Прымусовы “патрыятызм” для беларускіх дзяцей

Міхал Будаеў
01.07.2021

Сучасная беларуская школа мае шэраг асаблівасцяў, якія вызначаюць яе шмат у чым унікальны характар. Еўрапейскія адукацыйныя мадэлі імкнуцца выхоўваць у дзецях прагу да самастойнага выбара рашэнняў, развіваюць здольнасць крытычна мысліць і ўменне адрозніваць штучнае ад сапраўднага. Калі абагульняць вышэй пералічаныя арыенціры ў нейкае агульнае каштоўнаснае ядро, то можна сказаць, што нашы заходнія суседзі працуюць над выхаваннем чалавека дэмакратычнага светаўспрымання у самым шырокім сэнсе. Айчынная адукацыя працягвае захоўваць адметнасці, якія яна атрымала ў спадчыну ад савецкай школы, і ніяк не здолее прызнаць той факт, што ідэалагемны падыход да выхавання і навучання дзяцей замінае іх нармальнаму развіццю і садзейнічае глыбокай адсталасці Беларусі ад найбольш развітых краін свету ў цывілізацыйным плане.

Сярод найбольш “таксічных” метадаў выхавання навучэнцаў нашых школ можна выдзеліць прымусовы “патрыятызм”. З першага дня ў школе дзіця аказваецца ў ідэалагізаваным кантэксце. Навокал сябе яно бачыць сімвалы і знакі, якія павінны сфарміраваць пазітыўнае стаўленне да існуючага рэжыма. Першага верасня тысячы першакласнікаў па ўсёй краіне атрымліваюць ў падарунак кнігу “Беларусь - наша радзіма. Падарунак прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка першакласніку”. Нават у падзагалоўку назвы выдання ўтрымліваецца адзін з першых ідэйных пасылаў ад дзяржавы да дзіцяці, які заключаецца ў атаясамленні пасады прэзідэнта з пэўнай асобай. Вучэбны кабінет, куды прыходзіць першакласнік пасля святочнай лінейкі, таксама багата ўздоблены ідэалагічнай прадукцыяй: дзяржаўная сімволіка, партрэты прэзідэнта і каляровыя карцінкі, што адлюстроўваюць выбітныя поспехі дзяржавы ў развіцці народнай гаспадаркі. З кожным годам ціск на асобу дзіцяці толькі ўзрастае: з’яўляюцца праўладныя дзіцячыя і моладзевыя грамадскія аб’яднанні, патрыятычныя мерапрыемствы і конкурсы, сустрэчы з дзяржаўнымі дзеячамі і экскурсіі па “ідэалагічна правільных” гістарычных аб’ектах. 

Падзеі мінулага года вымусілі ўладу пайсці на яшчэ больш разгорнуты прэсінг на навучэнцаў і студэнтаў. Колькасць “патрыятычнага кантэнта” ў школах узрасла ў геаметрычнай прагрэсіі. Усе падлеткі краіны ў прымусовым парадку праглядзелі прапагандысцкую, ідэалагічна ангажаваную кінастужку “Людзі з чорнымі душамі”, а літаральна ў мінулым месяцы сталі галоўным рухавіком так званага інтэрнэт-чэлленджа “Сімвалы маёй краіны”. Сам чэллендж пры гэтым пазіцыянаваўся як мерапрыемства не толькі і не столькі для навучэнцаў, колькі для дарослых грамадзян, якія захочуць праявіць сваю “актыўную грамадзянскую пазіцыю”. Але, відавочна, жадаючых у добраахвотным парадку праявіць свой “патрыятызм” аказалась недастаткова і давялось тэрмінова задзейнічаць адміністратыўны рэсурс з мэтай стварэння ілюзіі шырокай актыўнасці беларусаў у вышэйзгаданым інтэрнэт-чэлленджы, сэнс якого, дарэчы, у індывідуальным альбо калектыўным фатаграфаванні з дзяржаўнай чырвона-зялёнай сімволікай. Калі паспрабаваць пашукаць такія фатаграфіі ў інтэрнэце, то адразу заўважаеш, што галоўныя ўдзельнікі гэтай ініцыятывы дзеці, а дакладней навучэнцы сярэдніх, прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў. Усё гэта, зразумела, падкрэслівае штучнасць і неадпаведнасць такіх мерапрыемстваў рэальнай абстаноўцы. Сапраўдны патрыятызм можа быць толькі добраахвотным, штучна прымусіць любіць Радзіму немагчыма. Як і немагчыма навязаць чалавеку любоў альбо павагу да несапраўдных каштоўнасцей.