Памочнік настаўніка-выхаваўцы

Эва Боргаш
04.05.2015

Настаўнік – не прафесія, а лад жыцця. Каб быць настаўнікам, недастаткова скончыць адпаведную навучальную ўстанову і  атрымаць дадатковую кваліфікацыю на курсах і трэнінгах. Гэта, вядома, важна – бо дадае майстэрства. Не менш важна, аднак, мець адмысловае стаўленне, пакліканне, радасць ад удзелу ў развіцці дзяцей і моладзі. Многія настаўнікі маюць гэта ў сабе як дар. Кожны можа ў большай ці меншай ступені гэтыя якасці ў сабе развіць (для гэтага неабходны: настойлівасць, мудрасць і спачуванне).

Часам, зрэшты, здараецца, што ёсць пакліканне, жаданне, належная кваліфікацыя і ўсе іншыя атрыбуты – але штосьці не выходзіць, з’яўляюцца сумненні, паўстаюць фрустрацыя і расчараванне, а пасля – выгаранне. Што рабіць, як дзейнічаць, каб пазбегнуць такога? Як працаваць з бацькамі і будаваць стасункі з імі? Як працаваць з вучнямі? Як, нарэшце, паклапаціцца пра сябе?

Перш за ўсё, памятайце, што кожны настаўнік – перадусім – выхаваўца. Выхаваўчае ўздзеянне на маладога чалавека аказвае практычна кожная асоба, з якой ён сутыкаецца. У большай ці меншай ступені, мы выхоўваем увесь час. Кожны наш учынак, паводзіны, пазіцыя, словы, жэсты, мова цела маюць выхаваўчы ўплыў (незалежна ад таго, наколькі мы гэта ўсведамляем), таму варта пачаць з некалькіх пытанняў да сябе:

  • Які я чалавек, наколькі я прымаю сябе?
  • Якія ў мяне каштоўнасці? Якая іх іерархія?
  • Якая мая пазіцыя як педагога і выхаваўцы? Ці «я ведаю і вучу» ці «я задаю сабе пытанні і шукаю адказы»?
  • Ці ўспрымаю я кожнага вучня (і яго бацькоў) як асобаў? Ці люблю людзей? Ці магу прызнаць свае памылкі? Вы магу выказаць свае погляды так, каб не пакрыўдзіць суразмоўцу? Ці магу вызначыць і назваць свае эмоцыі? Ці я ўспрымаю  думкі і погляды іншых людзей?
  • Чаму я працую настаўнікам?
  • Якія перавагі дае мне мая прафесія ў розных сферах (эмацыйных, інтэлектуальных, сацыяльных, арганізацыйных)?

 

Гэта добры пачатак, незалежна ад адказаў, якія вы сабе дасцё. Ведаючы свае моцныя і слабыя бакі, заўсёды можна ўплываць на ўласныя паводзіны. Разумеючы сябе, а таксама прымаючы свае слабасці, лягчэй зразумець іншых і прыняць іх слабыя бакі. Вам не трэба быць ідэалам, бо ніхто не ідэальны. Вам не трэба рабіць выгляд, што вы – ідэал, бо гэта цяжка, непрыемна і не вельмі эфектыўна – атачэнне заўсёды адчуе фальшывую ноту, а гэта не спрыяе пабудове аўтарытэту.

 

Што я за чалавек, наколькі я прымаю сябе?

Першым крокам да самапрыняцця з’яўляецца самапазнанне. Здавалася б, банальнае пытанне: хто ведае мяне лепш, чым я? І ўсё ж...

Прыклад: У мяне склалася ўражанне, што паміж мной і маім найбліжэйшым калегам адносіны пагоршыліся. Я не ведаю прычын, і шукаю ў сабе віну: можа, я зрабіла штосьці не тое, пакрыўдзіла яго? Калі пра нешта пытаюся, ён адказвае паўсловам. Калі нешта прапаную – перарывае на паўфразе, не дае скончыць думку. Я вырашыла пагаварыць з ім спакойна і высветліць недаказанасці. Перш за ўсё, я скажу яму, што мяне непакояць цяжкасці ў нашых адносінах. Рыхтуюся да гэтай гутаркі. Нарэшце здараецца спрыяльная сітуацыя: мы адны, няма тэрміновых заняткаў... Я пачынаю казаць: «Паслухай, мне здаецца, што нешта паміж намі не так». Перапыняе мяне: «А што менавіта?» Я адразу губляю нітку, адчуваю напад. Замаўкаю. Кажу: «Ды не, нічога, мне, відаць падалося...» Справа застаецца не вырашанай. Я дзейнічала насуперак сваім намерам.

Што здарылася? Эмоцыі, тон голасу суразмоўцы, яго мова цела зрабілі так, што простае лагічнае пытанне: «А што менавіта?» я ўспрыняла як агрэсію, напад. Такіх сітуацый, калі мы адрэагавалі на штосьці нечаканым для сябе чынам, кожны можа прыпомніць шмат. Варта прыгадаць іх, прааналізаваць, каб зразумець свае паводзіны, спосаб перадачы і прыёму паведамленняў.

Тып успрымання можа быць звязаны з дамінаваннем аднаго з паўшар’яў галаўнога мозгу. Гэта, безумоўна, значна спрошчаная характарыстыка (усе мы розныя значна складанейшым чынам, чым гэта тлумачаць навуковыя тэорыі), але некаторыя асаблівасці варта распазнаваць і ведаць. Такое веданне сябе дапаможа вам у выбары формы зносін з іншымі людзьмі. Таму, каб вызначыць дамінуючае паўшар’е мозгу, паспрабуйце скарыстацца адным з простых тэстаў, якія можна знайсці на многіх сайтах. Або прачытайце апісанні і вырашыце, якое з іх падыходзіць вам найлепш.

Людзі з дамінуючым правым паўшар’ем вызначаюцца інтуіцыяй і эмацыйнай адчувальнасцю. Яны мысляць вобразамі, прачытваюць  метафары і эфектыўна карыстаюцца імі. Яны ўспрымаюць рэчаіснасць у цэлым, спачатку яны хочуць убачыць або ўявіць сабе канчатковы вынік, а пасля прыступіць да выканання задання. Яны могуць выконваць некалькі задач адначасова і ў той жа час здзяйсняць розныя праекты. Добра пачуваюцца ў сітуацыях, калі патрэбна творчасць. Настаўнікі з дамінуючым правым паўшар’ем рэдка прытрымліваюцца канспекту, калі наогул яго маюць, неахвотна карыстаюцца  інструкцыямі і правіламі з падручнікаў для настаўнікаў, любяць імправізаваць і гнутка рэагуюць на падзеі ў класе. Стараюцца з маленькіх элементаў сінтэзаваць веды. Мысляць вобразна, даносячы свае думкі, карыстаюцца жэстыкуляцыяй. Лёгка ўспрымаюць невербальныя паведамленні. Яны рэагуюць эмацыйна, паддаюцца неўсвядомленым думкам і пачуццям. Яны спантанныя. Даволі лёгка саступаюць  іншым, імкнучыся да гармоніі і згоды. Часта ствараюць уласны свет фантазіі,  уяўляюць сабе будучыню, не надаючы асаблівай увагі фактам. Яны звычайна не звяртаюць увагі на парадак і пунктуальнасць. Неахвотна прытрымліваюцца графікаў, а выконваюць заданні, калі маюць на тое ахвоту, ці ў апошнюю хвіліну. Яны маюць прасторавае мысленне, часта гэта людзі, якія любяць маляваць, імправізаваць, ствараць музыку. Цікавяцца больш эмпірычнымі ведамі, чым тэарэтычнымі. Часта яны не могуць растлумачыць, як яны прыйшлі да рашэння ці дзе яны атрымалі пэўныя веды. Калі слухаюць лекцыі, яны часта малююць, робяць неўпарадкаваныя, здавалася б, хаатычныя натакі, аднак дасканала ў іх арыентуюцца.

 

Людзі з дамінуючым левым паўшар’ем усё робяць паступова, крок за крокам, упарадкавана і арганізавана. Яны надаюць значэнне паслядоўнасці дзеянняў і дэталяў, якія складаюцца ў цэлае. У адрозненне ад «правых», яны выкарыстоўваюць логіку і розум, а не эмоцыі ды інтуіцыю. Яны добра пачуваюцца ў рэчаіснасці, у якой дзейнічаюць акрэсленыя правілы, прынцыпы і метады працы. Новую сітуацыю або задачу яны спачатку аналізуюць, каб выканаць у пэўным парадку згодна з планам і графікам. Часам яны рэагуюць агрэсіўна, асабліва, калі сітуацыя выходзіць з-пад кантролю. Добра  карыстаюцца словам, лагічна і дакладна выказваюць свае думкі. Не заўсёды разумеюць метафару, у размове з імі лепей выкарыстоўваць дакладныя паведамленні. Яны не звяртаюць увагі і часта не бачаць невербальныя паведамленні. Калі яны пра штосьці распавядаюць, стараюцца апісаць храналогію і дэталі. Вакол людзей з дамінуючым левым паўшар’ем пануе закон і парадак, ім не падабаецца хаос. Яны, як правіла, вельмі пунктуальныя, свядома размяркоўваюць час. Часцей карыстаюцца не вобразамі, а знакамі.  Яны схільныя да матэматычнага мыслення, лягчэй засвойваюць колькасныя веды – звяртаюцца да табліц, статыстычных звестак, прыкладаў.

Можна сцісла апісаць людзей з дамінуючым правым паўшар’ем як адчувальных, эмацыйных і інтуіцыйных мастакоў, а людзей з дамінуючым левым паўшар’ем як лагічных, аналітычных і дальнабачных навукоўцаў.

Натуральна, усё не так проста, таму што людзі з дамінаваннем аднаго паўшар’я, усё ж такі, выкарыстоўваюць не толькі яго. Дамінаванне можа быць у большай ці ў меншай ступені, а таксама ёсць людзі, у якіх абодва паўшар’і інтэграваныя такім чынам, што выкарыстоўваць адначасова і логіку, і інтуіцыю, а пачуцці аб’ядноўваюць з розумам. Таксама ёсць група людзей, чый мозг можа «выбіраць», якое паўшар’е будзе зараз карыснейшым у вырашэнні канкрэтнай праблемы.

І ўсё  ж – варта  прыгледзецца да сябе з гэтага ракурсу, каб лепш зразумець свае паводзіны і эфектыўней на іх уплываць.

 

Эва Боргаш – эксперт у нейрапедагогіцы. Вядзе блог http://nauczycielkaniemieckiego.blogspot.com/
Пераклад з польскай nastaunik.info