Баязліўцы краіну не ратуюць. Адкрыты ліст дэпутату Марзалюку

Алесь Сядзяка
09.01.2018

Нядаўна шаноўны дэпутат Марзалюк на з’ездзе вучоных зрабіў спробу абараніць беларускую мову і будучыню беларускай нацыі. На яго думку, выкладанне гуманітарных навук у школе павінна адбывацца на беларускай мове, а дакладных - на рускай. Па яго шчыраму перакананню гэтая мера паспрыяе фарміраванню патрыятызму будучых грамадзян і ўмацавання беларускай дзяржавы. Вы, спадар дэпутат, напэўна, перапоўнены гордасцю за сваю смеласць выказаць думку, якую яшчэ пару гадоў таму Вам проста не дазволілі б агучыць. Цяпер дазволілі, але толькі таму, што пакрысе і ва ўладзе складваецца разуменне, што школа не выконвае самы галоўны дзяржаўны заказ – гадаванне патрыётаў, адданых грамадзян Беларусі.

У сярэдзіне лістапада на семінары міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у Нацыянальнай бібліятэцы, дзе я таксама прысутнічаў, гэтую прэтэнзію ў адрас школы і ўсёй сістэмы адукацыі выказаў віцэ-прэмьер  В.І. Жарко. Пра неабходнасць нейкай “мяккай беларусізацыі” згадаў на з’ездзе вучоных нават Прэзідэнт. Чаму такое разуменне прыходзіць, я Вам магу патлумачыць як чалавек, які знаходзіцца на тым самым “ворыве”, дзе і павінен адбывацца гэты цуд выспявання адданага патрыёта Беларусі – у школе, дзе я працую настаўнікам фізікі ўжо 33 гады. Дык вось, падчас кволай беларусізацыі школы ў пачатку 90-х гадоў я бачыў, як з роднай мовай у душы вучняў паступова ўваходзіць Радзіма, як загараюцца шчырай любоўю да Беларусі дзіцячыя вочы, як мова фарміруе менталітэт, характар і ўсведамленне сваёй нацыянальнай адметнасці і ідэнтычнасці. Статыстыка тады красамоўна сведчыла, што 70% тагачасных старшакласнікаў марылі звязаць сваё жыццё і лёс з Беларуссю і ёй прысвяціць свае таленты, здольнасці, стваральную працу. У 2003 годзе, гэта апошні раз, калі я ўбачыў вынікі апытанняў падлеткаў на гэты конт, лічбы перавярнуліся надварот, і 70% выпускнікоў ужо звязвалі сваю будучыню з ад’ездам на вучобу ці працу за мяжу. З тае пары я ўжо не сустракаў нідзе ні падобнай статыстыкі, ні вынікаў апытанняў. Можа таму, што страшна апытваць, бо па сваіх настаўніцкіх назіраннях ведаю, што ад’езд за мяжу сёння плануюць многія, прычым самыя здольныя і мэтанакіраваныя вучні. Яны ведаюць, што там прыйдзецца перамагаць у канкурэнтнай барацьбе, і таму  маюць моцны матыў да вучобы і гарту ў розных творчых конкурсах кшталту алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Ад’язджаюць з краіны і студэнты, і выпускнікі ВНУ, і не самыя горшыя. З чым застанемся, хто прыйдзе ў тую ж навуку, на вытворчасць, ва ўладу праз якіх 10 год?

Думаю, што лічбы ёсць, бо праблема міністэрству адукацыі вядома. Але лягчэй весці барацьбу з наступствамі, чым прааналізаваць прычыны з’явы. А галоўная з іх – адсутнасць прышчэпкі беларускасці, якая робіцца ў дзяцінстве, ў нацыянальнай школе. Выхоўваць патрыёта Беларусі ў рускамоўнай школе - гэта дэмагогія і бутафорыя. І гэтую фальш школьных мерапрыемстваў па выхаванню беларускага патрыятызму настаўнікамі, якія не ў стане нават іх правесці па-беларуску, дзеці падсвядома адчуваюць. Толькі адно гэта ставіць у дзіцячай падсвядомасці на ўсё беларускае таўро “другі гатунак”. Для Беларусі адно пакаленне ўжо страчана. Можа якая чвэрць з сённяшніх выпускнікоў, якія здольныя да аналізу, і прыйдуць гадам к трыццаці да ўсведамлення Радзімы, паездзіўшы за мяжу і паглядзеўшы, што кожны народ ставіцца да сваёй мовы і гісторыі, як да самых вялікіх сваіх каштоўнасцяў. Гэта тое адзінае, што аб’ядноўвае такіх розных па характары, адукацыі, культуры, выхаванню, матэрыяльнаму стану людзей у нацыю. Гэта тое адзінае, што пакліча іх усіх на абарону краіны ў час небяспекі.

Помню ў сярэдзіне 80-х, калі я знаходзіўся ў працоўным лагеры са сваімі вучнямі ў вясковай школе ў Клецкім раёне, мне на вочы трапіўся польскі лемантар. Напэўна факультатыўна мясцовыя дзеці вывучалі польскую мову. Дык вось, што ў ім мяне ўразіла – першая фраза, якую ў сваім жыцці чытае польскае дзіця не “мама мыла раму”, а “Ja jestem Polak Mały!”. То бок з першай фразы, якая запомніцца яму на ўсё жыццё, ён ужо разумее, хто ён такі.

Якую ж прышчэпку патрыятызму дае дзецям наша сістэма адукацыі, я Вам, шаноўны спадар дэпутат, зараз распавяду на штодзённых прыкладах, з якімі сутыкаемся і я, і мае вучні.

Яшчэ ў 90-я гады, з'яўляючыся тады дырэктарам беларускай школы ў Мінску, я спрабаваў даведацца, чаму мае вучні, якія прымаюць удзел у прадметных алімпіядах раённага альбо гарадскога ўзроўню, атрымліваюць тэкст заданняў на рускай мове. Што за праблема зрабіць для іх беларускамоўны варыянт? Думаю Вы здагадваецеся, які я атрымліваў адказ чыноўнікаў – а ў нас “двуязычие”.

Тое самае на навукова-практычных канферэнцыях, дзе ўдзельнічаюць таксама лепшыя і найбольш амбіцыёзныя дзеці. Калі ў гэтым годзе сярод 35 работ па фізіцы, прадстаўленых на мінскую гарадскую навукова-практычную канферэнцыю старшакласнікаў ў Палацы моладзі, была толькі адна на беларускай мове, то здагадайцеся з трох разоў, якую арганізатары канферэнцыі запатрабавалі перакласці на рускую? І калі мае вучні прывезлі чыноўніцы ад адукацыі перакладзены варыянт тытульнага ліста, то на пытанне аб прычынах пачулі ў адказ – “а у нас “двуязычие”. Вось вам і прышчэпка беларускасці на ўсё жыццё, вось такое аднабаковае “двуязычие”. Вось такі ўрок дзецям, у якіх нават у рускамоўнай школе прараслі парасткі беларускай свядомасці праз прыгажосць мовы. Дарэчы, менавіта іх работа па выніках канферэнцыі была адзначана дыпломам 1 ступені. Паслухалі б Вы, шаноўны дэпутат, з якой асалодай карыстаюцца яны навуковай тэрміналогіяй. Для іх “крыніца жыўлення”, “правіла свярдзёлка”, “шпуля індуктыўнасці”… гучыць як паэзія. І “перпендикуляр” для іх – “старчак”, бо “перпендикулярно” значыць “старчма”. Роднае дзецьмі адчуваецца генетычна, падсвядома. Уся тэрміналогія ёсць і распрацаваная яна амаль сто год таму. І навучанне на беларускай мове для дзяцей не стварае ніякіх цяжкасцяў. Цяжкасці ў галовах дарослых, якія яе ўжо не ведаюць і не валодаюць, а можа проста баяцца не дагадзіць “русскому миру”. На згаданым мною семінары міністэрства адукацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы прагучаў нават новы тэрмін – “формирование гражданской идентичности”. Гэта, значыцца, замест нацыянальнай? Гэта такі беларускі ўнёсак у гуманітарныя навукі. Вы ж спецыяліст, ацаніце.

Мой бацька напачатку 50-х закончыў Беларускі політэхнічны інстытут на беларускай мове. І нічога, кандыдацкую ў свой час абараніў. Няўжо Вы, шаноўны дэпутат, і сапраўды лічыце, што фізіку можно добра ведаць толькі на рускай мове? 

Мы дайшлі да стану, калі беларуская мова, як аснова існавання беларускай нацыі, самасвядомасці ідэнтычнасці народа і, такім чынам, незалежнай дзяржавы, пастаўлена на мяжу знікнення. Калі нават дзяржава не разумее яе значэння для свайго не толькі росквіту, але й самога існавання.

Калі я папрасіў у рэгістрацыйным аддзеле ДАІ выдаць мне тэхнічны пашпарт на аўтамабіль на беларускай мове, то амаль месяц мусіў туды хадзіць, пакуль да мяне не выйшаў цэлы падпалкоўнік з нядобрым пытаннем: “Что вы хотите?” Справядлівасці дзеля, калі я адказаў, што хачу ў дзяржаўнай установе атрымаць дзяржаўны дакумент на дзяржаўнай мове, то назаўтра раніцай ён быў гатовы. Аказваецца для гэтага трэба было спыніць усю сістэму і рабіць яго ўручную, бо міністэрства ўнутраных спраў нават не прадугледзела магчымасць афармлення дакументаў сваёй кампетэнцыі на беларускай мове. Вось такое “двуязычие». Проста дэмагогія.

Ведаеце, што толькі 13% сённяшніх вучняў краіны навучаюцца па-беларуску? І нават для іх дзяржава не стварыла магчымасці працягваць адукацыю ні прафесійную, ні вышэйшую на роднай мове. Ніводная вышэйшая навучальная ўстанова не працуе на беларускай мове. А якія ў іх падручнікі? Перакладныя з рускамоўных, і таму, што арыгінальных сваіх мы ўжо не ў стане стварыць, бо адвучаны ад мовы. Нават перакладчыкамі з’яўляюцца не спецыялісты, а мовазнаўцы, для якіх “материальная точка” альбо “точечный заряд” гэта “матэрыяльная кропка” і “кропкавы зарад”, хаця любы фізік, нават незнаёмы з тэрміналогіяй, пераклаў бы як “матэрыяльны пункт” і “пунктавы зарад”. Што тут ужо гаварыць пра “перпендыкуляр”. У нас, спадар дэпутат, усё беларускае другога гатунку, гэта сёння дзяржаўная палітыка. І Вы сваёй прапановай лішні раз гэта пацвярджаеце. І гэта ўсё ў незалежнай дзяржаве, ці ў залежнай?

Нарэшце праз 25 гадоў незалежнасці ўзнялі пытанне аб афармленні этыкетак беларускіх вырабаў на беларускай мове. Які ж гвалт учынілі вытворцы! Гэта, маўляў, вымагае грошай, гэта нікому не патрэбна.  Мы страцілі не толькі мову, але і годнасць, павагу да сябе. А такіх ніхто не паважае.

Пакуль дзяржава, нават і ў Вашай асобе, не зразумее, што пытанне адраджэння нацыі – гэта пытанне дзяржаўнае, “каб не ўмёрлі”, то мы страцім яшчэ адно пакаленне пад апладысменты “русского мира”. І тады пра вашу “мяккую беларусізацыю” можна будзе згадаць стары анекдот:

 - Урач пытаецца: “хворы перад смерцю пацеў?” – “Пацеў”. – “Тады добра!”

Мы ж нават баімся абмяркоўваць у газетах, ці на тэлебачанні пытанне аб сучасным стане мовы, яе значэнні, перспектывах, шляхах выхаду з-пад пагрозы знікнення нацыі і краіны. Усе нашы бяззубыя ток-шоў на БТ “ніпрашто”. Ніводнай лёсавызначальнай для краіны тэмы. Баімся “русского мира?” А ён не баіцца вяшчаць на нас свае агрэсіўныя крыклівыя абмеркаванні палітычных падзей, якія павінны фарміраваць у расіян пачуццё вялікадзяржаўнага шавінізму. У гэтым іх дзяржаўны інтарэс. А мы прычым? А жывем та мы у расійскай медыйнай прасторы. Яна фарміруе менталітэт і светапогляд нашых людзей. Пагартайце, спадар дэпутат, каналы Вашага тэлевізара. Іх каля сотні і амаль усе рускамоўныя. Нават беларускія. Такога няма нідзе. Я нават сумняваюся, ці валодаюць мовай нашы дыктары, каментатары і журналісты. Аднойчы пачуў з вуснаў дыктара замест “міністэрства шляхоў зносін” “міністэрства шляхоў паведамленняў”. Яны што там, гуглам перакладаюць?

Вы запытаецеся дык што рабіць? Па-першае не баяцца. Баязліўцы краіну не ратуюць. А па-другое расплюшчыць вочы і паглядзець, як у свеце. Прыклады адраджэння нацый добра вядомы. Ізраіль адрадзіў мову, якая знікла тысячу год таму і існавала толькі ў Талмудзе. Чэхія была амаль цалкам германізаваная за стагоддзі існавання ў аўстра-венгерскай імперыі. Стан чэшскай мовы на момант набыцця незалежнасці краіны пасля першай сусветнай вайны быў падобны на нашу сітуацыю. Першае, што зрабіла дзяржава – адзіная дзяржаўная мова і адукацыя на ёй. Трэба было 15-20 год пакуль гадуецца адно пакаленне, і ў самадастатковасці чэшскай нацыі ўжо ніхто не сумняваецца. Гэтым жа шляхам пайшлі ўсе нашы суседзі, набыўшы незалежнасць. І не разважалі, правільна гэта, ці не, мову ці каўбасу.

Ёсць краіны, дзе некалькі дзяржаўных моў, як, напрыклад Швейцарыя, Канада…. Як там дзяржава забяспечвае іх роўнасць і развіццё? Раскажу на прыкладзе Люксембурга, дзе нядаўна ўдалося пабываць. Маленькі народ у 550 тысяч чалавек на пятачку 80*50 км2 у цэнтры Еўропы паміж такімі імперскімі нацыямі, як Францыя і Германія, здолеў не толькі захаваць незалежнасць, але і люксембургскую мову (ёсць і такая, зусім не падобная ні на французскую, ні на нямецкую), і нацыянальную свядомасць. Уся пачатковая адукацыя ажыццяўляецца на люксембургскай мове, а ў старэйшых класах пачаргова на іншых дзяржаўных мовах – год на французскай, год на нямецкай. У выніку ўсе грамадзяне Люксембурга свабодна валодаюць чатырма (плюс англійская) мовамі, але паміж сабой зносяцца пераважна па-люксембургску. І ніяк ім нацыянальная свядомасць не замінае быць адной з самых заможных краін Еўропы.

А пакуль, шаноўны спадар дэпутат, усё беларускае ў нас будзе другога гатунку, то і краіна, пакуль яна яшчэ ёсць, будзе другога гатунку, і будзе й надалей губляць самую энергічную і таленавітую моладзь. А мы будзем думаць, як нам выхоўваць патрыётаў Беларусі, ці рабіць выгляд, што пра гэта думаем.

              Аляксандр Сядзяка,
настаўнік фізікі. 
(ліст надрукаваны ў газеце "Народная Воля" 09.01.2018 г.)

 

Каментары

Апублікавана mick1 (госць) на

Алесь, крута!!!
Можа быць, хоць каго зачэпіць, хто валода лагічным мысленнем!

Дадаць каментар

Перазагрузіць Type the characters you see in this picture.
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія Вы бачыце на малюнку; калі вы не можаце прачытаць іх, адпраўце форму і для Вас будзе створаны новы вобраз. Не адчувальныя да рэгістра.  Пераключыць на аўдыя-праверку.