Як чытаць навіны падчас выбарчай кампаніі

Тамара Мацкевіч
30.06.2020

Як чытаць навіны падчас выбарчай кампаніі

Каму верыць?

Першае правіла, каб быць інфармаваным, а не падманутым – знайсці надзейную крыніцу інфармацыі. У Беларусі гэта няпроста. Але без гэтага – ніяк. У нас няма грамадскага тэлебачання ці радыё, як ва Украіне. Няма вялікага рынку рэкламы, каб нашыя СМІ былі фінансава незалежнымі, няма свабоды слова і незалежнага суда, каб бараніць сябе і сваіх журналістаў. Ды і трэба сказаць праўду – мы самі не дараслі да разумення важнасці чацвёртай улады ў краіне, мэта якой – кантраляваць дзяржаву.

У нас ёсць дзяржаўныя, недзяржаўныя, замежныя СМІ, а яшчэ ёсць шмат новых медыя: сацыяльных сетак, тэлеграм-каналаў, паблікаў і блогераў. Паспрабуем разабрацца, каму можна верыць, і што рабіць, каб не патануць у плыні інфармацыі, пры гэтым так і застаўшыcя неінфармаваным.

Разгледзім па парадку крыніцы, адкуль мы бярэм інфармацыю і якія асаблівасці нас могуць чакаць падчас выбараў.

Дзяржаўныя СМІ

Дзяржаўныя СМІ – несвабодныя. Яны будуць, як заўсёды, накіраваны на зніжэнне пратэстнай актыўнасці грамадства і выконваць наступныя функцыі:

  1. Запалохванне. Яно адбываецца па розных схемах. Мы ўбачым на сваіх экранах, як прэзідэнт страляе на вучэннях, крычыць на сваіх, каб чужыя баяліся, шыхтуе алавяных салдацікаў, гразіцца навесці парадак і скруціць галовы ўсім нязгодным. ДзяржСМІ нам будуць распавядаць пра ворагаў, якія акружылі краіну, і што нам трэба выстаяць любым коштам. Уплывае гэта на масавую свядомасць мала, калі толькі мы самі не пачынаем вірусна разносіць гэтую лухту.
  2. Яшчэ адзін крыху хітрэйшы кірунак запалохвання – рэпрэсіі. Сталін кіраваў з дапамогай страху шмат год – менавіта для гэтага яму былі патрэбныя масавыя арышты, катаванні, расстрэлы, “чорныя варанкі”, каб пра іх ведалі і баяліся ў кожнай вёсцы. У час інфармацыйнага грамадства рэпрэсіі масавымі робяць СМІ. Улада праводзіць паказальныя працэсы над знакавымі людзьмі, можа прэвентыўна затрымаць і катаваць у турмах дэмакратычных актывістаў, іншым пагражаць, што за іх актыўнасць адбяруць дзяцей, а задача падуладных СМІ пра гэта распавесці як мага большаму колу людзей. Эфект будзе такі ж, як ад сталінскага "Вялікага тэрору". Пра гэта трэба ведаць і не ствараць ні панікі, ні віруснага распаўсюду гэтай інфармацыі. Не дзеля гэтага пакутуюць нашыя людзі ў тых турмах. Але мы не павінны маўчаць. Прыўладныя халуі баяцца галоснасці. Таму трэба інфармаваць людзей, адпаведныя арганізацыі, выкрываць імёны, пісаць заявы, скаргі ў пракуратуру, ад нас павінна сыходзіць праўдзівая канструктыўная інфармацыя з магчымымі прапановамі, што рабіць. Або з досведам супрацьстаяння. Галоўнае - не баяцца. Бо ўсіх яны не збіраюцца і не змогуць дастаць. Галоўнае ведаць, што нас – большасць. На запалохванні адказваць годна. (Я сама пакаталася ў аўтазаку і пасядзела ў міліцыі – скажу вам, нават была задаволена, што ўбачыла, што не такі страшны чорт, як яго малююць)
  3. Закручванне спіралі маўчання. Спіраль маўчання – гэта такі тэрмін, які прыдумала сацыёлаг Ноэль Нойман. Дзяржаўныя СМІ штучна ствараюць уражанне, што мы (тыя, якія за змены) – у меншасці. А тых, хто падтрымлівае ўладу, – большасць. І тады, па законах псіхалогіі, тыя, хто думае, што ён у меншасці – замаўкаюць з-за страху аказацца ў стане лузераў. Задача дзяржаўных СМІ падчас выбараў – стварыць такую карцінку, каб большасць думала, што яна ў меншасці і альтэрнатыўнага меркавання было не чутна. Але сёлета – дакладна гэта не так. Трэба гэта ведаць і, разарваўшы спіраль маўчання, мы маем шанец да зменаў.
  4. Дэзінфармацыя: тут беларускія СМІ працуюць дубова: мы зноў пачуем пра прадажных канкурэнтаў адзінага кандыдата, праплочаную масоўку, магчыма нам зноў пакажуць (ужо паказалі) знойдзеныя ў апанентаў рэжыму пачкі грошай, фэйкавыя наркотыкі, шпрыцы, пацукоў, нам зноў прапануюць канспіралагічныя тэорыі. Мэта ўладаў – абудзіць у людзей зайздрасць, страх, пачуццё віны, крыўду. Менавіта маніпуляванне эмоцыямі зніжае крытычнасць мыслення: дарослыя людзі становяцца як дзеці, і іх лёгка падмануць. Ведайце, калі нейкая навіна ў вас выклікае моцныя эмоцыі – хутчэй за ўсё, гэта не навіна, а прапаганда. Навінны жанр паводле журналісцкіх стандартаў павінен будавацца на фактах і быць безэмацыйным. Высновы павінен рабіць сам чытач.
  5. Адцягванне ўвагі ад галоўнага.
    Не ведаю, якую “чупакабру” прыдумаюць на гэты раз, каб пераключыць увагу людзей, але тое, што пандэмію каранавірусу ўлады скарыстоўваюць на сваю карысць – ужо бачна. У самы галоўны момант нам будуць паказваць “сапраўдныя, больш важныя” праблемы, карцінкі добрага жыцця пад мудрым кіраўніцтвам саміведаецекаго, каб толькі адцягнуць нашу ўвагу ад выбарчай кампаніі. Не выключана, што прапагандысты дастануць з рукава старыя страхі – напрыклад, пры запуску Астравецкай АЭС будуць палохаць магчымымі выкідамі радыяцыі, ці якой новай эпідэміяй. Эколагі з задавальненнем гэта падхопяць і панясецца… Будзем пільнымі!

Недзяржаўныя СМІ

Насамрэч, у нас няшмат недзяржаўных СМІ. Не будзем лічыць жоўтую прэсу і камерцыйныя лісткі, якія абыходзяць сур’ёзныя тэмы.

Трэба ведаць, што ў недзяржаўных СМІ, як правіла, мала грошай. Абмежаванасць эканамічных свабод не дае развівацца рынку рэкламы, а мы самі яшчэ не дараслі да разумення, што свае СМІ павінны фінансаваць са сваёй кішэні. Таму, каб выжыць, некаторыя медыя могуць нешта проста замоўчваць – уключаць самацэнзуру, каб не наклікаць вобшукі, рэпрэсіі, ці закрыццё СМІ. Не сакрэт, што ў наш час незалежныя СМІ могуць выкарыстоўвацца (перакупляцца) як недэмакратычнай ўладай, так і кіравацца з замежжа. Тады яны становяцца гібрыднымі і праводзяць палітыку гаспадара больш хітра, змешваючы праўду з няпраўдай.

Тут толькі адно выйсце – усю інфармацыю спраўджваць з некалькіх крыніц і прасейваць праз сіта сваіх каштоўнасцяў.

Медыяэксперты кажуць, што гібрыдныя СМІ можна адрозніць па пасылу, які яны нясуць. Гібрыдныя СМІ, якія “косяць” пад незалежныя, як правіла, маюць накіраванасць на раз’яднанне грамадства па ўсіх магчымых лініях падзелу: моўных, нацыянальных, маёмасных, узроставых, гендарных… Калі ж публікацыя накіравана на аб’яднанне, салідарнасць, мае пазітыўны пасыл, не супярэчыць агульначалавечым, нацыянальным каштоўнасцям, то хутчэй за ўсё – інфармацыі можна давяраць, але, вядома, праглядзеўшы, што пра гэта пішуць у іншых крыніцах.

Яшчэ я б параіла кіравацца рэпутацыяй СМІ і журналістаў, якія там працуюць. Асабіста мае сімпатыі на дадзены момант з пункту гледжання аб’ектыўнасці падачы інфармацыі на баку Еўрарадыё і газеты “Новы час”.

Але падчас важных падзеяў усё можа здарыцца. І калі вы ўбачыце, што нейкае незалежнае медыя раптам перафарбавалася і пачало агітаваць за пэўнага кандыдата, або журналісты, якія разбіраюцца ў палітыцы, эканоміцы, якія, вам здавалася, не апусцяцца на ўзровень ніжэй, пачалі раптам выдаваць публікацыі з налётам жаўцізны, неўласцівых для сябе і нявартых на дадзены час тэмаў – ведайце, што тут нешта не так. Журналісты – таксама людзі са сваімі слабасцямі. Іх могуць шантажаваць, або яны самі вырашаць прадаць крыху сумлення, каб пажыць больш заможна.

Замежныя медыя

Замежныя СМІ ў нас пераважна расійскія. Нават тэлесетка беларускага тэлебачання будуецца на расійскіх каналах. Тут парада адна – жорсткая медыягігіена. Выключыць іх наколькі магчыма са сваёй інфармацыйнай прасторы. Нават фонавае праслухоўванне ці прагляд тэлесерыялаў мае агромісты ўплыў на масавую свядомасць – менавіта з дапамогай мяккай сілы мастацтва, літаратуры, масавай культуры расейцы ствараюць патрэбную сваёй краіне карціну свету ў галовах беларусаў. Расійскія СМІ маюць мэтавае фінансаванне на прасоўванне сваіх імперскіх амбіцый праз уплыў на розныя мэтавыя групы. Сярод самых небяспечных я б назвала "Спутник" і "Эхо Москвы". Менавіта гэтыя медыя заігрываюць з беларускімі элітамі, нацыянальнай інтэлігенцыяй, маюць на мэце прывязаць лідараў думкі да расейскай і расейскамоўнай прасторы.

Да пэўнага часу яны могуць асвятляць выбарчую кампанію Беларусі нібыта аб’ектыўна, але ў крытычны пераломны момант выступяць на баку сваіх гаспадароў, якія зусім не зацікаўленыя ў дэмакрытычных зменах і незалежнасці нашай краіны. (Эхо Москвы на 66% фінансуецца Газпромам).

Таксама ў Беларусі дзейнічаюць і замежныя медыя дэмакратычных краінаў. Найбольш вядомыя Радыё Свабода, Deutsche Welle, ды і Белсат фармальна належыць польскай тэлевізіі. Гэтыя медыя маюць больш магчымасцяў у параўнанні з незалежнымі беларускімі. Яны могуць сабе дазволіць весці стрымы з вуліц, мець сетку ўласных карэспандэнтаў. Аднак трэба ведаць, што дэмакратычны свет у апошні час мяняецца не ў лепшы бок, што часам бачна і па гэтых медыя.

Толькі крытычна пераасэнсаваная і прапушчаная праз іерархію ўласных нацыянальных каштоўнасцяў і прыярытэтаў інфармацыя з гэтых крыніц можа быць вартай даверу. Тут таксама падыходзіць фільтр – калі мэсыдж публікацыі стваральны – прыслухайцеся. Калі разбуральны, пазбаўлены эмпатыі – значыць у гэтай публікацыі не беларускія інтарэсы.

Сацыяльныя медыя, паблікі, тэлеграм-каналы, блогі.

Раней, у савецкія часы, калі існавала жорсткая цэнзура, найбольш аб’ектыўная і карысная інфармацыя даходзіла да грамадства ў выглядзе чутак і самвыдату. Бывала, што гэтыя чуткі распаўсюджвалі самі ўлады з пэўнымі мэтамі – тады яны называліся “ўкідамі”.

Усе гэтыя, як добрыя, так і кепскія функцыі, сёння перанялі сацыяльныя медыя. Падчас выбараў мы можам атрымаць самую аператыўную інфармацыю з альтэрнатыўных афіцыйным СМІ крыніц: пра фальсіфікацыі, затрыманні, акцыі салідарнасці, стрымы з вуліц і выбарчых участкаў, сапраўдны падлік галасоў (калі ўдасца), копіі пратаколаў і твары чальцоў камісій. Аднак тут трэба быць тройчы пільным, каб не патрапіць на фэйкі і ўкіды, не паддацца ўплыву нанятых троляў. Яшчэ больш цяжка распазнаць мэты блогераў і засцерагчыся ад праплочанага кантэнту, якія можа ісці патокам падчас важных падзеяў з раней, здавалася, надзейных паблікаў.

Што рабіць?

Вучыцца. Найперш, навучыцца задаваць сабе 5 пытанняў да кожнай атрыманай навіны:

Хто? (хто ўласнік інфармацыі ці СМІ?)

Што хацелі ад мяне?

Каму гэта выгадна?

Якія каштоўнасці транслююць?

Што я магу зрабіць у адказ?

Памятайма, што пандэмія невуцтва і папулізму – больш небяспечная за пандэміі самых страшных хваробаў.

Новы час, 27.06.2020