Убер для настаўнікаў

21.02.2017

Бостанскі  старт-ап  Parachute Teachers можна перакласці  як ”Настаўнікі на парашуце”, узнік у лабараторыі Гарвардскай Вышэйшай школы адукацыі і працуе з 2015 года. Слоган праекта: “Прынясіце свой мясцовы талент у мясцовую школу”. Гэта інтэрнэт-рынак для падменных настаўнікаў, такі убер для настаўнікаў.

З якой патрэбы ўзнікла ідэя? Статыстыка паказала, што вучні ўсіх тыпаў школ праводзяць каля 6 месяцаў за сваё школьнае жыццё з падменнымі настаўнікамі. А ў гарадскіх школах гэта можа быць нават ад 1 да 3 гадоў. Настаўнік у сярэднім бярэ па розных прычынах 10 вольных дзён  за навучальны год. І гэта вельмі шмат каштоўнага навучальнага часу.Звычайна настаўнік, сыходзячы на бюлетэнь, ці з нейкіх другіх прычынаў пакідае тэчку з планам урока, які павінен быць праведзены ў класе.  Аднак практыка паказвае, што вельмі нямногія з тых, хто прыходзіць падмяняць настаўніка, карыстаюцца гэтымі планамі. Насамрэч, не так і лёгка  зайсці ў клас, узяць чужы план і выканаць яго эфектыўна. Такое ўдаецца нямногім. У большасці выпадкаў у залежнасці ад узросту вучняў настаўнік прапануе ім размалёўку (было заўважана нават у сярэдняй школе), альбо яны ў 20-ты раз глядзяць мультфільм “Кароль Леў”. Такім чынам 6-7 урокаў на дзень праходзяць бессэнсоўна.

Пры ўсім тым попыт на падменных настаўнікаў вельмі вялікі ў нацыянальным маштабе. Часта дырэктар бярэ на замену любога ахвочага з групы падменных настаўнікаў, бо ў класе мусіць быць дарослы, каб адбыўся ўрок. “Абы быў жывы”, - жартуе сп-ня Чэры Райс, кіраўніца праекта.

Галоўная задача праекта ў тым, каб кожную секунду, кожны дзень перад класам быў высокакваліфікаваны настаўнік. Але варта ўспомніць, што навучанне сёння сканцэнтравана не толькі ў 4-х сценах школы. З інтэрнэтам, з грамадскай супольнасцю, з уплывам “вуліцы” яно адбываецца паўсюль і ўвесь час.

Чэры Райс зазначае, што да ўзнікнення праекту, з аднаго боку, прывяло ўсведамленне таго, што грамадскасць з пазашкольнага атачэння поўніцца талентамі. Ёсць інжынеры, якія прапануюць 3D друкаванне, ёсць мастакі , якія навучаюць акварэлі  ці кераміцы, акторы, якія ставяць дыкцыю, ёсць фермеры, якія прапануюць праграму “Гатуем з поля да стала”. З другога боку,  арганізатары ўбачылі выдатныя магчымасці для студэнтаў усталяваць сувязі і набыць сацыяльны капітал. І адначасова  гэта стварае  сацыяльны капітал і  для суполкі, дзе жывуць маладыя людзі.

Дзякуючы праграме, у школу прышлі таленавітыя, апантаныя сваёй справай людзі, якія не хочуць сыходзіць са сваёй лабараторыі,  тэатра  ці вытворчасці, каб стаць прафесійным настаўнікам. Але яны прыносяць свае захапленні, рэкламуюць сваю спецыяльнасць, самі атрымліваюць задавальненне ад новай сферы, дзе можна прымяніць свае веды.

Трэба нагадаць, што праект камерцыйны.  Гэта інтэрнэт-рынак для падменных настаўнікаў, якія за сваю працу атрымліваюць звычайную настаўніцкую зарплату. Падтрымліваецца зваротная сувязь з дырэктарамі школ і, што цікава, з вучнямі, якія ў рэшце рэшт з’яўляюцца канчатковымі спажыўцамі адукацыйнай паслугі.

Дарэчы, у Беларусі ёсць людзі, якія таксама рэалізуюць ідэю знаёмства вучняў са сваёй дарослай справай. Рэстаратарка і кухар Алена Мікульчык некалькі гадоў працуе са школай-інтэрнатам у Ашмянах у рамках адукацыйнага праекту  “Кулінарыя +”. Гэта з таго, што сустрэлася  ў медыях апошнім часам. Напэўна, такіх людзей і праектаў ёсць багата.

Наогул, артыкул пра "настаўнікаў на парашуце" прыцягнуў увагу, таму што абмяркоўваючы новы закон аб адукацыі, грамадзяне разважаюць пра намер  адгарадзіць школьны навучальны працэс ад бацькоў. І думаеш: “ Чаму мы неяк заўсёды не ў сусветных трэндах : ні ў адукацыі, ні ў эканоміцы, ні ў сацыяльным жыцці?”  Здаецца, даўно зразумела,што  ізаляцыянізм у любой форме і ў любой сферы вядзе толькі да дэградацыі.

 

Дадаць каментар

Перазагрузіць Type the characters you see in this picture.
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія Вы бачыце на малюнку; калі вы не можаце прачытаць іх, адпраўце форму і для Вас будзе створаны новы вобраз. Не адчувальныя да рэгістра.  Пераключыць на аўдыя-праверку.