаць «пратуберанцы каланіялізму» з боку нашага ўсходняга суседа як гістарызмы ды анахранізмы. Таму, думаецца, кніга Эвы Томпсан «Песняры імперыі» яшчэ пакуль застаецца актуальнай.

Апошняя заўвага (для магчымай дыскусіі)

Кожны этнас, калі ён хоча стаць нацыяй, павінен вылузвацца са скуры, біцца да крыві, каб сцвердзіць сябе. Ці не занадта мы саплівыя і далікатныя, што ўсё енчым і аглядаемся назад? Канешне, як кажуць, эпоха нараджэння нацыяў – канец XVIII, XIX, пачатак XX стагоддзя – прайшла. Тады мы былі прыціснутыя гістарычнымі абставінамі. Але ж палякі, напрыклад, і сёння не трацяць сваёй «пасіянарнасці». Прыдумалі «карту паляка». Чаму нам не прыдумаць карту беларуса? Думаецца, што нацыя, тым больш «запозненая», у эпоху глабалізацыі мае дапушчальнае права на самаабарону, як фізічная асоба, калі робіцца замах на яе жыццё. Ці можна асуджаць (і гістарычна!) тых, хто сябе сцвердзіў, няхай сабе і не заўсёды далікатнымі сродкамі? У эпоху сталення нацыяў яшчэ не было ААН, Бруселя… Трэба, каб вучні і настаўнікі разумелі розніцу паміж гісторыяй, літаратурай і штодзённым жыццём. Тады і патрыятызм будзе здаровы і аптымістычны.

P. S.

Раю выкладчыкам літаратуры і гісторыі, хто чытае «Новое литературное обозрение», пачытаць развагі расійскага даследчыка пра Літву і Беларусь (Михаил Долбилов: Русский край, чужая вера. Этноконфессиональная политика империи в Литве и Белоруссии при Александре ІІ).