Вярнуць інтэлект Радзіме!

Міхась Булавацкі
05.02.2017

Народная воля” 3 лютага 2017 г.

1999 год. Размова настаўніка з чыноўніцай.

– Чаму ўсе тэксты абласных прадметных алімпіяд прапануюцца на рускай мове? Сюды ж заглядваюць і навучэнцы школ з беларускай мовай навучання.

– Мы раньше готовили на двух языках. И предупреждали: хто хочет, может получить задания на белорусском, но никто не просил.

– А чаму б вам не раздаць беларускія тэксты і папярэдзіць – хто хоча, можа атрымаць заданні на рускай мове? Упэўнены, што не ўсе б папрасілі.

– Да ну! Что вы говорите! Никому эта ваша мова не нужна! Все свободно владеют русским языком.

– “Нужна”, не “нужна” – давайце гэта праверым.

– Як?

– Па заканчэнні, напрыклад, матэматычнай алімпіяды мы, прадстаўнікі ТБМ, прапануем ім дадаткова паўдзельнічаць у беларускай матэматычнай алімпіядзе, дзе рашэнні трэ будзе падаваць нашай мовай.

– Паспрабуйце. Ніхто да вас не прыдзе…

Прышлі 27 зацікаўленых. Гэта была не зусім алімпіяда, а нейкі біатлон: балы выстаўляліся за матэматыку і за мову працы. Пераможцы вызначаліся па суме гэтых балаў.

Самі здзіўленыя такой колькасцю спаборнікаў, мы паспрабавалі такую алімпіяду праз год. Удзельнічалі ўжо 40 маладых людзей.

І мы задумаліся: вось людзі, якіх па-сапраўднаму роднай мове не вучаць і якія валодаюць ёю досыць слаба. Тым не менш, яны спрабуюць ёю карыстацца, прыходзяць развязваць гэтай мовай матэматычныя задачы. Наша алімпіяда дае імпульс да гэтага. Прычым гэта людзі, схільныя да матэматыкі, фізікі, для якіх гуманітарны складнік адукацыі не на першым месцы. А ў гэты складнік уваходзіць не толькі мова, тут яшчэ і культура свайго народа, гісторыя сваёй краіны, багацці яе зямлі.

Так нарадзілася ідэя праводзіць у Магілёве беларускае пяціборства. Універсі­тэт імя А.Куляшова падключыўся да выканання праекта.

У студзені гэтага года пяціборства адбылося шаснаццаты раз.

Тры-чатыры дзясяткі маладых людзей сядзяць у вялікай універсітэцкай зале і слухаюць уступную прамову старшыні аргкамітэта. Яна кароткая, на пяць-сем хвілін, таму ўвагу сканцэнтраваць няцяжка і сівы чалавек гаворыць пра самае важнае, пра самае патрэбнае. Ён гаворыць пра пакручасты лёс нашай мовы, пра скарынаўскую Біблію, якой спаўняецца “500-годнасць”, пра змаганне мовы за выжыванне ў Рэчы Паспалітай і ў Расійскай імперыі, пра знакамітага нашага земляка, навукоўца Барыса Кіта, якога лёс закінуў далёка ад Беларусі, але які мовай валодае лепш, чым тыя, хто ёю сёння кіруе. Ён гаворыць пра ролю матэматыкі пры адсутнасці ў школьнай праграме логікі, якую не змог засвоіць нейкі гімназіст Валодзя Ульянаў і якую потым з праграмы савецкай школы выкінулі. Ён гаворыць пра тое, што большасць з іх чуюць упершыню. І ён дзякуе (дзіўна – дзякуе!) спаборнікам за тое, што яны не забылі, у якой краіне жывуць, што спрабуюць, хай напачатку і кепска, карыстацца нашай мовай, бо менавіта ад іх (“ад ВАС” – гучыць гэта ўзнёсла-ўрачыста) залежыць, будзе жыць наша мова, а значыць і наш народ, ці ён ціха растворыцца ў асяродку больш буйнога народа і знікне з планеты.

Настроеныя такім чынам, спаборнікі прыступаюць да выканання заданняў пяціборства. Ад іх патрабуецца выканаць заданні з матэматыкі, прыродазнаўства, гісторыі Беларусі, яе мовы і літаратуры. Досвед папярэдніх спаборніцтваў паказвае, што мова будзе цьмяная – у сярэднім адна памылка на 6-10 слоў, што літаратурных твораў яны амаль не чытаюць (напрыклад, урывак з паэмы Я.Купалы “Курган” пазнаюць добра калі трэць спаборнікаў), што падзеі беларускай гісторыі слаба адклаліся ў іх памяці. Але на гэтым сумным фоне раз-пораз успыхваюць зіхоткія зорачкі, калі чытаеш і радуешся: тут і мова прыгожая, і веды не абы якія.

Правяраць працы журы будзе не ў гэты дзень і пра вынікі свайго ўдзелу спаборнікі даведаюцца толькі праз тыдзень-два. Таму, каб яны самі змаглі ацаніць узровень сваіх ведаў, на выхадзе кожны з іх атрымае аркуш з адказамі. Паглядзеўшы аднойчы, ЯК яны чытаюць тыя аркушы, як жарсна ўглядваюцца ў радкі адказаў, мы зразумелі, што тут вельмі рэальная магчымасць істотна паўплываць на некаторыя аспекты іх адукацыі. Вось так бы чыталіся школьныя падручнікі! Таму зараз мы вельмі ахайна ставімся да падбора заданняў, уключаючы туды самую неабходную для адукаванага чалавека інфармацыю.

Што было на гэты раз?

У матэматыцы – класіфікацыя лікаў і веданне самых знакамітых ірацыянальных лікаў: ліку “пі” і “залатога сечыва”.

У прыродазнаўстве – цікавая гульня Сонца: чаму яно летам у Віцебску ўздымаецца раней, чым у Магілёве, а зімой наадварот?

У літаратуры – юбілей (180 год) знакамітага верша М.Лермантава “Смерць паэта”. Ніколі не ўключалі пытанняў з рускай паэзіі, але юбілей такога знакамітага верша і лёсаў двух найвялікшых расійскіх паэтаў, з ім звязаных, абыйсці не маглі.

У гісторыі – расказаць пра Хатынь і Катынь (як выявілася, пра Катынь ведаюць толькі трое з трыццаці двух).

У мове – паспрачацца з дырэктарам Расійскага інстытута статэгічных даследаванняў Л.Рашэтнікавым пра малы ўзрост беларускай мовы (стратэг напрыканцы мінулага года агучыў, што беларускай мове ўсяго 90 год, бо яна была створана пастановай аргбюро ЦК ВКП(б), якая была надрукавана ў газеце «Правда» за 1926 год).

Адказы на апошняе пытанне парадавалі журы. Хаця да выкладання ў школах гісторыі нашай краіны маецца шмат прэтэнзій і хаця выкладаецца яна не нашай мовай і часта не з нашымі акцэнтамі, але ўсё ж гэта НАША гісторыя, а не гісторыя Расіі, як было пры СССР. І тое, што застаецца ў памяці навучэнцаў, дзейнічае ў наш бок. Сённяшні школьнік ужо мысліць сябе жыхаром Беларусі, а не СНГ, і ведае, што яму ёсць чым ганарыцца з жыцця нашых продкаў. І лепшыя з спаборнікаў спакойна нагадалі б расійскаму стратэгу і пра мову першых статутаў Вялікага Княства, і пра “Мужыцкую праўду” К.Каліноўскага, і пра Мацея Бурачка, і пра шмат чаго іншага, пра што расійскія стратэгі не тое што не ведаюць, але і ведаць не хочуць.

Увогуле працы спаборнікаў на гэты раз аказаліся даволі грунтоўнымі. Нават той, хто заняў пятае месца, назбіраў балаў болей, чым леташні пераможца. Не будзем спяшацца з абагульненнямі, хутчэй тут проста разавае адхіленне ў прыемны бок. Паглядзім праз год.

Хто ж перамог у “Беларускім пяціборстве-XVI”?

Трэці прыз дастаўся дзесяцікласніку з 1-га Магілёўскага ліцэя Ўладзіславу Астрашабу. Магчыма, прозвішча ад даўняга продка, якога за смеласць у бітвах празвалі “Вострая шабля”. Уладзіслаў паказаў найбольш высокія вынікі ў матэматыцы (ІІІ месца) і ў мове (ІІ месца).

На другім месцы – дзесяцікласнік з 21-й школы Магілёва Ілля Касакоў. Ілля ўдзельнічае ў пяціборстве трэці раз і заўсёды займаў прызавое месца, летась – першае. Надзвычай адораны малады чалавек, які мае схільнасць да мова- і літаратуразнаўства. У беларускай літаратуры ён арыентуецца так, што не кожны настаўнік гэтым можа пахваліцца. У мінулым годзе ён, акрамя галоўнага прыза, атрымаў адмысловыя прызы за лепшыя адказы ў літаратуры, мове і гісторыі. Зараз ён набраў на 30 балаў болей, чым год таму, стаўшы лепшым у прыродазнаўстве і гісторыі, але для перамогі нават гэтага не хапіла.

Перамог Мацьвей Дашкевіч (з мяккім знакам піша сваё імя сам пераможца), навучэнец 10 класа школы № 2 г.Мсціслава. Мацьвей таксама браў удзел у пяціборстве трэці раз, але раней спыняўся блізка каля прызавых месцаў (VI і IV месцы). Мабыць, гэта кранала гонар таленавітага хлопца, паспяховага ўдзельніка рознага ўзроўню матэматычных алімпіяд, і ён напачатку не збіраўся на чарговае пяціборства, але ў апошні момант даслаў заяўку. І вось вынік: у матэматыцы І месца, у літаратуры VIІ месца, у мове VIІI месца, у гісторыі І месца, у прыродазнаўстве ІІ месца, а разам – І месца з рэкордам пяціборства 217 балаў з 300 магчымых.

Варта адзначыць і Ксенію Сітнік з мястэчка Дараганава Асіповіцкага раёна, якая паказала лепшы вынік у мове. Раней лепшыя мовазнаўцы былі часцей з гарадоў.

Які сэнс у гэтым вашым спаборніцтве? – пытаюцца.

А вось які. Малады чалавек любіць займацца матэматыкай, фізікай (на такіх найперш арыентуюцца ініцыятары пяціборства), удзельнічае ў конкурсах, алімпіядах, дзе-нідзе перамагае, за што і ён, і школа атрымліваюць нейкія прэзенты, маральныя ці нават матэрыяльныя. І адміністрацыя школы, падтрымліваючы гэтыя яго памкненні, раіць настаўнікам іншых дысцыплін не вельмі прыдзірацца да яго, каб ён мог паглыбляць свае веды і ўменні ў цікавым для кірунку. І тыя не “прыдзіраюцца”, ставяць яму высокія балы за не вельмі грунтоўныя веды. А чалавек жа лічыць, што калі ў яго васьмёркі-дзявяткі па гісторыі, то ён гісторыю ведае, калі тыя ж адзнакі па мове, той ён мовай валодае. І вось ён прыходзіць на пяціборства і – нечакана для яго! – выяўляецца, што для выказвання думак у матэматыцы ў яго не хапае слоўнага запасу.

А хто яго вучыў беларускай матэматычнай, фізічнай, хімічнай, геаграфічнай, біялагічнай тэрміналогіі? Настаўнік беларускай мовы гэтага рабіць не будзе, не яго прастора. А настаўніку адпаведнай дысцыпліны тое й не трэба, у яго іншыя задачы. Так і выходзіць чалавек з школы недавучаным у роднай мове і іншых важнейшых аспектах чалавечага развіцця. Яму, разумнаму юнаку ці дзяўчыне, толькі б паказаць, што вось тут у цябе адукацыя слабая, і ён паспрабуе паправіць гэтую хібу. Не ўсе, натуральна, але такіх, хто кінецца папраўляць, нямала. Мы ведаем выпадкі, калі пасля ўдзелу ў пяціборстве некаторыя спаборнікі набылі сабе руска-беларускі матэматычны слоўнік. Навошта ён адзінаццацікласнікам, якія заканчваюць школу? А вось для таго, каб валодаць роднай мовай у поўным аб’ёме!

Ці вось яшчэ выпадак. Ігар Хрол, таленавіты ў матэматыцы хлопец (сярэбраны медаль міжнароднай матэматычнай алімпіяды нешта значыць) на беларускім пяціборстве цудоўна выканаў матэматычныя заданні, але з-за невысокіх балаў у гуманітарных дысцыплінах заняў толькі пятае месца. Прыйшоўшы на чарговае пяціборства, ён зноў паказаў самы высокі вынік у матэматыцы і значна ніжэйшы ў іншых намінацыях. А ў выніку заняў толькі шостае месца сярод 39 спаборнікаў. Мабыць, чалавек з характарам. Магчыма, яго зачапіла, што ён, пераможца высокіх алімпіяд, ня можа заняць прызавое месца на “нейкім” пяціборстве. Прыйшоўшы трэці раз на пяціборства ўжо адзінаццацікласнікам, ён паказаў самыя высокія вынікі ў матэматыцы і прыродазнаўстве , але і баламі ў гуманітарных намінацыях здзівіў (па мове і гісторыі ІІ месцы, па літаратуры – ІІІ). Збіраўся паступаць у Маскоўскі ўніверсітэт, туды пераможцаў міжнародных алімпіяд прымалі без іспытаў, але чамусьці перадумаў, застаўся ў Беларусі. Яму б ісці ў навуку, здольнасці дазвалялі. І навуцы такія вельмі патрэбныя. Але ў нашай краіне навука недастаткова цэніцца (“год навукі” тут нічога істотна не паправіць) і чалавек пайшоў зарабляць у іншай сферы.

Шмат іншых выпадкаў, апісаных у прэсе, паказваюць, што беларускае пяціборства дзейсна ўплывае на стаўленне маладых людзей да каштоўнасцяў сваёй краіны.

І аргкамітэт пачынае падбор заданняў для “Беларускага пяціборства-XVII”…

 

Каментары

Апублікавана Святлана (госць) на

Клас! Якія вы малайцы, што трымаецеся і не спыняеце працу. А самае цудоўнае - гэта крык душы настаўніка са стажам - што хлопцы і дзяўчаты бяруць удзел у Пяціборстве без нейкага прымусу, па сваё уласнай ініціятыве.

Дадаць каментар

Перазагрузіць Type the characters you see in this picture.
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія Вы бачыце на малюнку; калі вы не можаце прачытаць іх, адпраўце форму і для Вас будзе створаны новы вобраз. Не адчувальныя да рэгістра.  Пераключыць на аўдыя-праверку.