Імідж настаўніка ў сацыяльных сетках

Тамара Мацкевіч
01.11.2017

Сёння інтэрнэт уплывае як на калектыўны, так і на персанальны імідж настаўніка нашмат больш, чым заробак і створаны дзяржавай сацыяльны статус прафесіі разам узятыя. З іншага боку, можа гэта і някепска, бо настаўнік мае магчымасць паказаць сваю грамадскую вагу і заваяваць павагу бацькоў, вучняў і калег, і гэтаму цяжка перашкодзіць.

Прычым у Беларусі гэта зрабіць нашмат лягчэй, чым у суседзяў: у нас з часоў савецкага таталітарызму амаль не было перыяду свабоды, у тым ліку і свабоды слова, таму з тых часоў і дагэтуль людзі больш давяраюць чуткам, чым несвабодным дзяржаўным СМІ. [тут] А ў адносна вольнай інтэрнэт-прасторы ролю пашыральніка чутак, як і незалежнай інфармацыі, выконваюць сацыяльныя сеткі – 42,4 % беларусаў заявілі, што менавіта адтуль яны атрымліваюць навіны і інфармацыю. Таму кожнаму педагогу варта задумацца пра свой імідж у сацыяльных медыя. Можна сказаць, наш імідж у нашых руках.

Як жа выглядае віртуальны беларускі настаўнік і ці падобны ён да рэальнага?

 

Скажы мне, дзе ты жывеш, і я скажу, хто ты

Некалі ў рамках школьнай праграмы мы вучылі, што Лондан падзелены на West End і Еast Еnd. У заходняй частцы брытанскай сталіцы знаходзіцца элітная нерухомасць, музеі, тэатры, урадавыя будынкі, каледжы і ўніверсітэты. Там пераважна жывуць самадастатковыя адукаваныя людзі. West End прынята лічыць антыподам рабоча-пралетарскаму ўсходняму Еast Еnd-у.

Так і ў сацыяльных медыя. Калі ваша асноўная персанальная старонка знаходзіцца ў “аднакласніках”, то вы, хутчэй за ўсё, у вачах вашых вучняў належыце да ніжэйшага класу. За вузкасць поглядаў, перанасычанасць прапагандай і папсовым кантэнтам дзеці называюць гэтую сетку “аднаглазнікі”.

Розныя сацыяльныя сеткі маюць розны сацыяльны статус. Беларускі сегмент Фэйсбука налічвае больш за мільён акаутнаў і яго прынята лічыць інтэлектуальным, ён заселены інтэлігенцыяй і ўмоўным сярэднім класам. Там, у адрозненне ад „аднакласнікаў“, не прынята штодня дзяліцца рэцэптамі пірагоў, графаманскімі вершамі, цудадзейнымі іконамі, букетамі і настальгаваць па СССР ці дарэмна пражытай маладосці… Хаця пры перасяленні з „аднакласнікаў“ іх жыхары часам пераносяць у ФБ і старыя звычкі. Настаўнікі, напрыклад, вельмі любяць дзяліцца неглыбокімі ці фэйкавымі артыкуламі з сумнеўных сайтаў, створаных для віруснай рэкламы, усякімі абвесткамі пра дапамогу і спачуванне “няшчасным людзям”, якіх яны асабіста не ведаюць.

Фота з сеткі https://ok.ru/. Дзясяткі беларускіх настаўнікаў зрабілі перапост гэтай фэкавай абвесткі ў аднакласніках. 

У фэйсбуку створана шмат пляцовак для прафесійных зносінаў, можна далучыцца да груп па інтарэсах, там вы можаце падпісацца на старонку любых выданняў з любой краіны: ад “Настаўніцкай газеты” да “Washington Post”.

Калі вы маеце старонку на Google+, то вы адразу трапляеце ў лік «прасунутых прафесіяналаў». Вашы вучні будуць ведаць, што вы карыстаецеся ўсімі сучаснымі google-сэрвісамі для навучання, захоўвання інфармацыі, абмену прафесійнымі (і не толькі) матэрыяламі, у тым ліку і ўласным каналам YouTube.

Некаторыя суполкі беларускіх настаўнікаў, да якіх можна далучыцца на Google+

Калі вы маеце хобі – фатаграфію, то Вам падыходзіць Instagram. Прысутнасць у гэтай сетцы (як і наяўнасць хобі) дадасць вам шмат бонусаў у вачах школьнікаў. Instagram, бадай, самая прэстыжная сетка ў маладога пакалення.

Палітыкі, публічныя асобы, эксперты карыстаюцца Twitter. Там памер паведамлення абмежаваны 140 сімваламі, што дазваляе лаканічна паведамляць пра важныя падзеі і ідэі.

Беларускія вучні і студэнты па звычцы жывуць у “Вконтакте”. Калі вы малады настаўнік і вучні вас лічаць за свайго, можаце завесці там акаўнт. Аднак ведайце, што ў гэтай расійскай сетцы шмат пірацкага кантэнту, і калі вы будзеце ім карыстацца (незаконна пампаваць музыку, відэа…), то ваш маральны вобраз і аўтарытэт будзе крыху падмочаным. Да таго ж стваральнік сеткі Вконтакте сышоў з яе кіраўніцтва, бо яго прымушалі зрабіць базу персанальных дадзеных кліентаў адкрытай для спецслужбаў [тут]. Большасць моладзі гэта ведае, таму там не шчыруе і мае “запасныя аэрадромы” ў іншых, больш надзейных, сетках.

Ваш рэйтынг павысіцца, калі вы ведзяце ці мадэруеце ўласны блог ці сайт.

Дарэчы, “бяздомным” у інтэрнэце таксама быць непрэстыжна. Калі толькі ваша адсутнасць у віртуальнай прасторы не грунтуецца на моцнай і аргументаванай асабістай пазіцыі. Інакш вучні вас палічаць за несучаснага чалавека, які не карыстаецца выгодамі інфармацыйнага грамадства.

Калі вы вырашылі развітацца з іміджам люмпен-пралетарыяту або цёткі-пляткаркі, якая жыве толькі бытавухай, вам прыйдзецца ляснуць к чарцям ці замарозіць свой акаўнт у непрэстыжных сетках. У крайнім выпадку — ісці супраць тамтэйшага мэйнстрыму. Але гэта нялёгка. Бо сацыяльнае асяроддзе фармуе вашы думкі і вашы паводзіны.

Быць, а не здавацца

Аднойчы я пабачыла запіс мамы школьніка: “Дай бог, каб у нашай настаўніцы наладзілася асабістае жыццё і гармон не перашкаджаў працаваць нейрону”. Нагодай для гэтага зневажальнага паста стала фота настаўніцы ў сацыяльнай сетцы, дзе тая сфатаграфавалася ў школьным калідоры ў адзенні, якое больш бы пасавала пляжу ці сайту знаёмстваў. Думаю, што калі б гэтае фота было зроблена на пляжы, імідж настаўніцы не пацярпеў бы, бо ўсё глядзелася б натуральна і не выклікала б пачуцця шкадавання.

У беларусаў, як і ва ўсіх еўрапейцаў, ёсць зона прыватнасці, у якую не прынята пускаць іншых. І яны адчуваюць дыскамфорт, калі сацыяльныя сеткі вымушана пасвячаюць іх у чужыя таямніцы. Для паведамленняў і фота прыватнага зместу ў сетках прадугледжаны мэсэнджары і налады групаў.

Ілюстрацыйнае фота. Прыблізна так выглядае тыповы настаўнік у  некаторых сетках.

Імгненна змяніць стаўленне да вас можа не толькі неадпаведны здымак, занадта асабістая ці інтымная інфармацыя, але і перапост непрыстойных жартаў, яўных фэйкаў, прыхаванай рэкламы і нават звычайныя памылкі ў тэксце.

Некаторыя настаўнікі думаюць, што яны хітрыя. Яны хаваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, хаця ў сетках гэта не прынята, асцерагаюцца рэагаваць на важныя для грамадства і для школы падзеі. Не забывайцеся. Часам ваша маўчанне гаворыць пра вас больш, чым словы.

Што рабіць? Некаторыя сайты раяць настаўнікам заводзіць два акаўнты. Адзін публічны, другі – для родных і сяброў. Іншыя рэкамендуюць выдаліць з сяброў усіх бацькоў і вучняў. Тут кожны вырашае сам. Аднак вучні добра адчуваюць двайное жыццё, як і двайную мараль. Яны альбо не будуць паважаць вас, альбо, яшчэ горш, пяроймуць такую мадэль паводзінаў. Гэта занадта дорага каштуе нашым дзецям і непрымальна для педагога. Будзьце сабой, а калі вы не адчуваеце мяжы прыстойнасці ці вам ёсць што хаваць, – знайдзіце сабе іншую працу і не псуйце імідж прафесіі.

 

Як палепшыць стаўленне грамадства да настаўніка

Не забывайце, што калі вы прысутныя ў сацыяльных сетках, то персанальны імідж ужо маеце. Вашыя віртуальныя сябры, а таксама рэальныя калегі і вучні бачаць вашы фотаздымкі, што вы ухваляеце, якія тэмы вас цікавяць, хто ў вас у сябрах, якой інфармацыяй дзеліцеся, на што стараецеся не рэагаваць. Яны маюць пра вас меркаванне: прыгожы/непрыгожы, стыльны/модны/безгустоўны, граматны/начытаны/непісьменны, сур’ёзны/несур’ёзны, смелы/асцярожны, у сетцы больш чытае/хваліцца/піша пра важнае і г.д. Гэта ваш асабісты імідж. Яго змяніць цяжка. І ці трэба?

Гаворка ідзе аб прафесійным іміджы, які можа і варта паляпшаць, бо ў грамадства і дзяржавы стаўленне да настаўніка не найлепшае, і трэба аднаўляць свае пазіцыі. (Паглядзіце, як маэтанакіравана працуюць у сетках рэпетытары!)

Ваш імідж як прафесіянала будзе павышацца, калі людзі ўбачаць, што вам неабыякавая ваша работа: да якіх прафесійных груп вы далучаны, на якія старонкі падпісаны, якія тэмы абмяркоўваеце, ці далучаецеся, напрыклад, да дыскусій на тэму адукацыі, ці адгукаецеся на просьбы дапамагчы педагагічнай парадай… А калі вы не саромеецеся пры гэтым пахваліцца сваімі іншымі талентамі, акрамя прафесійных (а ў настаўнікаў іх процьма), маеце выразную грамадзянскую пазіцыю і не хаваеце яе за фоткамі коцікаў і іншага інтэрнэт-смецця, то дзякуй вам ад усёй педагагічнай супольнасці!

А калі вы ў сетцы толькі сочыце за іншымі людзьмі, адпачываеце ад працы, якую ціха ненавідзіце, не любіце дзяцей і школу, не маеце захапленняў, то лепш не прызнавайцеся, што вы – настаўнік. Таму што вы – не настаўнік, вы – педагагічны работнік (ад слова “раб”). І функцыя ў вас – выхоўваць сабе падобных.

Імідж беларускай адукацыі сёння непрывабны, як у той показцы: Пуня – ракам, хата – бокам, і кабыла з адным вокам. Ды і тое вока пакуль глядзіць з “аднаглазнікаў”. З гэтым трэба нешта рабіць. 

Дадаць каментар

Перазагрузіць Type the characters you see in this picture.
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія Вы бачыце на малюнку; калі вы не можаце прачытаць іх, адпраўце форму і для Вас будзе створаны новы вобраз. Не адчувальныя да рэгістра.  Пераключыць на аўдыя-праверку.